Skip to main content

Слова арцыбіскупа Станеўскага на свята Ахвяравання Пана

2 лютага
  • 1 лютага, 2025
  • Тэкст: арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, выява ілюстрацыйная

Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!

2 лютага ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца свята Ахвяравання Пана. Гэтае свята прыпадае на саракавы дзень пасля Божага Нараджэння. У літургію Каталіцкага Касцёла яно было ўведзена ў 492 годзе папам святым Геласіем і адносіцца да біблійнай падзеі прадстаўлення Езуса ў Ерузалемскай святыні. Згодна з законам Майсея, на саракавы дзень пасля нараджэння першынца кожная габрэйская сям’я была абавязана прынесці яго і ахвяраваць Богу. У гэтым абрадзе ёсць глыбокі сэнс і значэнне. Езус — Адзінародны Сын Божы, ахвяраваны ў святыні, з’яўляецца самым дасканалым Ягнём, прынесеным у ахвяру за грахі свету. Літургія Ахвяравання ў святыні паказвае непарыўную сувязь Уцелаўлення, Божага Нараджэння і Уваскрасення. Аб’ядноўвае іх бясконцая ахвярная любоў Сына Божага. Такім чынам, Ахвяраванне Пана з’яўляецца прадвесцем ахвяры Хрыста на крыжы, калі Ён складзе Сябе як ахвяру адкуплення за грахі чалавецтва. Таму прарок Сімяон прадказвае Марыі: «Дзіцятка гэтае прызначана на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць». Cвяты Евангеліст Ян падкрэслівае: Хрыстус — гэта Святло праўдзівае, што асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет. Ці гэта азначае, што Хрыстус павінен быць Святлом майго жыцця? Яркае святло існуе не для таго, каб у яго ўзірацца, бо можна страціць зрок. Святло існуе для таго, каб асвятляць тое, што вакол нас, каб з яго дапамогаю мы маглі выразна бачыць, рухацца, выконваць неабходныя справы, каб маглі жыць камфортна і больш плённа працаваць. Без святла нас агортвае цемра. Калі няма святла, то нават самыя прыгожыя і каштоўныя творы мастацтва і прадметы не заўважаюцца, мы не можам іх убачыць, палюбавацца імі.

Браты і сёстры. Хрыстовае Святло дадзена нам, каб вочы нашыя ўбачылі сэнс і значэнне нашага жыцця, каб мы зразумелі, што на гэтым свеце мы не самотныя, што ёсць на гэтым свеце і іншыя людзі, нашы браты і сёстры. Але святло існуе таксама для таго, каб дапамагчы нам пасталець і ўсвядоміць канчатковы сэнс і мэту нашага жыцця, каб з дапамогай гэтага Святла нашыя «вочы ўбачылі Збаўленне», каб гэтае Святло прасвятляла нас, каб мы не блукалі ў цемры. Ахвяраванне Пана, безумоўна, мае глыбокае біблійнае і месіянскае значэнне, але яно таксама і для нас мае збаўчае значэнне. Менавіта Ахвяра, прынесеная Езусам добраахвотна, з’яўляецца пачаткам нашага збаўлення, вызвалення з няволі і цемры граху, асветленай святлом Хрыстовай ласкі. Гэта таксама запрашэнне прысвяціць, ахвяраваць сябе Богу Айцу Стварыцелю, таму што толькі так мы можам быць захаваныя ад вечнай згубы.

Свята Ахвяравання Пана ў народзе называюць святам Маці Божай Грамнічнай або грамніцамі. Народны паэт Якуб Колас у сваёй паэме “Рыбакова хата” выкарыстоўвае гэтую назву: “Ужо мінулі і грамніцы, Аселі пругкія снягі, І дзень на новыя граніцы Свае заносіць берагі…”

У гэтае свята традыцыйна благаслаўляюцца свечкі, якія вернікі прыносяць у святыню. Полымя свечак сімвалізуе Езуса Хрыста. Гэты сімвал звязаны са словамі старца Сімяона, які, як сказана ў Евангеллі, узяў Езуса на рукі і сказаў, што Ён з’яўляецца Святлом для асвятлення язычнікаў. Благаслаўлёныя свечкі людзі называюць грамнічнымі ці грамніцамі. Назва «грамніцы» паходзіць ад слова «гром», грымотны. У народнай традыцыі лічылася, што грамнічная свечка ахоўвае хату ад маланкі, таму падчас навальніцы іх запальвалі і ставілі на акне, молячыся, каб Бог суцішыў буру, грымоты і маланкі. Благаслаўлёныя ў гэты дзень свечкі запальвалі пры цяжка хворых, выкарыстоўвалі таксама, благаслаўляючы дзяцей ці родных у дарогу, давалі ў рукі канаючым, каб засцерагчы іх ад страху перад адыходам у вечнасць.

Любыя браты і сёстры! Нашае жыццё было прынесена ў ахвяру Богу падчас святога Хросту. У сакрамэнце Хросту мы атрымалі дар ад Бога, дзякуючы якому маем звышнатуральную здольнасць прысвячаць сябе Яму і жыць у еднасці з ахвярай Езуса Хрыста. Прыняць пазіцыю ахвяравання азначае аддаць Богу права распараджацца нашай асобай, гэта значыць ахвяраваць Яму ў дар самае каштоўнае — нашу свабоду, дазволіць толькі Яму распараджацца нашым жыццём. Гэта азначае сказаць Богу: Божа, па Тваёй волі ўчыні са мною ўсё, што хочаш. Гэта азначае адмовіцца ад жыцця паводле свайго ўяўлення, паводле сваіх жаданняў. Такое стаўленне верніка атаясамліваецца з сапраўднай любоўю Бога, бо любоў — гэта дар, гэта прысвячэнне самога сябе. Аднак нельга любіць Бога, не любячы чалавека. Такая любоў была б падманам. Таму ахвяраваць сябе Богу ў канчатковым выніку азначае таксама ахвяраваць сябе братам і сёстрам.

Мае дарагія, сёння хацелася б звярнуць вашу ўвагу на вельмі важны момант у жыцці сям’і і ўвогуле чалавека. Маю на ўвазе прыгожую традыцыю ў нашым Касцёле, якою з’яўляецца ахвяраванне Пану Богу зачатага дзіцятка, ахвяраванне немаўляці, і ўвогуле ўсіх дзетак. Што азначае ахвяраванне дзіцяці Богу? Перад усім, мы павінны ўсведамляць, што дзіця — гэта найперш дар ад Бога. Гэта важна, калі да дзіцяці часта ставяцца эгаістычна, мяркуючы, што толькі бацькі маюць на яго права і толькі бацькі могуць дазволіць ці не дазволіць яму нарадзіцца. Не будзем забываць, што прадаўжэнне роду азначае супрацоўніцтва з Богам, які з’яўляецца адзіным Стварыцелем. Але недастаткова ахвяраваць сваё дзіця Богу толькі адзін раз на пачатку яго жыцця. Дзіця трэба выхоўваць у веры. Першымі сведкамі веры з’яўляюцца бацькі, і добра, калі яны ўсведамляюць гэта і спрабуюць проста і зразумела растлумачыць свайму дзіцяці праўды веры. Дзеці здольныя зразумець вельмі шмат, трэба толькі размаўляць з імі простай і зразумелай для іх мовай. Вельмі важным з’яўляецца сведчанне веры старэйшага пакалення, блізкіх, сваякоў і сяброў, а таксама ўсведамленне таго, што без веры немагчыма паўнавартасна жыць. Важна таксама нястомна маліцца за дзяцей, асабліва тады, калі, падрастаючы і трапляючы пад ўплыў сучасных ілюзорных каштоўнасцяў, яны выбіраюць свет без Бога і жывуць так, быццам Бог не існуе. Вельмі важна не забываць маліцца за ўласных дзяцей, маліцца за нашу моладзь, за пакліканні.

Таму хочацца закрануць яшчэ адзін важны аспект сённяшняга дня: ва ўрачыстасць Ахвяравання Пана паўсюдны Касцёл адзначае Дзень кансэкраванага жыцця, устаноўлены святым Янам Паўлам ІІ у 1997 годзе. Гэты дзень прысвечаны малітве за тых асобаў, якія ахвяравалі сваё жыццё служэнню Богу і людзям у розных манаскіх ордэнах, кангрэгацыях, таварыствах апостальскага жыцця і ў свецкіх інстытутах.

Папа Францішак падчас сустрэчы са святарамі і кансэкраванымі асобамі нагадаў: «Каб ісці за Езусам Хрыстом — у святарстве ці ў кансэкраваным жыцці — трэба прайсці праз браму, а гэтаю Брамаю з’яўляецца Езус Хрыстус. Гэта Ён кліча, Ён распачынае, гэта Ён усё здзяйсняе…». Таму ў гэты дзень хочацца звярнуцца да ўсіх бацькоў. Любыя бацькі, калі вашае дзіця мае ахвоту ісці за Хрыстом, хочучы быць бліжэй да Езуса, — дазвольце яму гэта зрабіць. Не забараняйце сваім дзецям гэтага паклікання. Безумоўна, кожны з вас жадае шчасця свайму дзіцяці, але калі Бог хоча зрабіць вашае дзіця шчаслівым на шляху святарскага ці манаскага жыцця, не забараняйце яму гэтага. Дазвольце яму пайсці за гэтым унікальным пакліканнем! Мае дарагія. Узгадаем жа з удзячнасцю тых, хто сёння адзначае сваё свята — Дзень кансэкраванага жыцця, — манахінь і манахаў — людзей, якія ўсё сваё жыццё прысвяцілі служэнню Богу і супольнасці Касцёла. Запальваючы сёння грамнічную свечку, а таксама падчас нашай эўхарыстычнай малітвы памятайма пра ўсіх кансэкраваных асобаў; папросім Бога, каб яны былі вернымі і адважнымі сведкамі прысутнасці Святла Праўды, Любові і Міру ў нашым сучасным складаным свеце. Сёння ў паўсюдным Касцёле служэнне здзяйсняюць каля 950 тысяч кансэкраваных асобаў; усе яны цалкам прысвячаюць сябе служэнню Богу і людзям, ідучы за Езусам шляхам евангельскіх парадаў. Таму касцёл на Беларусі няспынна моліцца аб новых манаскіх і святарскіх пакліканнях, каб не было недахопу тых асобаў, якія хочуць ахвяраваць сябе выключна Богу, як Езус быў ахвяраваны сёння ў святыні. Молімся за тых, хто ўжо ахвяраваў сябе Пану ў манаскім (дзейсным або кантэмпляцыйным) рэлігійным жыцці, каб яны заўсёды былі напоўнены запалам у служэнні Богу і людзям, рупліва выконваючы харызмы сваіх супольнасцяў.

На адважнае і мужнае сведчанне Хрыстовага Евангелля шчырым сэрцам усіх благаслаўляю

У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі