Skip to main content

Прызначаны новыя канонікі Мінскага катэдральнага капітула

16 верасня, 29 верасня
  • 17 верасня, 2025
  • Catholicminsk.by

16 верасня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прызначыў двух новых канонікаў Мінскага катэдральнага капітула святога Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай.

Тытул ганаровых канонікаў атрымалі ксёндз доктар Віктар Гайдукевіч SDB і ксёндз магістр Андрэй Сіповіч.

Урачыстая святая Імша з удзелам Мінскага катэдральнага капітула, падчас якой новыя канонікі атрымаюць свае пасады, адбудзецца 29 верасня, ва ўспамін святога Міхала Арханёла, нябеснага заступніка капітула.

Пачатак у 12.00.

Кс. кан. д-р Віктар Гайдукевіч SDB нарадзіўся 21 чэрвеня 1978 г. у в. Жупраны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. Сакрамэнт хросту атрымаў 30 ліпеня 1978 г. у Жупранах у парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла з рук кс. Фелікса Карпінскага. Там жа 7 жніўня 1988 г. прыступіў да Першай святой Камуніі, якую атрымаў з рук тагачаснага пробашча кс. Юзафа Занеўскага. Сакрамэнт канфірмацыі прыняў у 1996 г. у пасёлку Акцябрскі (Расія) з рук дэлегаванага святара — кс. прэлата Антонія Гея.
• 1984–1995 гг. — навучанне ў Жупранскай сярэдняй школе імя Францішка Багушэвіча;
• 1995–1996 гг. — навіцыят (п. Акцябрскі, Расія). Першы салезіянскі навіцыят у Расіі;
• 26 жніўня 1996 г. — першыя манаскія абяцанні, складзеныя на рукі Генеральнага настаяцеля Салезіянскай супольнасці Хуана Эдмундо Вэккі;
• 1996–1998 гг. — курс філасофіі ў Папскай філасофска-тэалагічнай акадэміі (Кракаў, Польшча);
• 1998–2000 гг. — выхаваўчая практыка ў інтэрнаце для дзяцей і моладзі (Рэгенсбург, Германія);
• 2000–2003 гг. — курс тэалогіі ў Філасофска-тэалагічным універсітэце салезіянаў св. Яна Боско (Бэнэдыктбойерн, Германія);
• 2003–2007 гг. — паслядыпломнае вывучэнне кананічнага права на Каталіцка-тэалагічным факультэце Універсітэта Людвіга-Максіміліяна ў Мюнхене (Германія), ступень ліцэнзіята кананічнага права;
• 16 кастрычніка 2005 г. — дыяканскае пасвячэнне (Мюнхен, Германія);
• 2 верасня 2006 г. — святарскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам у парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Жупранах;
• 2007-2008 гг. — адміністратар салезіянскага дома ў Смаргоні (Гродзенская дыяцэзія) і вікарый парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні;  
• 2008-2013 гг. — дырэктар салезіянскай прысутнасці ў Мінску і вікарый парафіі Святога Яна Хрысціцеля;
• 2009-2015 гг. — дырэктар Нацыянальнага Карытас пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі;
• 2015-2023 гг. — віцэ-афіцыял Міждыяцэзіяльнага касцёльнага суда ў Мінску;
• 2013-2017 гг. — дырэктар салезіянскай прысутнасці св. Дамініка Савіё ў Бараўлянах;
• 2017-2019 гг. — член Працоўнай камісіі пры ККББ па справах кантактаў з дзяржавай;
• 2013-2022 гг. — дэлегат Інспектара для салезіянаў св. Яна Боско ў Беларусі;
• 2019-2022 гг. — старшыня Аб’яднання вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі;
• 2023-2025 гг. — курс доктарскай падрыхтоўкі на Каталіцка-тэалагічным факультэце Універсітэта Людвіга-Максіміліяна ў Мюнхене (Германія), ступень доктара кананічнага права;
• з 25 лістапада 2024 г. — старшыня Беларускай асацыяцыі касцёльнага права (Мінск);
• з 14 ліпеня 2025 г. — дырэктар рэлігійнай арганізацыі «Рымска-каталіцкая рэлігійная місія “Таварыства Святога Францішка Сальскага”»;
• з 2025 г. — сакратар Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ;
• з 2025 г. — дырэктар салезіянскай прысутнасці св. Дамініка Савіё ў Бараўлянах і адміністратар парафіі св. Мацвея ў Раўбічах.

Фота: sdb.by

Кс. кан. маг. Андрэй Сіповіч нарадзіўся 24 красавіка 1970 г. у в. Брыцікі Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці. У 1987 г. закончыў сярэднюю школу №1 у г. п. Шаркаўшчына. Пасля заканчэння школы вучыўся ў ПТВ, служыў у войску, працаваў кінамеханікам.
У 1992 г. паступіў у Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю. У 1997 г. атрымаў дыяканскае пасвячэнне. 7 снежня 1998 г. у мінскай архікатэдры атрымаў святарскае пасвячэнне з рук кардынала Казіміра Свёнтка.
• 1999-2000 гг. — вікарый у парафіі Беззаганнага Зачацця Насвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску;
• 2000-2004 гг. — навучанне ў Люблінскім Каталіцкім Універсітэце;
• 2001-2016 гг. — выкладчык філасофскіх дысцыплін у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску;
• 2004 г. — навуковая ступень магістра філасофіі;
• 2003-2007 гг. — пракуратар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску;
• 2007-2012 гг. — пробашч парaфіі св. Юзафа ў Гарадзеі і выконваючы абавязкі пробашча ў парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Снове;
• са жніўня 2012 г. — пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Мінску;
• 2009-2012 гг. — выкладчык у Катэхетычны каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах;
• з 2010 г. — выкладчык Цэнтра падрыхтоўкі катэхетаў у Мінску;
• з 2012 г. — каардынатар руху сужэнскай духоўнасці «Equipes Notre-Dame» (супольнасць Маці Божай);
• 2013-2021 гг.  — выкладчык Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля;
• з 2013 г. — эканом Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля;
• з 2022 г. — экзарцыст Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.