Шматдзетныя бацькі сустрэліся ў архікатэдральным касцёле з нагоды святкавання Тыдня бацькоўскай любові
- 24 кастрычніка, 2024
- Тэкст і фота: Алеся Гедроіц
20 кастрычніка ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску прайшла святочная сустрэча для шматдзетных бацькоў з нагоды кастрычніцкіх свят Дня маці і Дня бацькі, арганізаваная парафіяльным Caritas Катэдры з благаслаўлення і запрашэння ксяндза пробашча Дзмітрыя Пухальскага.
Для бацькоў і іх дзетак былі зладжаны салодкі стол, цёплая атмасфера і цікавая інтэрактыўная праграма.
Дарослыя змаглі паўзаемадзейнічаць з прафесійным лагапедам Пракаповіч Марынай, падыскутаваць, абмяняцца думкамі, задаць свае пытанні і такім чынам наладзіць узаемны кантакт.
У гэты час дзеці былі даручаны апецы валанцёраў парафіяльнага Сaritas. Для самых маладых удзельнікаў свята выступілі прафесійныя аніматары з праекта karaway.by з навуковым шоу, якое прынесла дзецям не толькі яскравыя эмоцыі, але дапамагло атрымаць некаторыя веды.
З віншаваннямі на мерапрыемства таксама завіталі іерархі: арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іх візіт стаў падарункам для прысутных.
Свята атрымалася па-сямейнаму ўтульным і радасным.
Ксёндз пробашч Дзмітрый Пухальскі разам з парафіяльным Сaritas архікатэдральнай парафіі ў Мінску дзякуе ўсім, хто адгукнуўся на прапанову ўдзелу ў мерапрыемстве і дапамагаў у арганізацыі свята. Арганізатары спадзяюцца на актыўны ўдзел парафіян у наступных акцыях.