Слова арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на Урачыстасць святога Юзафа
- 18 сакавіка, 2025
- Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі // Catholicminsk.by

Фота: Msj.by
Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!
Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі. Звесткі пра жыццё святога Юзафа мы знаходзім у многіх крыніцах. Адной з іх з’яўляюцца апокрыфы, якія распавядаюць пра паходжанне святога Юзафа, пра сужэнства з Марыяй, яго прафесію і смерць. Аднак у Евангеллях, якія для хрысціян з’яўляюцца асноўнай крыніцай інфармацыі пра апекуна Езуса, яму прысвечана няшмат тэксту і толькі 14 разоў згадваецца яго імя. Магчыма, недастаткова, каб на гэтай аснове зрабіць жыццяпіс святога Юзафа, але дастаткова, каб даведацца, якім быў гэты чалавек.
Яго часта называюць апошнім патрыярхам і першым сапраўдным мужчынам. Мы ведаем, што святы Юзаф памёр у прысутнасці сваіх самых блізкіх і любімых людзей, Езуса і Марыі. Мы ведаем, што ён пакінуў гэты свет раней, чым Хрыстус распачаў сваю публічную дзейнасць. Аднак мы не ведаем, дзе ён пахаваны. Рэліквіі святога Юзафа не знойдзены. Меркаваная магіла знаходзілася ў пячоры пад базылікай Звеставання ў Назарэце або, паводле іншых звестак, у даліне Язафата ў Ерузалеме, але ў гэтай даліне была знойдзена яго пустая магіла. Паводле пабожных легендаў, у дзень уваскрасення Пана Езуса святы Юзаф цудоўным чынам быў уваскрэшаны з мёртвых і ўзяты на неба.
У навучанні Папаў, хіба, ніводзін святы пасля Багародзіцы Марыі не займае столькі ўвагі, колькі Юзаф, Яе Абраннік. Каб падкрэсліць яго цэнтральную ролю ў гісторыі збаўлення, Папа Пій ІХ абвясціў яго апекуном Каталіцкага Касцёла, Папа Пій ХІІ — апекуном працаўнікоў, а святы Ян Павел ІІ — апекуном Збаўцы. Святы Юзаф з’яўляецца апекуном таксама хрысціянскіх сужэнстваў і сем’яў, сіротаў, рамеснікаў, цесляроў, лесарубаў, сталяроў, выгнанцаў, бяздомных і апекуном добрай смерці. Яго папулярнасць была вядома з ранняга хрысціянства, дзеля ўшанавання гэтага святога складаліся малітвы, вяночкі, гадзінкі, пазней з’явіліся навэнны і набажэнствы ў сераду, якая асаблівым чынам прысвечана гэтаму святому. А з XIX стагоддзя месяцам, прысвечаным святому Юзафу, сталі лічыць сакавік. З XVI стагоддзя захаваліся тэксты Літаній да святога Юзафа, з якіх адна была афіцыйна зацверджана святым Папам Піем Х.
З заклікаў Літаній ў яго гонар, што былі складзены пабожнасцю пакаленняў вернікаў, можна лепш уявіць, кім для нас з’яўляецца святы Юзаф. 1 мая 2021 г. Апостальская Сталіца абвясціла сем новых заклікаў у Літаніі да святога Юзафа: Ахоўнік Адкупіцеля, Слуга Хрыста, Слуга збаўлення, Падтрымка ў цяжкасцях, Апякун выгнаннікаў, Апякун церпячых, Апякун бедных. Да гэтых тытулаў святога Юзафа можна дадаць яшчэ адзін: Святы, які вельмі блізкі да нас. Без сумнення, Юзаф — вялікі святы. Яго веліч вынікае найперш з ролі, якую ён атрымаў у справе збаўлення, з яго пазіцыі ў адносінах да Уцелаўлёнага Слова Божага. Яго веліч крыецца яшчэ і ў тым, што ён заўсёды заставаўся верным Богу і сваёй місіі апекуна, якая яму была даверана. Нягледзячы на цяжкую працу, нягледзячы на клопаты, розныя праблемы і перашкоды ён заставаўся чалавекам малітвы, адкрытасці і паслухмянасці Божаму слову. Ён таксама да канца застаўся верным любові Езуса і Марыі. І гэта, бадай, найпрыгажэйшы ўрок, які мы можам атрымаць ад гэтага святога.
Святы Юзаф па волі Бога Айца ўдзельнічае ў найвялікшай таямніцы гісторыі збаўлення. У Апостальскім лісце Patris corde, прысвечаным святому Юзафу, Папа Францішак падкрэслівае: «Веліч святога Юзафа ў тым, што быў ён абраннікам Марыі і бацькам Езуса. Такім чынам, па словах святога Яна Хрызастома, ён «стаў слугою паўсюднага плану збаўлення».
У Евангеллі гаворыцца толькі аб тым, што святы Юзаф зрабіў, але што ён сказаў, не паведамляецца. Нягледзячы на гэта, мы ведаем яго як чалавека гераічнай веры, які ў маўчанні кажа сваё «так», прымаючы і выконваючы задуму Божай волі. Святы Юзаф — чалавек, які слухае Бога. Нават у тыя моманты, якія з чалавечага пункту гледжання здаюцца нелагічнымі, у сваім сэрцы ён пакорліва суадносіць свае думкі з тым, што кажа яму Бог. Святога Юзафа можна назваць сімвалам таго, хто прамаўляе да нас сваім маўчаннем. Сёння кожны дзень, у тым ліку праз розныя электронныя гаджэты і сеткі, мы чуем занадта шмат слоў, прамоваў, рэкламаў. Таму прыклад чалавека, які нічога не гаворыць, але сваімі ўчынкамі, сваім стаўленнем паказвае вартасць жыцця, для нас вельмі красамоўны. Кажуць, цішыня прамаўляе гучней за ўсё. Гэтую цішыню прыносіць сёння ў шумны і занадта гаманлівы свет святы Юзаф. Святы Юзаф сваім маўчаннем прамаўляе да нас, сучасных людзей, да тых, хто столькі часу марнуе на пустаслоўе. У сваёй прастаце святы Юзаф здольны зразумець самыя патаемныя і глыбокія таямніцы; застаючыся непрыкметным, ён прысутнічаў у вырашальныя моманты гісторыі чалавецтва.
У святога Юзафа ўсім мужчынам належыць вучыцца сапраўднаму бацькоўству. Святы Павел VI адзначаў: «Айцоўства святога Юзафа выяўлялася менавіта ў тым, што ён учыніў сваё жыццё служэннем, прынёс яго ў ахвяру таямніцы ўцелаўлення і спалучанай з ёй місіі адкуплення; выкарыстаў сваю ўладу, якая законна належала яму ў Святой Сям’і, каб цалкам учыніць сябе, сваё жыццё, сваю працу дарам; ператварыў уласнае чалавечае пакліканне да сямейнай любові ў звышчалавечае ахвяраванне сябе, свайго сэрца і ўсіх здольнасцяў у любоў, аддадзеную на служэнне Месіі, які рос у яго доме».
Святога Юзафа можна назваць таксама чалавекам надзеі, бо каму ж магла даверыцца Найсвяцейшая Панна пасля таго, як сказала Богу сваё ўпэўненае «fiat» («няхай мне станецца»)? Яна магла даверыцца толькі праведнаму Юзафу, які быў для Яе надзейным і верным чалавекам надзеі. Марыя была ўпэўнена, што дзякуючы яго пазіцыі і вытрываласці ў веры Яна зможа выканаць Божую волю. Мяркую, усё жыццё Святой Сям’і было асаблівай пілігрымкай надзеі, бо яны неслі свету Надзею Збаўлення — нашага Збаўцу Езуса Хрыста. Таму нам патрэбна маліцца і прасіць, каб Езус учыніў і нас умелымі пілігрымамі, якія пакліканы несці надзею іншым.
У жыцці святога Юзафа важнае значэнне мела таксама яго ўнутранае жыццё. Ён быў здольны выконваць Божую волю, таму што вёў глыбокае духоўнае жыццё, якое кіравала яго паводзінамі і было для яго крыніцай асаблівага суцяшэння. Менавіта з унутранага жыцця ён чэрпаў разважлівасць і сілу для сваіх жыццёвых рашэнняў. Караль Вайтыла, будучы Папа Ян Павел ІІ, успамінае свой родны дом, калі пасля смерці маці і брата ён застаўся сам-насам з бацькам. Ён успамінае: «Я часта бачыў, як мой бацька, прыйшоўшы з працы, заходзіў у свой пакой і заглыбляўся ў малітве. Я часта бачыў, як ён, стоячы на каленях каля ложка пры запаленай свечцы, часам у цемры, маліўся. А я, будучы юнаком, непрыкметна назіраў за гэтай малітвай майго бацькі і павінен сказаць, што гэта была мая першая духоўная семінарыя ў маім доме!»
Папа Францішак, адкрываючы Год святога Юзафа, сказаў: «Цудоўна разважаць над тым, што Сыну Божаму, падобна, як і ўсім дзецям, была патрэбна цеплыня сям’і. Вось чаму сям’я з Назарэта з’яўляецца ўзорнай сям’ёй, у якой усе сем’і свету могуць знайсці верны арыенцір і натхненне». Менавіта дзякуючы ролі, якую Бог даручыў Юзафу выконваць у сям’і нашага Збаўцы, ён стаў апекуном кожнай чалавечай сям’і. Хрысціянскія сужэнцы і веруючыя сем’і могуць шукаць у святога Юзафа такую ж падтрымку, дапамогу і абарону, якую ён змог аказаць Святой Сям’і з Назарэта».
Браты і сёстры. Няхай святы Юзаф, гэты вялікі апякун сённяшняга дня, заступаецца за нас, асабліва за бацькоў, каб, будучы моцнымі ў веры, яны былі надзейнымі апекунамі сваіх сем’яў і сапраўднымі абаронцамі дару жыцця і хрысціянскіх каштоўнасцяў.
Святкуючы ўрачыстасць святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, даручым Богу праз няспыннае заступніцтва гэтага святога тых маладых людзей, якія рыхтуюцца да сакрамэнту сужэнства, даручым сужэнцаў, бацькоў і дзяцей. Даверым святому Юзафу хрысціянскія сужэнствы і сем’і. Няхай той, хто апекаваўся Святой Сям’ёй з Назарэта, выпрошвае для іх неабходныя ласкі і атуляе іх сваёю апекай. Святы Юзэфе, будзь айцом таксама і для нас, вядзі нас на шляху нашага жыцця. Выпрасі для нас ласку, міласэрнасць і адвагу, абараняй нас ад усяго злога.
На святкаванне гэтай вялікай Урачыстасці няхай вас благаславіць Бог Усемагутны: Айцец, Сын і Дух Святы. Амэн.