Семінарыст Уладзіслаў Варвашэвіч MSF даў вечныя манаскія абяцанні ў супольнасці місіянераў Святой Сям’і
- 9 верасня, 2025
- Тэкст і фота: Кс. Дзяніс Шастаковіч MSF // Catholicminsk.by
8 верасня, калі прыпадае свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, — знакавы дзень у Кангрэгацыі Місіянераў Святой Сям’і. Традыцыйна штогод у гэтае марыйнае свята адбываецца прынясенне манаскіх абяцанняў.
У Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Казімежу Біскупім (Польшча) беларускі семінарыст Уладзіслаў Варвашэвіч MSF прынёс сваё жыццё у дар Марыі ў форме вечных манаскіх абяцанняў.
Семінарыст Уладзіслаў нарадзіўся 12 мая 2002 года ў вёсцы Рудня (Дзяржынскі раён). У 2008 годзе прыняў Першую святую Камунію ў касцёле Перамянення Пана ў вёсцы Негарэлае. У 2020 годзе быў прыняты ў Кангрэгацыю Місіянераў Святой Сям’і і распачаў манаскую і святарскую фармацыю. На заканчэнне навіцыяту 8 верасня 2021 года склаў першыя часовыя абяцанні. Працягвае навучацца ў Вышэйшай духоўнай семінарыі Місіянераў Святой Сям’і ў Казімежу Біскупім.
Манаская супольнасць шчыра віншуе свайго субрата семінарыста Уладзіслава з гэтай вялікай падзеяй ў яго жыцці і жадае заўсёды ісці выбраным шляхам Божага слугі, у поўні аддаючы сябе Богу і бліжнім. Місіянеры Святой Сям’і запэўніваюць яго аб малітве, аддаючы пад апеку Найсвяцейшай Панне Марыі.


