Распачынаецца канклаў — працэдура выбару новага Папы
- 7 мая, 2025
- Тэкст: Аляксандр Панчанка / Vatican News / Стоп-кадр: Youtube-канал каталіцкага тэлебачання EWTN /
- Паводле Сatholic.by

7 мая ў Ватыкане распачынаюцца выбары 267-а Папы — канклаў.
Працэдуру абрання новага Пантыфіка папярэдзіла святая Імша Pro eligendo Pontifice («Аб выбары Пантыфіка») ў Базыліцы Святога Пятра, якую ўзначаліў кардынал Джавані Баціста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў.
Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News са спасылкай на кіраўніка Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні, пасля перапынку ў 16:45 (тут і далей указаны мінскі час) кардыналы выбаршчыкі адправяцца з Дома святой Марты ў Апостальскі палац, пасля чаго здзейсняць урачысты ўваход у Сікстынскую капэлу, дзе распачнецца канклаў. Аб выніках першага галасавання стане вядома каля 20:00.
З нагоды распачацця важнай для Касцёла падзеі — канклава — 7 мая ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбудзецца святая Імша ў інтэнцыі аб святле Духа Святога для кардыналаў выбаршчыкаў, якую ўзначаліць арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Пачатак у 15:00.
Арцыпастыр шчыра запрашае ўсіх жадаючых далучыцца да супольнай малітвы аб выбары новага Папы.