Skip to main content

Слова арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, на Папяльцовую сераду

5 сакавіка
  • 4 сакавіка, 2025
  • Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі // Catholicminsk.by

Тэкст для друку ТУТ>>>

Крочма разам у надзеі

Дарагія браты і сёстры!

Сёння ў Каталіцкім Касцёле распачынаецца Вялікі пост — асаблівы час засяроджанасці на Асобе нашага Збаўцы Езуса Хрыста, на Яго бязмежнай любові, вялікай ахвяры, на Яго смерці і ўваскрасенні.

        Традыцыя саракадзённага посту была вядома яшчэ ў старажытнасці. З Евангелля мы ведаем, што Езус правёў 40 дзён у пустыні, дзе сатана спрабаваў Яго спакусіць. Таму і для нас перыяд Вялікага посту павінен быць такім своеасаблівым прабываннем ў пустыні, змаганнем з усімі праявамі атакаў злога духа ў нашым жыцці, у нашай дзейнасці, працы ці вучобе, у нашых адносінах з бліжнімі.

          Сённяшняя серада называецца Папяльцовай, бо яе назва звязана з абрадам пасыпання вернікаў попелам. Гэты рытуал папа Урбан II зацвердзіў у 1091 годзе і зрабіў абавязковым у першую сераду Вялікага посту. Тады ж было ўстаноўлена, што попел павінен быць падрыхтаваны са спаленых вербачак ці пальмаў, асвечаных у Вербную нядзелю мінулага года. Чаму выкарыстоўваецца менавіта попел? Ён з’яўляецца напамінам аб хуткаплыннасці чалавечага жыцця, а таксама знакам ачышчэння. Але не толькі. Гэта таксама сімвал Езуса Хрыста. Ужо ў раннім хрысціянстве на фрэсках і мазаіках часта змяшчалі выяву птушкі Фенікса, якая сімвалізавала Хрыста, бо паводле легендаў гэтая птушка пастаянна адраджаецца з попелу, а Хрыстус з’яўляецца трыумфам вечнага жыцця. Таму сёння мы распачынаем падрыхтоўку да гэтага трыумфу, да найвялікшага свята хрысціянскай веры — Вялікадня, Уваскрасення Пана нашага Езуса Хрыста.

          Рытуал пасыпання вернікаў попелам нагадвае нам, што тут, на зямлі, усе мы толькі пілігрымы. Калі падчас пасыпання попелам мы чуем словы святара «Памятай, што ты прах і ў прах вернешся», то ўсведамляем праўду пра наш чалавечы стан, нашу прамінальнасць і пакліканне да вечнага жыцця. Дарэчы, у некаторых краінах у Папяльцовую сераду попелам крэсляць знак крыжа на чале верніка, і яны ходзяць з гэтым знакам увесь дзень, не саромеючыся і не звяртаючы ўвагу на здзіўленыя позіркі іншых ці нават на іх кпіны і абразы. Такім чынам, адважна пражываючы гэты дзень, вернікі сведчаць аб сваёй прыналежнасці да Хрыста і Яго вучэння.

          Напэўна, ад попелу, якім сёння пасыпаны нашы галовы, заўтра не застанецца і следу. Але калі мы гаворым пра Вялікі пост, то маем на ўвазе зусім не попел, а тое, што пад ім схавана. У распаленым вогнішчы агонь часта тлее пад слоем прысаку вельмі доўга, нават некалькі дзён. Дастаткова разгарнуць попел і дзьмухнуць на вугалькі, каб агонь зноў разгарэўся прыгожым полымем. Падобна і з чалавечым сэрцам. Яно часта загараецца вераю і палымнее высакароднымі намерамі, запальваецца міласэрнасцю і дабрынёю, але тысячы справаў, клопатаў і непрыемнасцяў, як попел, засыпаюць нашыя сэрцы. Таму перыяд Вялікага посту — гэта вельмі добры час, каб адгарнуць сімвалічны попел нашай душы і нанава распаліць нашыя сэрцы верай, надзеяй і любоўю. Бо наш Усемагутны Айцец з праху, з попелу, з бруду ў любы момант можа стварыць новае і вартаснае жыццё. І менавіта імкненне да абнаўлення нашага жыцця ў Вялікім посце павінен сімвалізаваць попел Папяльцовай серады, якім сёння пасыпае нашыя галовы святар.

          Літургічныя чытанні ў гэты дзень заклікаюць нас, каб мы праз пост, міласціну і малітву змаглі змяніць нашае жыццё; да гэтага заклікае нас Евангелле, заахвочваюць Апосталы і святыя. Так, святы Пётр Хрызалог, доктар Касцёла V стагоддзя, пісаў: «Ёсць тры рэчы, на якіх трымаецца вера. Гэта малітва, пост і справы міласэрнасці. (…) Няхай іх ніхто не раздзяляе. Бо душою малітвы з’яўляецца пост, а жыццём посту з’яўляецца міласэрнасць. Калі хтосьці мае толькі адну з гэтых рэчаў, той нічога не мае. Таму той, хто моліцца, няхай посціць, а той, хто посціць, няхай здзяйсняе справы міласэрнасці».

Браты і сёстры. Няпроста змяніць сваё жыццё, нялёгка радыкальна паверыць у Евангелле і жыць праведна… не толькі для звычайнага чалавека. Няпроста гэта было і для тых, каго Касцёл далучыў да ліку святых. Многія з іх пакінулі нататкі пра сваё навяртанне і духоўнае змаганне, пра свае «цёмныя ночы» веры. «У самых патаемных закутках нашых сэрцаў, — пісаў святы Ян ад Крыжа — ёсць «трон». А на ім зручна сядзіць нашае «я» і яно не мае намеру нікому саступаць месца. Калі мы запросім туды Бога, то Яго любоў унутрана паяднае нас і паступова дазволіць нам пазбавіць трону нашае «я». Калі Бог на сваім месцы, гэта значыць на троне нашага сэрца і жыцця, то і ўсё астатняе знаходзіцца таксама на сваім месцы. Таму мы павінны дазволіць Богу «перамяняць» сябе на Яго вобраз. І гэта нялёгка, таму што мы да гэтага не прывыклі. Чалавек падсвядома не хоча аддаваць ініцыятыву Богу. Ён не хоча, каб Бог дзейнічаў у ім і перамяняў яго. Нашае «я» хоча вызначаць кірунак нашага жыцця, хоча заўсёды валодаць ініцыятывай. Глыбокае ўнутранае навяртанне — гэта працэс і адначасова адно з найважнейшых заданняў «цёмнай ночы». Гэта патрабуе ад нас быць гатовымі ахвяраваць сябе, адрачыся ад самога сябе, патрабуе ахвяры».

          Папа Францішак, абвяшчаючы Юбілей 2025 года, заахвочвае ўсіх нас карыстацца сакрамэнтам паяднання. «Няма лепшага спосабу пазнаць Бога, чым нашая згода, каб Ён прымірыў нас з сабою, радуючыся Яго прабачэнню. Не адмаўляйцеся ад споведзі, але адкрыйце нанова прыгажосць сакрамэнту аздараўлення і радасці, прыгажосць прабачэння грахоў», — піша папа Францішак у Юбілейнай буле. Няхай таксама словы святой сястры Фаўстыны, Апосталкі Божай Міласэрнасці, падбадзёраць тых, хто вагаецца ў сваім намеры пакаяцца і паяднацца з Богам: «…нават калі б на маім сумленні былі грахі ўсяго свету і грахі ўсіх асуджаных душаў, — піша яна ў сваім Дзённіку, — я не сумнявалася б у Божай дабрыні і без ваганняў кінулася б у бездань Божай міласэрнасці, якая заўсёды адкрытая для нас, і з сэрцам, скрушаным у пыл, я кінулася б да Яго падножжа, цалкам аддаючыся Яго святой волі, якая — сама міласэрнасць» (Дз. 1552).

          Мае дарагія. Юбілейны 2025 год пад дэвізам «Пілігрымы надзеі» з’яўляецца для нас заклікам аднавіць надзею, якая вынікае з веры. І гэта можа быць нашым заданнем на Вялікі пост. Гэта павінна адбывацца ў нашым штодзённым жыцці, праз выкананне нашых абавязкаў і працы. Сам Езус даў нам наказ, які гаворыць нам пра важнасць якасці нашага штодзённага жыцця: «Верны ў малым — і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым — несправядлівы і ў вялікім» (Лк 16, 10). Такім чынам, у нашай шэрай штодзённасці мы павінны імкнуцца да святасці, каб атрымаць узнагароду вечнага жыцця. Дэвіз «Пілігрымы надзеі» азначае, што людзі, з якіх складаецца Касцёл, кіраваныя Духам Святым, ідуць следам за Хрыстом да Дому Айца. Мы заўсёды павінны глядзець вачыма веры, таму што, як бы ні было цёмна, мы жывем радасцю, што Бог нас любіць. І ў гэтым наша надзея. Хрысціяне павінны быць людзьмі «пасхальнай радасці» і веры ва Уваскрослага Хрыста. Бо Вялікі пост з’яўляецца перыядам аднаўлення нашага запавету з Богам.

          Браты і сёстры. Попел Папяльцовай серады можа часам навейваць смутак. Але гэты абрад павінен абуджаць і вялікую надзею, бо ўсё ж Бог стварыў чалавека з пылу зямнога. І Бог абяцае, што Ён таксама ўваскрасіць наша цела да вечнага жыцця. А каб упэўнена ісці па зямным жыцці і дасягнуць шчаслівай вечнасці, нам трэба стаць залежнымі ад Бога. Так, як раіў тры стагоддзі назад айцец Елісей, манах і вялікі шанавальнік Найсвяцейшай Панны Марыі: «Чым больш ты будзеш залежным ад Бога, тым больш будзеш вольным. Вольным ад страху, таму што Бог нічога не баіцца і ўсё можа (Ён Усемагутны!). Вольным ад смутку, таму што Бог з’яўляецца радасцю і напаўняе нас ёю. Вольным ад рознага роду хлусні, таму што Бог — гэта Праўда. Ты будзеш вольным перш за ўсё ад граху, таму што Бог — гэта святасць» (паводле «АВС асабістага аддання Марыі»).

Таму сёння просім: дапамажы нам, Пане Езу, каб дзякуючы Вялікаму посту, мы змаглі шчырым сэрцам паяднацца з Табою — Дарогаю, якая вядзе да збаўлення, Праўдаю, якая вызваляе, Жыццём, якое не ведае смерці…

          Няхай Панна Марыя, Маці Надзеі, заступаецца за нас і суправаджае нас на нашым велікапосным шляху.

          На плённае перажыванне Вялікага посту з пажаданнем моцы духу, аднаўлення веры, надзеі і любові шчырым сэрцам благаслаўляю:
у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 4 сакавіка 2025 года
Ва ўспамін святога Казіміра