Skip to main content

Слова арцыбіскупа Станеўскага на Успамін усіх памерлых вернікаў

  • 2 лістапада, 2024
  • Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

«Перш чым Я прыйду як справядлівы Суддзя, Я адчыняю насцеж дзверы Маёй міласэрнасці. Хто не хоча прайсці праз дзверы міласэрнасці, той павінен прайсці праз дзверы Майго правасуддзя»
(З «Дзённіка» св. Фаўстыны Кавальскай, 1146)

Дарагія браты і сёстры!

Штогод 2 лістапада Каталіцкі Касцёл моліцца за ўсіх памерлых вернікаў: гэта час разважанняў, малітоўнай памяці, праяўлення любові і павагі да тых, хто ўжо ў вечнасці. Магілы нашых родных і блізкіх, якія спачываюць на могілках нашай краіны, асвятляюцца ззяннем знічоў і свечак. Мы таксама ўпрыгожваем іх месца пахавання жывымі кветкамі, якія сімвалізуюць жыццё і нашу любоў. Гэты старажытны звычай з’яўляецца знакам нашай веры ў нашае ўваскрасенне. Таму мы наведваем могілкі, стаім каля магілаў родных і блізкіх, запальваем знічы і молімся за іх, бо наша надзея сягае далей, за мяжу смерці. Мы верым, што яны жывуць надалей; верым, што таксама і нашае жыццё не скончыцца на могілках. Касцёл умацоўвае гэтую веру, заахвочваючы нас словамі Святога Пісання здзяйсняць учынкі любові ў адносінах да нашых блізкіх памерлых.

У гэты дзень мы засяроджваемся на іншым вымярэнні чалавечага жыцця — жыцця, якое змяняецца, але ніколі не заканчваецца.

Так, як дзень Усіх Святых пабуджае нас думаць пра Неба, а значыць, пра шчаслівае спаўненне нашага жыцця дзякуючы Хрысту, так і дзень, прысвечаны ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў, нібы кажа нам пра неабходнасць навяртання. Усім людзям трэба дапоўніць меру свайго навяртання, бо інакш можа здарыцца так, што мы будзем заслугоўваць на вечнае жыццё, але будзем мець незавершаны, няпоўны працэс навяртання. Гэта азначае, што намі яшчэ можа быць не завершана справа праўды, справядлівасці, сумленнасці і прабачэння ў нашым зямным жыцці. Магчыма, мы не змаглі поўнасцю кампенсаваць за наступствы сваіх грахоў, і тады трэба будзе ўсё гэта «дапаўняць» на іншым баку нашага існавання. Каталіцкі Касцёл называе такі стан чысцам, або ачышчэннем.

Гэта можна назваць таксама своеасаблівай пакутнай літургіяй. Дзень памерлых — гэта дзень, калі вера ў чысцец заахвочвае нас праявіць любоў да нашых родных памерлых і маліцца за іх, каб у іх душах як мага хутчэй завяршыўся працэс пакутнай перамены, каб яны дасягнулі паўнаты ў Хрысце.

Мы як хрысціяне верым у еднасць святых — communio sanctorum. Такім чынам, мы верым, што існуюць пэўныя міжчалавечыя сувязі, якія сягаюць па-за межы смерці.

Гэтыя сувязі функцыянуюць на тым баку існавання нават лепш, чым пры жыцці, толькі пры той умове, што ўсе яны праходзяць праз Уваскрослага Хрыста. Бо менавіта Уваскрослы Езус, які пераступіў праз бар’ер смерці, з’яўляецца Тым, хто нас яднае. Таму тыя людзі, якія знаходзяцца ўжо на іншым баку і якія прайшлі праз фізічную смерць, могуць нам дапамагаць і маліцца за нас. Яны ўжо ведаюць дарогу; ведаюць, як выглядае прынамсі частка жыцця на тым, іншым баку нашага існавання, задуманага Богам. Мы, аднак, можам дапамагаць ім праз асаблівы абмен любоўю, які адбываецца ў Касцёле. Мы можам ахвяраваць за іх малітвы, добрыя ўчынкі і міласціну.

У дзень Усіх Святых вернікі ўслухоўваліся ў значэнне васьмі благаслаўленняў, якія з’яўляюцца своеасаблівымі ўказальнікамі паспяховага і шчаслівага жыцця на зямлі. Урачыстасць Усіх Святых — гэта дзень, які паказвае, што ў нашым жыцці ёсць нешта большае, чым проста чалавечыя здольнасці і магчымасці. Мы павінны памятаць, што Бог можа здзейсніць цудоўную справу ў кожным з нас, нават у людзях з недахопамі і абмежаванасцю, і зрабіць нас святымі, бо з моманту прыйсця Езуса на свет Неба застаецца адкрытым для людзей. Наш Збаўца Езус Хрыстус адкрыў нам Неба пры дапамозе «ключа», якім з’яўляецца крыж, і кожны з нас мае магчымасць увайсці туды, дасягнуўшы святасць у нашым жыцці, падрыхтаваўшы сваё сэрца, сваю душу для вечнасці.

Як падрыхтвацца да шчаслівай вечнасці? Езус у сваіх аб’яўленнях святой сястры Фаўстыне кажа: «Дачка Мая, чым большае цярпенне, тым чысцейшай становіцца любоў». Як вынікае са шматлікіх сведчанняў святых і містыкаў, цярпенне — гэта асаблівы і вельмі дзейсны сродак для ачышчэння нашага сэрца. Нам вельмі цяжка гэта спасцігнуць, яшчэ цяжэй суаднесці цярпенне з любоўю і міласэрнасцю Бога, згадзіцца на цярпенне ў сваім жыцці ці прымірыцца з цярпеннем тых, каго мы любім. Напэўна, цярпенне — гэта той стан, якога мы найбольш баімся і ў нашым жыцці, і ў смерці, ды і пасля смерці. Але ж мы ведаем, што без цяжкасцяў чалавек не пражыве. Ад нас толькі залежыць тое, як мы вырашаем яго перажыць: з вераю ці без веры, успрымем яго як праклён ці як благаслаўленне. Мы гэта можам вырашыць толькі тут, на зямлі, бо пасля смерці душа ўжо не мае выбару.

Цярпенне — гэта вялікая ласка. Праз цярпенне душа прыпадабняецца да Збаўцы, у цярпенні крышталізуецца любоў.

Святая сястра Фаўстына заклікала падтрымліваць душы ў чысцы, молячыся Вяночак да Божай Міласэрнасці, які прыносіць палёгку церпячым. Гэты Вяночак пажадана чытаць і ў момант адыходу чалавека з гэтага свету. Езус называе гэтую малітву «апошнім ратункам для грэшнікаў». Для тых паміраючых, за якіх чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці, Езус абяцаў, як занатавала ў «Дзённіку» святая сястра Фаўстына, што Ён будзе не Суддзёю справядлівым, але міласэрным Збаўцам і Абаронцам, які стане паміж канаючымі і Нябесным Айцом. Не забываймася пра гэтае абяцанне Хрыста і, калі давядзецца нам быць пры таямніцы адыходу чалавека ў іншы свет, дапаможам яму ў гэты найважнейшы момант у жыцці, молячыся Вяночак да Божай Міласэрнасці за яго душу.

Святы айцец Піо, містык і стыгматык, няспынна маліўся за душы ў чысцы, заклікаючы, каб вернікі ахвяроўвалі пост і міласціну за душы ў чысцы. Ён імкнуўся і марыў, каб чысцец, дзякуючы Эўхарыстыі за памерлых, пастаянным малітвам і міласціне, стаў пустым.

Папа Бэнэдыкт XVI падчас разважання перад малітвай «Анёл Панскі» заахвочваў вернікаў: «Ва ўспамін усіх памерлых вернікаў хачу заахвоціць вас перажываць гэтае свята ў праўдзівым хрысціянскім духу, гэта значыць у святле пасхальнай таямніцы. Хрыстус памёр і ўваскрос, адкрыўшы нам шлях у дом Айца, у Валадарства жыцця і спакою. Той, хто ідзе за Езусам у гэтым жыцці, будзе прыняты там, куды Ён увайшоў перад намі.

Таму, наведваючы могілкі, памятайма, што там, у магілах, спачываюць толькі парэшткі нашых блізкіх, якія чакаюць канчатковага ўваскрашэння.Іх душы, як сказана ў Святым Пісанні, ужо „ў руцэ Божай“ (Мдр 3, 1). Таму найбольш адпаведным і эфектыўным спосабам іх ушанавання з’яўляецца малітва за іх, ахвяраванне актаў веры, надзеі і любові. Яднаючыся з Эўхарыстычнай ахвярай, мы можам заступацца за іх, просячы для іх вечнага збаўлення, і перажываць найглыбейшую еднасць з імі, чакаючы моманту, калі разам зможам вечна радавацца Любоўю, якая нас стварыла і адкупіла» (З разважання перад малітвай «Анёл Панскі», 1 лістапада 2009 г.).

Браты і сёстры, няхай жа ўспамін усіх памерлых вернікаў ажывіць нашую веру ў Хрыстовае ўваскрасенне і ў нашае ўваскрашэнне, а таксама дапаможа нам усвядоміць сэнс нашага жыцця, цярпення і смерці. Няхай абудзіць нашыя душы, каб мы адважна імкнуліся да святасці, якая нам гарантуе шчаслівую вечнасць.

На перажыванне актавы малітваў за памерлых і на роздум аб нашай вечнасці благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

✠Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі