Семінарыст Міхаіл Вішнеўскі SDB склаў вечныя манаскія абяцанні ў Салезіянскім таварыстве
- 20 жніўня, 2025
- Паводле Sdb.by
У суботу 16 жніўня, у дзень нараджэння святога Яна Боско, у парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Мінску семінарыст Міхаіл Вішнеўскі SDB склаў вечныя манаскія абяцанні чысціні, убоства і паслухмянасці ў Салезіянскім таварыстве.
Святую Імшу з нагоды ўрачыстасці ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. На ўрачыстасць сабраліся святары салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, аніматары, дзеці і моладзь, шматлікія парафіяне, а таксама родныя і блізкія Міхаіла, каб разам падзяліць радасць гэтага выключнага моманту.

З гаміліяй да вернікаў звярнуўся ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, рэгіянальны настаяцель салезіянаў Беларусі. Ён падкрэсліў, што прысутныя сталі сведкамі не толькі ўрачыстасці, але і вялікай таямніцы, якую піша Бог. Каб лепш зразумець сэнс вечных абяцанняў, святар прапанаваў паглыбіцца ў духоўны змест трох манаскіх шлюбаў.
«Гэта не проста правілы ці забароны, — сказаў ён. — Гэта тры шляхі свабоды, тры спосабы любіць і служыць, як любіў і служыў Хрыстус. Яны не належаць толькі мінуламу, а з’яўляюцца жывым адказам на патрэбы сучаснага чалавека, асабліва моладзі, якой ты, Міхаіл, прысвячаеш сваё жыццё».
Асабліва кранальна прагучала паралель з футбольным мінулым семінарыста:

Напрыканцы гаміліі дэлегат нагадаў словы Хрыста: «Каб радасць Мая была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай» (Ян 15,11), пажадаўшы Міхаілу, каб гэтая поўная і чыстая радасць заўсёды суправаджала яго на жыццёвых дарогах.
Перад абрадам складання вечных шлюбаў ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB прадставіў біяграфію і гісторыю паклікання Міхаіла. Ён нагадаў, што першае знаёмства з салезіянамі адбылося праз удзел юнака ў футбольным турніры «Кубак Дона Боско», які шмат гадоў ладзіўся ў араторыі пры парафіі святога Яна Хрысціцеля ў мінскай Серабранцы. Пасля гэтага слова ўзяў ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, які заклікаў усіх даверыць урачыстасць асаблівай апецы Марыі Успамогі Хрысціянаў, каб Яна была для Міхаіла крыніцай вернасці і нястомнай апякункай.

У канцы Імшы семінарыст Міхаіл звярнуўся да прысутных з удзячнасцю: найперш Богу за дар паклікання, бацькам і родным за веру і падтрымку, біскупу, сабратам, сёстрам і ўсім, хто падзяліў гэты радасны дзень. Біскуп Аляксандр Яшэўскі ў сваю чаргу падкрэсліў, што вельмі шчаслівы быць разам з салезіянскай сям’ёй у гэты момант, і пажадаў Міхаілу трываласці ў трох асновах манаскага жыцця: вернасці — супольнасці — місіі.
Пасля завяршэння Імшы ўрачыстасць працягнулася ў араторыі пры парафіі, дзе радасць свята падзялілі ўсе ўдзельнікі.



















