«Шануй бацьку твайго і маці тваю»: Сустрэча са старэйшымі школьнікамі на тэму павагі да бацькоў адбылася ў Мінску
- 17 кастрычніка, 2025
- Тэкст: кс. кан. Франц Рудзь / Фота: з архіва парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску // Catholicminsk.by
У межах Тыдня бацькоўскай любові, які праходзіць у Беларусі з 13 па 26 кастрычніка, у Дзень маці, 14 кастрычніка, адбылася асаблівая сустрэча са старшакласнікамі Фрунзенскага раёна горада Мінска. Месцам правядзення стаў касцёл Маці Божай Будслаўскай — святыня, якая стала не толькі духоўнай прасторай, але і сімвалам пераемнасці пакаленняў і павагі да сямейных каштоўнасцяў.
Сустрэчу адкрыла дэпутат Анжэліка Курчак, якая падкрэсліла: «Важна, каб маладое пакаленне ўсведамляла значнасць бацькоўскай працы, мудрасці і досведу». Размова з моладдзю праходзіла пад дэвізам «Шануй бацьку твайго і маці тваю» — менавіта гэтую Божую запаведзь нагадаў прысутным ксёндз канонік Франц Рудзь, пробашч парафіі.

Выбар касцёла як месца сустрэчы быў невыпадковым: святыня, прысвечаная Маці Божай Будслаўскай — апякунцы Беларусі, стала ідэальнай прасторай для размовы пра сям’ю, веру і духоўную спадчыну, і гэтая сустрэча адбылася трэці год запар. Удзельнікі мерапрыемства змаглі не толькі пачуць словы натхнення, але і адчуць сувязь з традыцыямі, якія фарміруюць сапраўдную асобу і грамадзяніна.




