Слова арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на ўспамін святых Яўхіма і Ганны, бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі
- 26 ліпеня, 2025
- Catholicminsk.by
«Ласка дала свой плён»
…Іх імёны жывуць з пакалення ў пакаленне.
Народы апавядаюць пра іх мудрасць,
а сход абвяшчае хвалу.
(Сір 44, 15)
Умілаваныя браты і сёстры!
Сёння Касцёл адзначае ўспамін святых Яўхіма і Ганны, бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі. «О шчаслівыя сужэнцы!.. — пісаў пра іх старажытны тэолаг святы Ян Дамаскін. — Перад вамі ў даўгу ўсё стварэнне». Хоць у Евангеллі і ў іншых кнігах Святога Пісання няма згадак пра бацькоў Багародзіцы, іх імёны нам перадала Традыцыя з ІІ стагоддзя: асноўныя звесткі мы можам зачэрпнуць з Протаевангелля Якуба і некаторых іншых раннехрысціянскіх кніг. Яўхім паходзіў з заможнай галілейскай сям’і. Яго імя мела прароцкі сэнс і азначала «падрыхтоўка для Пана». Ганна ж паходзіла з Бэтлеема. Яе імя ў перакладзе з габрэйскай мовы значыць «Божая ласка», што таксама шмат можа растлумачыць нам пра ролю гэтай святой жанчыны ў гісторыі збаўлення. «Натура не асмелілася папярэдзіць ласку: яна засталася без адпаведнага сабе плёну, пакуль ласка не дала свой плён», — так разважаў Ян Дамаскін пра бяздзетную сужэнскую пару, якая доўгі час малілася да Бога аб дзіцяці. Толькі ў сталым узросце па Божай волі яны сталі бацькамі Марыі, якая прынесла радасць усёй зямлі. Праз іх мы атрымалі найцудоўнейшы дар, які Бог абяцаў Абрагаму і яго патомству, — Маці Езуса Хрыста. Паводле апакрыфічных аповедаў, Яўхім памёр тады, калі Марыя была яшчэ маленькай. Невядома калі памерла святая Ганна, але ў некаторых крыніцах згадваецца, што яна дажыла да глыбокай старасці.
Культ бацькоў Багародзіцы распаўсюджваўся разам з марыйным культам. На Усходзе святых Яўхіма і Ганну вельмі шанавалі ўжо ў VI стагоддзі, а на Захадзе — з Х стагоддзя. Паводле Традыцыі яны жылі ў Ерузалеме непадалёк ад святыні, іх дом знаходзіўся каля купальні Бэтэзда. Ужо ў раннехрысціянскія часы туды прыходзілі пілігрымы, жадаючы ўшанаваць месца, у якім, верагодна, нарадзілася Марыя. Тут яшчэ ў IV стагоддзі была збудавана базыліка святой Ганны, у сутарэннях якой паўстаў Грот Нараджэння Маці Божай. Святкаванне ўспаміну святых бацькоў Багародзіцы мае няпростую гісторыю: у розныя часы Касцёл згадваў іх у літургіі то ў асобныя дні, то ў адзін дзень, як гэта адбываецца сёння. У XVI стагоддзі Папа Пій V адмяніў гэтае свята, аргументуючы сваё рашэнне тым, што мы маем занадта мала інфармацыі пра постаці Яўхіма і Ганны. Аднак у хуткім часе Папа Грыгорый ХІІІ вярнуў іх успамін у літургічны каляндар, кіруючыся тым, што культ гэтых святых моцна распаўсюджаны і мае вялікае значэнне ў жыцці вернікаў.
Браты і сёстры. Святыя бацькі Багародзіцы з’яўляюцца для нас прыкладам вытрывалай малітвы і яскравым знакам надзеі на тое, што кожную нашу малітву Бог выслухоўвае. Але толькі Ён найлепей ведае, калі і якім чынам удзяліць нам патрэбныя ласкі, а таксама якія дары нам неабходныя для збаўлення. Яўхім і Ганна больш за 20 гадоў маліліся аб патомстве, вялі праведнае і пабожнае жыццё, пры гэтым цярпліва зносілі прыніжэнне, якое спазнавалі па прычыне сваёй бясплоднасці, бо ў той час гэта лічылася ганьбаю, пакараннем за грахі продкаў. Невядомы аўтар у ІІ стагоддзі заахвочваў: «Не паддаваймася ж расчараванню, калі бачым, што бязбожнікі маюць поспех, а слугі Божыя церпяць пакуты <…> Ніхто з праведнікаў не атрымаў адразу сваёй узнагароды, але чакаў яе. Калі б Бог адразу ўзнагароджваў праведнікаў, мы мелі б справу са свайго роду гандлем, у якім не было б месца праслаўленню. Нашая святасць была б толькі знешняю, бо на самой справе мы імкнуліся б да неадкладнай выгады, а не да пабожнасці». Мяркуючы па-чалавечы, Яўхім і Ганна маглі б за доўгія гады бясплённай малітвы канчаткова расчаравацца, астыць у сваёй веры ці нават адысці ад Бога, пахаваць у душы мару мець дзіця, плён сужэнства. Аднак з апакрыфічных паданняў мы ведаем, што Яўхім адправіўся ў пустэльню, прабываў там на малітве 40 дзён і 40 начэй, спажываючы толькі хлеб і ваду, і са слязьмі ў вялікім смутку прасіў Бога аб міласэрнасці, маліўся аб тым, каб Пан спаслаў яму знак сваёй літасці, як учыніў гэта Абрагаму, якому ў старасці даў дзіця, сына Ісаака. У адной з раннехрысціянскіх кніг згадваецца, што вытрываласць і настойлівасць у малітве прывялі Яўхіма да пастановы: «Не адыду адсюль, не буду ні есці, ні піць, пакуль не наведае мяне Пан і не змілуецца над сваім слугою». Калі ж прайшло 40 дзён посту, у якія Ганна таксама шчыра малілася да Бога, з’явіўся перад Яўхімам анёл Пана і абвясціў, што Бог выслухаў іх малітвы: Ганна зачне і народзіць дзіця, і ўсе народы назавуць гэтае дзіця благаслаўлёным. Такім чынам, постаці святых Яўхіма і Ганны для нас з’яўляюцца выразным прыкладам цярплівасці ў малітве, бо «ў Пана адзін дзень, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў, як адзін дзень. Не марудзіць Пан з выкананнем абяцання, як некаторыя лічаць гэта марудлівасцю, але Ён доўгацярплівы да нас» (1 П 3, 8–9). Мы ў сваю чаргу павінны прасіць з вераю і не прыпадабняцца да марскіх хваляў, якія вецер сумненняў кідае ў розныя бакі, — апостал Якуб называе такую пазіцыю нясталасцю і двудушнасцю (гл. Як 1, 6). Гэта не значыць, што мы павінны перад Богам упарта патрабаваць свайго і быць сляпымі слугамі сваіх жаданняў. Наадварот, тыя нашыя малітвы і просьбы, якія ўсё яшчэ не выслуханыя Богам, павінны быць для нас своеасаблівым арыенцірам у духоўным сталенні і набліжэнні да Бога: павінны схіляць да пошуку Божай волі, нашага паклікання, да выхавання ў нас цноты пакоры, даверу да Бога… Адным словам, кожны наш боль, асабліва той, які духоўна паралізуе, — гэта зыходная кропка найбольшай блізкасці да Пана, гэта магчымасць аддацца Яму дарэшты ў сваёй бездапаможнасці і даверы.
Мае дарагія. Яўхіма і Ганну мы ўшаноўваем як апекуноў сужэнстваў, асабліва тых, якія моляцца аб патомстве, як заступнікаў усіх бацькоў, якія клапоцяцца аб хрысціянскім выхаванні сваіх дзяцей, а таксама як апекуноў усіх бабуляў і дзядуляў, бо іх ўнукам быў Пан наш Езус Хрыстус. Несумненна, Яўхім і Ганна былі вельмі добрымі выхаваўцамі. Цудоўны плён іх любові і малітвы — гэта Найсвяцейшая Панна Марыя. Як адзначаў святы Ян Павел ІІ, «культ святой Ганны далучаецца праз генеалогію мацярынства да самой таямніцы ўцелаўлення. Ён уваходзіць у тую „паўнату часу“, якая наступіла тады, калі „Бог спаслаў Сына свайго, народжанага ад Жанчыны“». Святыя бацькі Марыі для нас увесь час з’яўляюцца «крыніцаю натхнення ў штодзённасці, у сямейным і грамадскім жыцці». З бацькоўскага дому Марыя пераняла багатыя духоўныя традыцыі свайго народа, пазнала прароцтвы аб прыйсці Месіі, навучылася вытрывалай малітве і стойкасці ў выпрабаваннях, якія абавязкова ўзнікаюць на шляху веры. Маючы такі моцны духоўны падмурак, Марыя атрымала яшчэ і выключныя Божыя дары: Яна, Беззаганна Зачатая, была абраная Богам для выканання самай узнёслай і самай цяжкай жаночай місіі — быць Маці Збаўцы. «О найчысцейшыя сужэнцы, Яўхім і Ганна! — усклікаў згаданы ўжо намі святы Ян Дамаскін. — Вы атрымалі праз Божую ласку тое, што пераўзыходзіць натуру <…>, нарадзілі на свет Дачку, больш дасканалую за анёлаў, якая цяпер з’яўляецца Каралевай Анёлаў».
Браты і сёстры. У гэты дзень Касцёл заахвочвае нас задумацца над тэмаю хрысціянскага выхавання, вельмі важнаю ў пастырскай перспектыве. Папа Леў XIV нагадвае, што Касцёл заклікае нас асаблівым чынам «маліцца за бабуляў і дзядуляў, якія ў сям’і з’яўляюцца ахоўнікамі і сведкамі найважнейшых жыццёвых каштоўнасцяў. Выхаваўчая роля бабуляў і дзядуляў заўсёды вельмі важная. Яна становіцца яшчэ больш важнай, калі па розных прычынах бацькі не могуць быць побач са сваімі дзецьмі і ўдзельнічаць у іх жыцці па меры іх сталення». А яго папярэднік, Папа Францішак, загадаў, каб у гэты дзень ва ўсім Касцёле адзначаўся дзень састарэлых людзей, і дадаў «кожны састарэлы чалавек — гэта твая бабуля і твой дзядуля». Мае дарагія, шануйма старасць і дапамагайма тым, хто патрабуе нашай дапамогі і прысутнасці.
Дарагія браты і сёстры! Ва ўспамін святых Яўхіма і Ганны я заахвочваю вас рупліва ўзрошчваць у сваіх душах цноты трывалай веры, мудрай надзеі і бязмежнай любові па прыкладу бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі. Памятаючы пра міласэрнасць Бога, які спаслаў на іх чаканае благаслаўленне, я малюся аб тым, каб у вашых сем’ях заўсёды панавалі згода, любоў і вернасць, і ад усяго сэрца благаслаўляю: у Імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.