Слова арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на свята святога Лукі, евангеліста
- 16 кастрычніка, 2025
- Выява ілюстрацыйная // Catholicminsk.by
Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!
«Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё. Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў» (Лк 10, 2-3). Аўтарам гэтых словаў з’яўляецца евангеліст Лука, свята якога мы сёння адзначаем.
Верагодней за ўсё, Лука паходзіў з Антыёхіі, нарадзіўся ў язычніцкай сям’і і быў лекарам па прафесіі. Дзесьці каля 40-га года ён паверыў у Хрыста і быў ахрышчаны. Неўзабаве Лука стаў адным з найбліжэйшых і пастаянных супрацоўнікаў святога апостала Паўла. Евангеліст быў яго верным вучнем, бо сам апостал Павел пісаў, што ўсе яго пакінулі, акрамя Лукі. Можна сказаць, што Лука як вучань суправаджаў апостала Паўла, пачынаючы з яго другога апостальскага падарожжа, і заставаўся з ім аж да яго мучаніцкай смерці ў Рыме. Акрамя трэцяга Евангелля, Лука таксама напісаў кнігу Дзеяў Апосталаў, у якой распавядаецца гісторыя ранняга Касцёла.
Любыя вернікі! Менавіта дзякуючы гэтаму святому Евангелісту мы можам даведацца пра жыццё Марыі, пра дзяцінства Езуса і адкрыць для сябе шмат прыпавесцяў: прыпавесць пра згубленую драхму і пра марнатраўнага сына, прыпавесць пра добрага самараніна, прыпавесць пра згубленую авечку і прыпавесць пра багацея і Лазара. Святы Лука ў Евангеллі імкнуўся прадставіць Бога як любячага Айца, поўнага міласэрнасці, — Айца, які шукае сваіх згубленых сыноў і дачок, запрашаючы да еднасці з Ім усіх, хто прагне, каб Бог быў блізка ў ягоным жыцці.
Многія біблісты лічаць, што Евангелле ад Лукі было напісана для евангелізатараў і місіянераў — для тых, хто будзе з запалам несці радасную вестку пра збаўленне іншым людзям. Таму гэты тэкст Святога Пісання павінен быў стаць своеасаблівым дапаможнікам для хрысціянаў, якія рыхтуюцца да евангелізацыйнай справы.
Мае дарагія! У сённяшнім фрагменце Евангелля ад Лукі мы пачулі пра падзею, якую апісвае толькі гэты Евангеліст, а менавіта пра тое, як Езус пасылае 72-х вучняў з наказам абвяшчаць Божае Валадарства. Пры гэтай нагодзе Езус сказаў сваім вучням гэтыя вельмі знакамітыя словы:
У працытаваных словах — заахвочванне Езуса маліцца да нашага Нябеснага Айца аб верных і сапраўдных работніках на Божай ніве, гэта значыць, аб евангелізатарах і сведках адначасова. Няхай жа ніколі не будзе недахопу тых вернікаў, хто з поўнай адданасцю і запалам, адмаўляючыся ад усяго, будзе абвяшчаць Евангелле Хрыста словам і справай.
У наш час нам вельмі патрэбныя сапраўдныя сведкі і евангелізатары «ад плоці і крыві», але таксама «ад Духа». «Ад плоці і крыві» — гэта значыць, тыя, хто добра знаёмы з рэаліямі жыцця звычайнага чалавека, а не проста жыве высокімі ідэаламі; хто ведае розныя цярпенні сучаснага чалавека і будзе імкнуцца здабыць яго для Хрыста. Нам патрэбныя сведкі «ад Духа» ― людзі, якія імкнуцца ўнесці ў гэты свет Божую логіку, а не сваю ўласную, якія жадаюць славы Божай і дабра іншых.
Умілаваныя! Святы Лука напісаў цудоўнае Евангелле, якое мы чытаем і сёння. Нашае ўласнае жыццё таксама павінна быць своеасаблівым евангеллем — гэта значыць, добрай навіной пра Езуса, перададзенай іншым. Варта задаць сабе яшчэ адно пытанне: ці сапраўды нашае жыццё з’яўляецца евангеллем — евангеллем, якім іншыя могуць захапляцца, натхняцца і па нашым прыкладзе жадаць усім сэрцам жыць для Езуса?
Кожны дзень нашага жыцця — гэта чарговы раздзел гэтага евангелля, якое мы павінны працягваць пісаць сваімі ўласнымі ўчынкамі, сведчаннем любові да Бога і іншых. Няхай яно радуе іншых — не стрымліваючы іх, а ведучы іх да Бога. Няхай святы Лука дапамагае нам кожны дзень пісаць і абвяшчаць евангелле.
Святы Лука мог бы пражыць ціхае і, верагодна, заможнае жыццё, бо меў адукацыю лекара. Яго паважалі б як адукаванага і багатага чалавека. Яму не давялося б вандраваць па свеце… Лука мог бы жыць у спакоі і дастатку, але ён пазнаў Езуса. Напэўна, рэальнай асабістай сустрэчы між імі не было, хоць існавалі меркаванні, што Лука быў сярод тых, хто пакінуў Езуса пасля Яго эўхарыстычнай прамовы. Іншыя бачылі ў ім аднаго з двух мужчын, якія ішлі ў Эмаус у дзень Уваскрасення. Аднак ён, безумоўна, сустрэў тых, каго паслаў Езус, і тых, хто паверыў дзякуючы словам апосталаў. Паверыўшы ў Божага Сына, Лука не хацеў заставацца пасіўным хрысціянінам. Ён жадаў абвяшчаць Хрыста ўсім і ўсюды, таму і прыклаў намаганні, каб напісаць Евангелле і Дзеі Апосталаў. Дзякуючы яму мы маем шмат інфармацыі пра жыццё першых хрысціянскіх супольнасцяў. Ён стаў верным спадарожнікам святога Паўла ў яго долі і нядолі, як сам Апостал народаў пісаў у Пасланні да Цімафея.
Сёння мы многім абавязаны святому Луку. «Ты адзіны, — пісаў будучы Папа Ян Павел I, — пакінуў нам апісанне нараджэння і дзяцінства Хрыста, якое мы кожны раз, святкуючы Божае Нараджэнне, слухаем з новымі эмоцыямі. Асабліва адзін кароткі сказ прыцягвае маю ўвагу: „[Марыя] спавіла Яго і паклала ў яслі“. Гэты сказ даў пачатак усім яселькам на свеце і тысячам цудоўных вобразаў» (A.Luciani, Listy do sławnych postaci, Warszawa 1996, s. 209). Евангеліст Лука паказаў нам таксама жыццё Святой Сям’і ў Бэтлееме ў паўсядзённым жыцці сярод жыхароў Назарэта.
З усіх Евангелістаў толькі святы Лука, як лекар, у сваім аповедзе пра малітву Езуса ў садзе Аліўным звяртае ўвагу на тое, што пот Езуса сцякаў па твары, як кроў: «І, моцна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш. А пот Ягоны быў, быццам кроплі крыві, што падалі на зямлю» (Лк 22, 44). Гэта быў «задатак» за здароўе нашай душы. Яно важнейшае за здароўе нашага цела, як падкрэслівае Езус: у евангельскім аповедзе пра аздараўленне паралізаванага Ён спачатку адпускае паралітыку грахі, а толькі потым вылечвае хваробу ягонага цела. Часам прабачэнне грахоў і навяртанне таксама аздараўляюць чалавека. Таму сёння памятайма таксама пра лекараў нашых душаў. Няхай святы Лука заступаецца за нас у Пана, які «багаты на міласэрнасць».
Хрысціянская Традыцыя, пачынаючы з VIII стагоддзя, сцвярджае, што святы Лука быў першым іканапісцам і стварыў першы абраз Найсвяцейшай Багародзіцы, а таксама абраз апосталаў Пятра і Паўла. Святога Луку называюць лекарам людзей і людскіх душаў. Але перадусім ён чалавек веры і слуга Слова.
Святы Лука, апякун урачоў і хворых, як лекар, быў чулым да чалавечых цярпенняў і беднасці. Ён вельмі добра разумеў тых, хто перажываў розныя выпрабаванні. Праз яго заступніцтва папросім Пана Бога, каб мы ніколі не збочылі з праведнага шляху. Няхай шматлікія няўдачы і клопаты, якія мы перажываем штодня і будзем перажываць яшчэ не адзін раз, не перашкодзяць нам абвяшчаць Евангелле, куды б ні пасылаў нас Пан.
Святы Лука з’яўляецца таксама апекуном хірургаў, мастакоў, скульптараў, графікаў, гісторыкаў, пераплётчыкаў, натарыусаў і ювеліраў.
Мне здаецца, святога Луку можна назваць таксама заступнікам спаведнікоў, духоўных настаўнікаў, гэта значыць, лекараў нашых душ — тых, хто праз сваё служэнне адкрывае міласэрную любоў Бога і Яго дар прабачэння тым, хто хворы і каму патрэбны Боскі Лекар (пар. Лк 5, 31).
Святы Лука ― апякун лекараў і хворых. Ужо шмат гадоў Каталіцкі Касцёл у Беларусі ў дзень святога Лукі ўспамінае ў сваёй малітве пра лекараў і пра ўсіх працаўнікоў аховы здароўя, пра тых, хто клапоціцца пра нашае здароўе ў гэтым зямным жыцці. Давайце памолімся за іх праз заступніцтва святога Лукі, каб ён атуліў іх сваім клопатам і каб іх дапамога хворым заўсёды была служэннем, рэалізацыяй паклікання, дадзенага ім ад Бога.
На плённае перажыванне сённяшняга дня і нашае сведчанне любові да бліжніх з сэрца благаслаўляю: у Імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі