Слова арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ва ўспамін Маці Божай Ружанцовай
- 4 кастрычніка, 2025

Каралева Ружанца Святога – давяраем Табе наш народ і нашу Айчыну
О Беззаганна, Святая Пані,
Нявінна, быццам лілеі цвет.
Святы ружанец трымаеш, Маці,
Да Сына клічаш наш грэшны свет… (З песні «О Беззаганна»)
Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!
7 кастрычніка Каталіцкі Касцёл ушаноўвае Найсвяцейшую Панну Марыю ў Яе тытуле «Каралева Ружанца святога». Гэтае свята было ўстаноўлена і ўведзена ў літургічны каляндар Папам Піем V 7 кастрычніка 1571 года. Пій V, дамініканін, заклікаў усю хрысціянскую Еўропу да малітвы Ружанцам, просячы аб дапамозе ў абароне веры. З таго часу ружанцовая малітва атрымала настолькі вялікае распаўсюджанне ў паўсюдным Касцёле, што папа Леў XIII у 1883 годзе дадаў да Ларэтанскай літаніі заклік «Каралева Ружанца святога, маліся за нас».
Браты і сёстры. Нягледзячы на тое, што ружанцам мы молімся ў нашых святынях і сем’ях круглы год, традыцыя чытання гэтай малітвы ва ўрачыстай форме, асабліва ў кастрычніку, з’явілася толькі ў часах пантыфікату Папы Льва XIII. Варта нагадаць, што ружанец бярэ свой пачатак з XIII стагоддзя, калі святы Дамінік пачаў распаўсюджваць гэтую марыйную малітву публічна. А само слова «ружанец» асацыюецца з ружай, якая з’яўляецца сімвалам Найсвяцейшай Панны Марыі. Таму кожная нашая малітва «Вітай, Марыя…» — быццам прыгожая ружа, якую мы дорым Марыі.
Мае дарагія! Падчас сваіх аб’яўленняў Найсвяцейшая Панна Марыя часта з’яўлялася з ружанцам у руках. У Парыжы, аб’явіўшыся ў 1830 годзе святой Кацярыне Лябурэ, Яна паказала свае рукі, упрыгожаныя пятнаццаццю каштоўнымі пярсцёнкамі, тым самым указваючы на 15 таямніц ружанца.
Цяжка пералічыць тых святых і благаслаўлёных, якія праз ружанец знайшлі сапраўдны шлях да святасці. Дастаткова згадаць святога Людвіка Марыю Грыньёна дэ Манфора, аўтара каштоўнага твора пра Ружанец, а таксама святога Максімільяна Марыю Кольбэ, які нёс служэнне на нашых землях і ў Гродне выдаваў часопіс «Рыцар Беззаганнай». Асаблівую ж ласку як сапраўдны апостал ружанца меў благаслаўлёны Бартола Лонга, які ў гэтым ружанцовым месяцы будзе кананізаваны Папам Львом XIV. Ягоны шлях да святасці адбываўся па натхненні, якое ён адчуў у глыбіні сэрца: «Хто пашырае Ружанец, той збаўлены!» Таму ён адчуваў сябе пакліканым збудаваць у Пампеі святыню Маці Божай Ружанцовай каля руінаў старажытнага горада, да якога толькі паспела дайсці хрысціянскае вучэнне.
Многія Рымскія Пантыфікі заахвочвалі да ружанцовай малітвы, падкрэсліваючы евангельскі характар ружанца і яго хрысталагічную сутнасць. Руплівым і адданым апосталам Марыі быў Папа Ян Павел ІІ. У 2002 годзе ён напісаў Апостальскі ліст пра ружанец (Rosarium Virginis Mariae), у якім нагадаў пра важную ролю ружанца ў жыцці Касцёла.
(RVM, 1).
У шматлікіх аб’яўленнях за апошнія дзвесце гадоў Найсвяцейшая Панна Марыя просіць сваіх дзяцей, а значыць, і нас, аб адным: аб малітве на ружанцы, аб духу навяртання і перамене жыцця. У аб’яўленні ў Фаціме Марыя сказала, што свет можна выратаваць ад знішчэння праз ружанцовую малітву. Фацімскія дзеці, Францішак, Гіяцынта і Люцыя, расказвалі, што Маці Божая прыходзіла заўсёды з ружанцам у руках. Касцёл прыняў гэтае фацімскае пасланне і заклікае нас маліцца, каб выпрасіць літасці ў нашага Нябеснага Айца. Кардынал Казімір Свёнтэк, які ў 1995 г. сустракаўся з візіянеркай Люцыяй у Фаціме, заўсёды заахвочваў да гэтай Марыйнай малітвы. Сястра Люцыя падаравала яму зроблены ёю ружанец, на якім Яго Эмінэнцыя заўсёды маліўся за Касцёл у Беларусі, за святароў і аб новых святарскіх пакліканнях. Малітва на ружанцы была любімай малітвай кардынала. Нягледзячы на занятасць, ён заўсёды знаходзіў час, каб заглыбіцца ў таямніцы ружанца і даручыць Марыі ўсе справы беларускага народа.
Ружанцовая малітва — гэта адно з тых марыйных набажэнстваў, якое сёння вельмі хутка развіваецца ў нашых дыяцэзіях. У многіх парафіях існуюць малітоўныя групы — колы Жывога ружанца. Вельмі радасна, што моладзь таксама актыўна арганізуе такія малітоўныя групы, а ў апошнія гады арганізаваліся мужчынскія колы Жывога ружанца, чым мы вельмі ганарымся. На працягу ўжо 30 гадоў у парафіях Беларусі існуе Міжнародны Фацімскі Ружанец — вернікі, якія належаць да яго, моляцца ў інтэнцыі трыумфу Беззаганнага Сэрца Марыі. Пашырэнню ружанцовых набажэнстваў актыўна садзейнічаюць рэлігійныя рухі і супольнасці, асабліва «Легіён Марыі». Ружанец штодзённа гучыць праз «Радыё Марыя», ружанцовыя разважанні паводле слоў ці твораў розных святых змешчаны таксама на каталіцкіх інтэрнэт-старонках.
Мае дарагія.
Святы Ян Павел ІІ у Апостальскім лісце пра ружанец зазначае: «Ружанец Панны Марыі, паступова развіўшыся пад натхненнем Божага Духа ў другім тысячагоддзі, стаў для многіх святых улюбёнай малітвай. У сваёй прастаце і глыбіні яна дайшла да трэцяга тысячагоддзя, застаючыся вельмі дзейснаю малітваю, якая прыносіць плады святасці. Яна моцна ўгрунтавана на духоўнасці хрысціянства, якое за дзве тысячы гадоў нічога не страціла са сваёй першапачатковай свежасці і адчувае, што Дух Божы натхняе яго “выплысці на глыбіню”, каб расказваць свету і нават “крычаць” пра Хрыста як пра Пана і Збаўцу, як пра “дарогу, праўду і жыццё” (пар. Ян 14, 6), як “пра завяршэнне чалавечай гісторыі, як пра кропку, у якой супадаюць жаданні гісторыі і цывілізацыі”» (RVM, 1).
Неаднаразова Марыя звяртала ўвагу на ружанец як на найбольш эфектыўную зброю супраць сатаны і яго дэманаў і казала, што праз малітву і пост можна спыніць не толькі войны, але і стыхійныя бедствы. Касцёл у Беларусі імкнецца пашыраць ружанцовую малітву, каб выпрасіць Божую міласэрнасць і літасць для свету, каб заахвоціць людзей да пакаяння і перамены жыцця, як прасіла Маці Божая Фацімская.
На працягу кастрычніка, па традыцыі, у Каталіцкім Касцёле праводзяцца ружанцовыя набажэнствы. Кожны год ва ўсім свеце ў кастрычніку католікі арганізуюць ружанцовае набажэнства «Мільён дзяцей моліцца на ружанцы». Сёлета яно адбудзецца 7 кастрычніка ўжо ў дваццаты раз. Вельмі радуюся, што кожны год да гэтай міжнароднай малітоўнай акцыі актыўна далучаюцца нашыя дзеткі з усіх дыяцэзій Беларусі. Дзякую дзецям, а асабліва вам, дарагія бацькі, што далучаеце да супольнай малітвы сваіх дзетак.
Як вы напэўна ведаеце, з 4 кастрычніка ў нашым касцёле на Беларусі распачалася Навэнна, прысвечаная малітоўнай падрыхтоўцы да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста і ўдзячнасці за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, да якой шчыра запрашаю далучыцца ўсіх вернікаў. Таксама 4 кастрычніка ў Магілёве адбыўся Ружанцовы кангрэс, прысвечаны Маці Божай Успамозе Хрысціянаў. А пачынаючы з гэтага года вернікі Касцёла на Беларусі на працягу «Тыдня Бацькоўскай любові», што адзначаецца ў нашай краіне з 14 па 21 кастрычніка, будуць асаблівым чынам маліцца праз заступніцтва Багародзіцы Марыі за бацькоў, аб умацаванні сямейных каштоўнасцяў у нашым грамадстве.
Браты і сёстры. Ружанец — гэта асаблівая малітва, гэта шлях да Езуса, які з’яўляецца Князем Спакою і «нашым спакоем» (Эф 2,14). Таму Папа Леў XIV заклікае сёлета прысвяціць гэтыя набажэнствы ў інтэнцыі спакою ў свеце «асабіста, у сям’і і супольнасці».
На плённую ружанцовую малітву ў нашых касцёлах, капліцах, дамах і сем’ях, перад Хрыстом у Найсвяцейшым Сакрамэнце, фігурай Маці Божай або на шпітальным ложку ў самоце сваёй хваробы праз заступніцтва Маці Божай, Каралевы Ружанца святога, ад усяго сэрца благаслаўляю:
У Імя Айца, і Сына, і Духа Святога.
Каралева Ружанца Святога — маліся за наш народ і нашу Айчыну. Амэн.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі