Парафіяльнае свята з удзелам біскупа Касабуцкага адзначылі ў мінскай Лошыцы
- 14 красавіка, 2026
- Тэкст: Кацярына Альшэўская / Фота: з архіва парафіі // Catholicminsk.by
12 красавіка, нядзеля Божай Міласэрнасці, для вернікаў мінскай парафіі ў мікрараёне Лошыца з’яўляецца асаблівым днём — парафіяльным святам.
З гэтай нагоды ксёндз пробашч Ян Юшко CSMA з радасцю запрасіў у парафію біскупа Юрыя Касабуцкага, Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Парафіяне цёпла прывіталі пастыра перад уваходам у капліцу, і усе разам увайшлі унутр святыні. Разам з біскупам на парафіяльны фэст завіталі ксёндз Аляксандр Мятліцкі SDB, дэкан дэканату Мінск-Усход, яго субрат ксёндз Юзаф Занеўскі SDB, а таксама ксёндз Аляксандр Ашмянчук CSMA, субрат пробашча.
У гаміліі біскуп Юрый разважаў над апошнімі гадамі зямнога жыцця Езуса Хрыста і верай вучняў, якія, нягледзячы на цуды Езуса не да канца разумелі ўсе словы і знакі, якія здзяйсняў іх Настаўнік. Іерарх заўважыў, што з 11-і апосталаў пад крыжом застаўся толькі Ян разам з Марыяй, Маці Езуса. Астатнія з-за няўпэўненнасці і страху за сваё жыццё закрыліся ў Вячэрніку. «Але Езус Міласэрны, — падкрэсліў біскуп. — І сёння, у нядзелю Божай Міласэрнасці, асаблівым чынам хочацца паразважаць аб Яго міласэрнасці. Калі Езус аб’яўляецца сваім вучням пасля Уваскрасення, Ён кажа “Спакой вам!”, паказваючы гэтымі словамі, што прабачае ім усе слабасці».
— падсумаваў прамоўца.
Пасля Імшы падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакраманту вернікі разам з біскупам і святарамі маліліся Вяночкам да Божай Міласэрнасці аб супакоі ў свеце, паміж народамі і ў сэрцах.
Напрыканцы ўрачыстасці біскуп Касабуцкі выказаў жаданне, каб як найхутчэй завяршылася будаўніцтва санктуарыя Божай Міласэрнасці, і падзякаваў пробашчу за запрашэнне. Затым госці і вернікі парафіі частаваліся смачнымі пернікамі.
Парафіяльнае свята прайшло ў вельмі цёплай, светлай і сяброўскай атмасферы.