Што забівае Божую любоў у сэрцы чалавека? Аб граху зайдрасці распавёў каталіцкі святар
- 17 красавіка, 2025
- Размаўляла Ірына Міневіч, фота: Jan.by // Catholicminsk.by

У апошнія дні Вялікага посту шмат вернікаў прыступаюць да сакрамэнту пакаяння, магчыма, забываючы аб зайдрасці — адным з сямi галоўных грахоў. Зайдрасць непрыкметна знешне: чалавек нікога не забіў, нічога не скраў, не чужаложыў, слова дрэннага не сказаў… Можа няма ў чым спавядацца? Як своечасова заўважыць яе ў сваім сэрцы і як змагацца? Ці можа зайздрасць стаць прычынай вечнага асуджэння чалавека? Што рабіць чалавеку, якому зайздросцяць? Ці ёсць белая зайздрасць? Пробашч барысаўскай парафіі Спаслання Духа Святога ксёндз канонік Аляксей Раманчук распавядае, чаму ігнараваць гэты грэх нельга.
— Ксёндз Аляксей, што такое зайздрасць?
— Зайздрасць — гэта праява хваробы нашай душы. Святы Тамаш Аквінскі характарызуе зайздрасць як смутак, які прыгнятае душу чалавека па прычыне дабра іншага чалавека, яго талентаў, умення, здольнасцей, рыс характару, а таксама радасць па прычыне няўдачы, хвароб, непрыемнасцяў у аб’екта зайздрасці. Зайздрасць вельмі падступная, носіць у сабе смяротную атруту, таму яе завуць «змяіным грахом». У Святым Пісанні сказана, што заздрасць — гэта гніль для касцей.
Святыя айцы Касцёла кажуць, што зайздрасць знішчае душу і цела самога зайздросніка, забівае радасць жыцця, добразычлівасць; чалавек губляе супакой, знаходзіцца ў злосці, нянавісці. Гэта прыводзіць не толькі да духоўнай смерці чалавека, але і з’яўляецца прычынай розных захворванняў цела (язвы, анкалогіі, дэпрэсіі). Зайздрасць як іржа раз’ядае сэрца чалавека.
— З якой Божай запаведдзю звязаны грэх зайздрасці? З чаго пачынаецца зайздрасць?
— Гэта дзясятая запаведзь, у якой сказана: не пажадай дабра, маёмасці, нiчога, што належыць бліжняму твайму. Не глядзі зайздросным вокам на ўсё, што належыць іншаму чалавеку. У мяне ёсць машына, а ў суседа лепшая, у мяне ёсць звычайны сабака, а ў сябра пародзісты. Калі ад гэтага ў мяне ўзнікае смутак, моцнае засмучэнне, абурэнне, то маё сэрца паранена зайздрасцю. Мы памятаем, што Люцыфер быў анёлам святла, а яму было гэтага мала, ён зайздросціў Богу, хацеў быць як Бог — і стаў праціўнікам Бога — сатаною. Зараз ён зводзіць людзей, спакушае і падштурхоўвае іх да граху, да пошуку карысці і хцівасці на грошы — з мэтай загубіць душу і цела чалавека.
Зайздрасць пачынаецца з незадаволенасці тым, што чалавек мае. Бог любіць кожнага чалавека, але гэта не значыць, што Ён надзяляе нас аднолькавымі здольнасцямі і дарамі. Свет вакол нас разнастайны і прыгожы: мы бачым розныя дрэвы, кветкі, разнатраўе…
Нам трэба мець пакору перад Богам і разуменне таго, што Бог дае нам жыццё і таленты, развіваючы якія мы можам упрыгожыць гэты свет. Вельмі важна не зайздросціць таму, што нехта добры музыка, спявак, інжынер, лекар, а я проста слесар. Мы павінны радавацца таму, што атрымалі ад Бога, імкнуцца спазнаць сваё пакліканне і выканаць яго.
Важна не гнацца за тым, што мне хочацца, а шанаваць тое, што я маю.
— У кнізе Мудрасці Саламона чытаем, што «(…) праз зайздрасць д’ябла ў свет увайшла смерць» (Мдр 2, 24). Па прычыне зайздрасці сатана ўвёў у грэх Адама і Еву. Чаму пазайздросціў спакушальнік?
Сатана — галоўная прычына граху. Люцыфер быў анёлам святла, а стаў сатаною — бацькам усяго зла, заняпалых духаў-адступнікаў. Ён пазайздросціў славе і велічы Бога, а таксама ўзвышэння Богам чалавека. Пазайздросціў ён і таму, што сам страціў — асалодзе чалавека ў раі і найвышэйшаму прызначэнню чалавека — вечнаму жыццю з Богам. Сатана не мог нашкодзіць Богу, і таму падышоў да таго, хто для Бога важны і каштоўны, — чалавека — і ўвёў яго ў грэх, які мы называем першародным.
— Якія прыклады са Святога Пісання Вы можаце прывесці пра зайздрасць?
— Найбольш знаёмая ўсім нам гісторыя пра Каіна і Абэля. Брат пазайздросціў брату, таму што малітва і ахвяра Каіна не была прынята, а Абэля — прынята Богам. Зайздрасць да брата прыводзіць да братазабойства.
Паказальная таксама гісторыя Юзафа і яго братоў. Бацька любіў Юзафа і выдзяляў яго сярод братоў. Зайздрасць прывяла да таго, што маладога Юзафа старэйшыя браты прадалі ў няволю.
Давід перамогай над філістымлянамі прынёс вялікую карысць як сваёй дзяржаве, народу, так і самому каралю. Аднак кароль Саўл пачаў зайздросціць Давіду, калі той вяртаўся з перамогай. Кароль пачуў словы песні: «Саўл перамог тысячы, а Давід дзясяткі тысяч» (1 Сам 18, 7). Зайздрасць поспеху і прызнанню народам Давіда як найлепшага ваяра перарасла ў жаданне забіць Давіда. Такіх прыкладаў на старонках Старога Запавету шмат.
— У Евангеллі паводле Марка чытаем, што Пілат ведаў, што першасвятары выдалі Яго ад зайздрасці (пар. Мк 15, 10). У чым яны зайздросцілі Езусу Хрысту?
— Першасвятары зайздросцілі Яго поспеху, тым цудам, якія Ён здзяйсняў, Яго вучэнню, якое прыходзілі слухаць тысячы чалавек. Уваскрашэнне памерлых, выгнанне дэманаў, размнажэнне хлябоў, аздараўленне пракажоных, паралізаваных, глухіх і сляпых і ўсё тое, што выклікала рост Яго аўтарытэту і ўплыву сярод народа, у фарысеяў і кніжнікаў выклікала зайздрасць. Зайздрасць пераходзіць у нянавісць, і тады яны вырашаюць забіць Яго.
— Iснуе і зайздрасць блiжняму, якi мае Божую ласку. Як яе заўважыць?
— Зайздрасць не мае межаў і глыбіні падзення, яна можа праяўляцца рознымі спосабамі. Напрыклад, у касцёле ці царкве можна ўбачыць людзей, якія прыгожа моляцца, выдатна спяваюць, маюць канкрэтныя харызмы ад Бога. Гэта можа выклікаць зайздрасць у людзей і нават нараканні на Бога. Чаму ў мяне няма такіх дароў, чым я горшы? І гэта ёсць грэх супраць Духа Святога.
— Грэх можна параўнаць з хваробай. Калі своечасова не пачаць адпаведнае лячэнне, то хвароба можа перайсці ў цяжкую форму і нават прывесці да смерцi. Як змагацца з зайздрасцю?
— Ёсць некалькі лекаў ад зайздрасці, таксама як існуюць розныя прэпараты пры лячэнні хваробы. Перш за ўсё гэта падзяка Богу за ўсё, што мы маем. Таксама важна прыняць тое, што мы маем як даброты і дар ад Бога. Гэта ёсць пакора.
Затым любоў і малітва. У малітве мы дзякуем Богу за жыццё, здароўе, нашых бліжніх, нашыя здольнасці, канкрэтныя таленты — і прымаем усё з падзякай, просячы аб распазнанні Божай волі і выкананні яе ў нашым жыцці. Любоў — гэта вельмi добры лек. Час Вялікага посту дазваляе нам засяродзіцца на сваім сэрцы і выявіць заганы.
Важна прыступіць да споведзі і кожны грэх назваць па імені.
— Ці часта людзі спавядаюцца ў гэтым граху?
— Спавядаюцца рэдка… Зайздрасць жыве ў сэрцы чалавека, тут няма ўчынку ці слова. Чалавек не забіў, не скраў, не учыніў распусты. Напрыклад, у гневе чалавек можа кагосьці ўдарыць, пры абжорстве — пераесці і г. д. Зайздрасць — гэта грэх настолькі «шалёны», што спачатку мучыць самога чалавека, адбіраючы жыццёвыя сілы і прыносячы шкоду самому чалавеку. Каб спавядацца ў гэтым граху, трэба быць духоўна сталым хрысціянінам.
Калі не змагацца з зайздрасцю, насенне граху ўкараніцца ў сэрцы і выявіцца ў злосці, нянавісці, жаданні вялікага зла аб’екту зайздрасці.
Катэхiзiс Каталiцкага Касцёла навучае, што калі чалавек не пакаецца і ў такім духоўным стане памрэ, то ён трапіць у пекла.
— Ці існуе сацыяльная зайздрасць?
— Так, існуе. Пачну з прыпавесці. У аднаго багатага чалавека было двое слугаў: адзін быў зайздроснікам, а другi — срэбралюбцам. Гэты чалавек кліча іх да сябе, каб распазнаць, які грэх горшы. І прапануе ім наступнае: я дам іншаму ў два разы больш ад таго, што папросiце для сябе. І сталі яны разважаць: калі сабе папрашу, то іншы атрымае ў два разы больш. Цяжкая задача… Калі ён запытаў зайздросніка, той адказаў: выкаліце мне адно вока. Ён так сказаў, таму што спадзяваўся, што срэбралюбцу выкалюць двое вачэй, а ён адным вокам зможа ўбачыць бяду другога.
Зайздрасць, калі яна ўкараняецца ў сэрцы, прыводзіць да знішчэння, спусташэння. Менавіта грэх зайздрасці — асноўны матыў рэвалюцый, канфліктаў. Сацыяльная зайздрасць — гэта зайздрасць, якая выходзіць па-за межы аднаго чалавека і ахоплівае цэлыя групы людзей, часам нават цэлыя класы або народы.
— Ці ёсць зайздрасць у дзяцей?
— Вядома, ёсць. Зайздрасць, на жаль, пачынаецца ад савочка ў пясочніцы і заканчваецца здароўем ў старасці. Дзеці заўважаюць лепшы банцік, цацку, сукенку і жадаюць такую ж. Важна тут бацькам праявіць мудрасць. Са мной аднойчы падзяліўся адзін бацька: сяброўцы яго дачкі купілі сукенку, і дачка прыйшла да яго і пачала настойліва прасіць купіць такую ж. Бацька адказаў: не праблема, можам купіць, але яна табе не будзе пасаваць.
У гэтым мудрасць: не ўсё, што мы хочам, нам патрэбна ці нам падыходзіць.
— Ці існуе белая зайздрасць?
— Зайздрасць ёсць зайздрасць, у якія колеры яе не размалёўвай. Калі бачыш поспех іншага чалавека, напрыклад, сябра, то радуйся за яго і з ім. Дасягненні іншых павінны матываваць нас да развіцця нашых талентаў, як, напрыклад, у спорце.
Аб гэтым трэба маліцца Богу, просячы, каб поспехі іншых выклікалі радасць у нашых сэрцах і давалі нам стымул для развіцця нашага патэнцыялу.
«Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача» (Рым 12, 15), — гэтыя словы апостала Паўла актуальныя i цяпер.
Мы як хрысціяне павінны наследваць у сваім жыцці Езуса Хрыста і ісці па шляху збаўлення, памнажаючы атрыманыя таленты, служачы імі Богу і бліжняму ў радасці і любові.
— Як павінен паступаць чалавек, які стаў аб’ектам зайздрасці?
— Магчыма, сваімі ўчынкамі трэба даць зразумець іншаму чалавеку, што той неадпаведна сябе паводзіць, а можна ўздзейнічаць на чалавека і ў духоўным плане. Саламон вучыць нас, што з зайздроснікам нават нельга сядаць за адзін стол.
Калі мы бачым, што нам зайздросцяць, трэба абмежаваць адносiны з такмі людзьмі, падчас малітвы прасіць Бога аб абароне для сябе, таму што зайздроснік не спыніцца ні перад чым, каб нашкодзіць, будзе выкарыстоўваць кожны момант для прычынення нам болю, шкоды. Таксама трэба маліцца за тых, хто нам зайздросціць, і быць сабой, рабіць тое, што мы павінны рабіць.
Распавяду на прыкладзе з жыцця святога манаха Ануфрыя. Адзін з манахаў стаў яму зайздросціць за тую пашану і павагу, якую ён меў сярод манахаў. Зайздроснік хавае кнігу ў келлі Ануфрыя ў дровах і ўсім кажа, што ў яго знікла кніга. Настаяцель манастыра загадаў шукаць кнігу. Яе знайшлі ў келлі святога манаха. Ануфрыя абвінавачваюць у крадзяжы, а ён нічога не кажа ў сваё апраўданне, толькі моліцца і давярае гэтую справу Богу. Праз два тыдні Бог дапускае, каб зайздросніка авалодаў злы дух. Святы Ануфрый памаліўся над апантаным, і калі злы дух выйшаў з яго, ён прызнаўся ў сваім граху. Зайздросны манах распавёў усім, што ад зайздрасці абгаварыў Ануфрыя і падкінуў яму кнігу, каб самому стаць лепшым сярод братоў.
— Якую духоўную параду вы можаце даць супраць зайздрасці?
— Мы ўсе людзі і ў рознай ступені ў нас праяўляецца пажадлівасць, перш за ўсё, сем галоўных смяротных грахоў. У свеце, у якім мы жывем, адчуваем вялікі ўплыў злога духа. Аналізуючы сваё жыццё, давяраючы яго Пану, будзем прасіць Яго, каб паказаў нам нас саміх у святле Божай праўды i любові, каб мы мелі пакору ўбачыць насенне грахоў у сэрцы і шчыра вызнаць іх. Хочацца пажадаць, каб на споведзі, падчас малітвы і ў любові да Пана мы знаходзілі вызваленне ад граху, аздараўленне душы і цела, умацаванне волі і розуму, суцяшэнне сэрца на шляху да жыцця вечнага с Богам.