«Сакральная музыка павінна быць бязмэтна прыгожай»: гутарка з арганісткай пра грыгарыянскі харал і музыку ў стылі хэві-метал
- 10 сакавіка, 2026
- Тэкст: Жанна Мецеж – Мінскі тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля / Фота: з архіва аўтара // Catholicminsk.by
Матэрыял падрыхтавала студэнтка Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля Жанна Мецеж.
«Sursum corda!»
Калі спытаць у звычайнага хрысціяніна, што такое грыгарыянскі спеў, то, магчыма, ён адкажа: гэта неверагодна прыгожыя касцёльныя гімны, якія гучаць быццам віртуозныя оперныя арыі. Па панядзелках у 18.30 у касцёле святога Роха на Залатой Горцы ў Мінску можна не толькі паслухаць гэты цудоўны харал, але і стаць яго салістам.

Адказ на гэтае і іншыя пытанні дала Аксана Вырадава, кампазітарка, арганістка і выкладчыца грыгарыянскага вакалу.
Манадыя ці паліфанія?
Каля дваццаці гадоў таму тады яшчэ школьніца, а ў будучым выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе кампазіцыі і Маскоўскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта па класе сольнага спеву і харавога дырыжыравання, Аксана Вырадава пазнаёмілася з айцом Лёнгінам з бэнэдыктынскага абацтва. А бэнэдыктыны вельмі «прасунутыя» ў музычным плане — у іх ёсць нават уласныя музычныя лабараторыі. Там бэнэдыктыны і сёння вядуць навуковыя працы па даследаванні грыгарыянскага харала, бо, нягледзячы на тое, што яму ўжо больш за дзесяць стагоддзяў, шмат крыніц дагэтуль не расшыфравана.
— патлумачыла Аксана.
Божы провід не пакінуў яе, і вось ужо паўтара года, як яна вядзе заняткі па грыгарыянскім спеве ў касцёле святога Роха на Залатой Горцы. За плячыма — першыя вынікі: справаздачны канцэрт вучняў, якія выступаюць як гурт пад назвай Cantica Lucis, тэматычны тэлеграм-канал, дзе Аксана выкладвае вакальныя практыкаванні, зборнік грыгарыянскіх гімнаў Orbis Factor, спецыяльна выдадзены пры ўдзеле пробашча касцёла святога Роха ксяндза Юрыя Санько. Але самае важнае дасягненне — святая Імша, дзе гучыць грыгарыянскі харал.
— Калі не памыляюся, касцёл святога Роха ў Мінску — адзіны ў Беларусі, дзе ёсць заняткі па грыгарыянскім спеве і практыкуецца грыгарыянскі харал на Імшах?
— Думаю, так. Магчыма, на захадзе Беларусі і ёсць нешта падобнае, але канкрэтна тут, у Мінску, гэта практыкуецца ўпершыню. І калі ладзіць такія Імшы, трэба, каб у людзей была магчымасць вучыцца. Тое, што я зараз раблю, — гэта неабходнасць, таму што людзі пра грыгарыянскі спеў нічога не ведаюць.
— Існуе легенда, што грыгарыянскі спеў пайшоў ад папы Грыгорыя Вялікага: быццам бы да яго прыляцела галубка, якая і натхніла пантыфіка на такі спосаб спеву…
— Гэта міф. Нельга сказаць, што грыгарыянскі спеў прыйшоў з Італіі, бо ў той час у кожным рэгіёне быў свой дыялект распеву: рымскі, канстанцінопальскі, міланскі, масарабскі, галіканскі. Прынята лічыць, што Грыгорый I упарадкаваў структуру спеву, узяўшы за аснову харала менавіта галіканскі распеў, і ўзнік ён у Францыі.
— Як можна растлумачыць звычайнаму католіку, навошта яму патрэбны грыгарыянскі спеў?
— Пачнем з таго, што існуюць дакументы Другога Ватыканскага Сабору. Сярод іх — Канстытуцыя Sacrosanctum Concilium, якая простым тэкстам кажа, што грыгарыянскі харал «з’яўляецца найбольш адпаведным для рымскай літургіі». Гэта значыць, што ён — самы выдатны спеў для літургіі, і тое, што грыгарыянскі харал выкарыстоўваецца ў Ватыкане, гэта пацвярджае. Другі момант — гэта тое, што на працягу пяці стагоддзяў, пачынаючы з восьмага стагоддзя, Касцёл не ведаў іншай музыкі, акрамя харала. Звыклая для нас паліфанія, гэта значыць шматгалоссе, узнікла ўжо пасля трынаццатага стагоддзя.

— Калі карацей, чым жа адрозніваецца грыгарыянскі спеў ад той жа паліфаніі?
— Грыгарыянскі харал — гэта манадыя, калі няма ніякіх дадатковых галасоў, ні другіх, ні гарманічных. Гэта проста лінія. Асаблівасць грыгарыянскага спеву ў тым, што ў ім няма паняцця «доля», таму што ў ім няма метра. Формаўтваральны элемент у харале — гэта тэкставы склад. Гэта значыць, што калі мы спяваем харалам, мы не можам дакладна прадбачыць наступную долю. У грыгарыянскім харале няма абазначэнняў працягласці, адносная даўжыня нот рэгулюецца спецыяльнымі знакамі, і таму важна мець кантара, які будзе весці схолу, каб яна спявала за ім.
Квадратныя ноты і… грэх
Аксана тлумачыць: ёсць тры віды грыгарыянскага харала — сілабічная, неўматычная і мелізматычная. У сілабічнай на адзін склад прыпадае адна нота, у неўматычнай дапускаюцца ўжо дзве-тры ноты, а ў мелізматычнай на адзін склад могуць прапявацца і трыццаць дзве, і нават пяцьдзесят дзве ноты. Уся прыгажосць грыгарыянскага харала — менавіта ў гэтых распевах.
— дапаўняе Аксана і раскрывае зборнік гімнаў грыгарыянскага харала Orbis Factor.
Унутры — партытуры з нотамі. Ноты ўяўляюць сабой тлустыя кропкі ў форме квадратаў, якія часам суправаджаюцца то рыскамі знізу, то вельмі дробнымі кропкамі збоку. Дзе-нідзе сустракаюцца і зусім дзіўныя знакі — ці то флагшток са сцягам, што лунае на ветры, ці то гармоніка, расцягнутая ў руках гарманіста.
— Вось бачу гэтыя ноты, і хоць у мяне ёсць музычная адукацыя (у дзяцінстве скончыла музычную школу), разумею, што нічога не разумею. Тут ноты выглядаюць зусім інакш…
— Грыгарыянскія ноты — гэта асобны від мастацтва, і гэта графіка — глыбока семантычная. Вось, напрыклад, у сучаснай натацыі наступны гук ставіцца побач, незалежна ад таго, угору ён ідзе ці ўніз. А ў грыгарыянскім харале зусім па-іншаму. Калі гук ідзе ўгору, ён пішацца строга над папярэднім, гэта называецца падатус. Калі ўніз — дык гэта клівіс, або клімакус. Бывае, што ўніз ідуць больш за два гукі, тады гэта падобна на спуск з горкі.
— І ў гэтых пад’ёмах-спусках таксама закладзена сімвалічная сутнасць?
— Калі мы ідзем уверх голасам, мы як бы павінны караскацца ў гару. А гэта заўжды выклікае дадатковыя цяжкасці. Бо нам заўжды цяжка ісці ўгору, да святла, таму нота над нотай — гэта як скала з уступам, на якую трэба ўзкараскацца. А ўніз скочвацца — гэта як скочвацца да грэху, і таму такія ноты спяваць лягчэй, яны ідуць як лесвічка, па якой нібы збегаеш уніз. А ёсць яшчэ такія ноты, як паррэктус — гэта тры ноты, якія нагадваюць простую горку, з якой злятаеш, як на санках. Задача манаха — не проста іх спяваць, а маліцца гэтымі нотамі. Ён глядзіць на гэтую горку, разумеючы, што да грэху — адзін крок, і ён тут жа скоціцца, а наперадзе — наступны пад’ём (падатус), і каб на яго ўзлезці, трэба свой голас падвергнуць намаганням. Гэта такі ж цяжкі шлях, як і шлях да святасці.

Калі вярнуцца да семантыкі, — працягвае Аксана, — то ў святочны перыяд Калядаў ёсць песні з вельмі высокімі нотамі, напрыклад, ноту «соль» другой актавы не ўсялякі звычайны выканаўца адоліць. Для параўнання, нават не кожнае опернае мецца-сапрана яе возьме з камфортам, хоць гэтая нота і адпавядае дадзенаму дыяпазону. Калі самая высокая нота прыпадае на слова elevámini, якое з латыні перакладаецца як «падніміцеся», то гэта значыць, што слова дыктуе гуку, куды яму ісці — угору ці ўніз. Менавіта ў гэтым — глыбокае зліццё сэнсу і мелодыі.
Спевы ці малітва?
— Чым трэба валодаць чалавеку, які хоча вучыцца грыгарыянскаму спеву? Ці ёсць нейкі конкурс?
— Я бяру абсалютна ўсіх ахвотных, нават без музычнага слуху. Што датычыцца навыкаў, запэўніваю — кожны чалавек можа спяваць, і нават калі вучань адчувае, што ён недзе не трапляе ў патрэбную ноту, мы дамаўляемся, што ён праспявае яе цішэй.
— Тыя, хто чуў грыгарыянскі харал, кажуць, што гэты спеў выклікае ў іх захапленне такой сілы, што немагчыма нават слова вымавіць, не тое што праспяваць нешта. Ці не з’яўляецца настолькі прыгожая музыка перашкодай для малітвы?
— А гэта і ёсць малітва. Сваім часам я прачытала кнігу папы Бэнэдыкта XVI «Дух літургіі». Да гэтай кнігі я таксама думала, што ўсе павінны спяваць на Імшах, і песні павінны быць простымі. А цяпер на такія рэчы я заўжды адказваю цытатамі папы Бэнэдыкта XVI: «Сакральная музыка павінна быць бязмэтна прыгожай, а не зводзіцца да паняцця прыкладной». Гэта вельмі глыбокая фраза. Далей: «Вопыт апошніх гадоў паказвае, што адкат у сферу прыкладной музыкі не зрабіў літургію больш адкрытай, яна стала толькі бяднейшай. Але хто хоць раз адчуў сілу вялікага мастацтва, ведае, што перажытае праз яго узнясенне сэрца да Бога вырывае яго з таго, што стаіць супраць Бога». У эўхарыстычнай малітве ёсць прамы заклік узносіць сэрцы — Sursum corda! Гэта ўнутранае хваляванне ад прыгожага і ёсць узнясенне сэрца. Нас просяць гэта рабіць!
— Атрымліваецца, што ўсё ж такі грыгарыянскі харал патрэбны ў сучаснай Імшы?
— З аднаго боку, так. Але ў той жа час сучаснаму Касцёлу патрэбна розная музыка. Не варта яго ўзурпаваць толькі нейкім адным відам мастацтва, таму што Бог — разнастайны і дае мноства розных дароў. Нават гітарная Імша можа узносіць сэрцы. Але адна ўмова — музыка для Касцёла не павінна быць простай, збяднелай, з банальнымі гармоніямі, з заезджанымі меладычнымі зваротамі. Музыка павінна быць адухоўленая.
— А калі выканаўцу такога кірунку, як хэві-метал, дзе вельмі брутальныя і рытмы, і тэксты, прывесці на Імшу, дзе ёсць грыгарыянскі харал, які шанец, што гэтая музыка зменіць яго творчасць?
— Магчыма, што гэтая музыка яго ўзвысіць. І тады шанец, што ён наблізіцца да Бога, узрасце. Больш за тое, у любым чалавеку ёсць прагненне імкнуцца да Бога. Любы з нас здольны перажываць катарсіс. Sursum corda! Узнясём сэрцы! Вельмі раджу звярнуць увагу на гэтыя словы.
— Калі мы страцілі дар мовы ад прыгожага харалу, гэта азначае…
— Гэта азначае, што мы выканалі тое, пра што нас просіць у малітве пастыр.






