Skip to main content

Працягваецца Навэнна з нагоды малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Божай Міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Марыі

  • 31 студзеня, 2025
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: Ave-maria.by // Catholicminsk.by

29 верасня 2024 года арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, выдаў Распараджэнне, у якім абвясціў, што ў кожную першую суботу месяца з 5 кастрычніка 2024 года па 7 чэрвеня 2025 года ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе будзе праводзіцца малітоўная падрыхтоўка да прысвячэння Мінска-Магілёўскай Мітраполіі Божай Міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды Юбілейнага года хрысціянства і 90-годдзя Вяночка да Божай міласэрнасці. З гэтай нагоды іерарх таксама абнародаваў адмысловае Пасланне.

У сваім Распараджэнні арцыпастыр адзначыў, што 5 ліпеня 2025 года ў Нацыянальным санктуарыі, падчас штогадовай урачыстасці Маці Божай Будслаўскай, адбудзецца прысвячэнне Мінска-Магілёўскай Мітраполіі, гэта значыць, усяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Божай Міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Яно стане падзякай за атрыманыя ласкі, перапрашэннем за ўчыненыя грахі чалавецтва і нашага народа, просьбай аб Божай міласэрнасці для нас і для ўсяго свету, абяцаннем поўнага даверу і аддання Пану Богу.

Паводле апублікаванага Плану наведвання санктуарыя, 11 дэканатаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама парафія ў Будславе, былі размеркаваны паміж днямі трывання Навэнны. Таксама на кожны дзень Навэнны былі вызначаны адказныя святары-дэканы. Гэта азначае, што ў прызначаны дзень адказныя дэканы арганізуюць аўтапілігрымку вернікаў сваіх дэканатаў у Нацыянальны санктуарый. Вернікам, якія будуць прыбываць у будслаўскую базыліку з нагоды духоўнай падрыхтоўкі, спадарожнічаюць адмыслова вызначаныя інтэнцыі. Так, напрыклад, 1 лютага ў Будслаў запрошаны вернікі Нясвіжскага дэканату на чале са сваім дэканам, ксяндзом канонікам Пятром Шарко. Малітоўнай інтэнцыяй у гэты дзень удзельнікі духоўнай падрыхтоўкі будуць ахінаць язычнікаў і няверуючых, якія яшчэ не ведаюць пра Божую Міласэрнасць.

На кожную першую суботу месяца была прапанавана Праграма наведвання санктуарыя. Сярод яе пунктаў варта адзначыць:

  1. Выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якога праводзіцца Набажэнства перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі, спалучанае з Фацімскім Ружанцам з разважаннямі з “Дзённіка” святой Фаўстыны Кавальскай (тэкст Набажэнства, складзены Выдавецтвам “Pro Christo”, можна спампаваць у памеры А4 ці А5). Падчас Адарацыі ёсць магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння.
  2. Канцэлебраваную святую Імшу.
  3. Духоўную канферэнцыю, прысвечаную Юбілейнаму 2025 году або тэматыцы пэўнага дня Навэнны. У якасці дапамогі прапануецца выкарыстоўваць Тэксты на кожны дзень Навэнны ад Выдавецтва “Pro Christo”, якія таксама можна спампаваць у памеры А4 ці А5.
  4. Набажэнства да Божай Міласэрнасці, якое складаецца з разважання фрагменту “Дзённіка” святой сястры Фаўстыны, Вяночка і Літаніі да Божай Міласэрнасці.
  5. Благаслаўленне вады і рэлігійных рэчаў, а таксама благаслаўленне ўдзельнікаў духоўнай падрыхтоўкі на вяртанне дадому.

Арцыбіскуп Станеўскі запрашае да ўдзелу ў гэтай малітоўнай акцыі манаскія, рэлігійныя супольнасці і рухі, моладзь і ўсіх вернікаў. Падчас духоўнай падрыхтоўкі яе ўдзельнікі будуць дзякаваць за 2025 гадоў хрысціянства і перапрашаць Бога за грахі свету. Праз набажэнства да Божай Міласэрнасці яны будуць “выпрошваць у Міласэрнага Бога літасці для свету і нашай краіны, для ўсіх нас, нашых сем’яў і супольнасцяў”, а таксама будуць “прасіць аб спакоі ў свеце, давяраючы Яму лёс свету і лёс кожнага чалавека”.

Прыпомнім, што нагодамі для абвяшчэння малітоўнай падрыхтоўкі сталіся Юбілейны год хрысціянства, а таксама 90-годдзе Вяночка да Божай Міласэрнасці і 120-годдзе з дня нараджэння апосталкі Божай Міласэрнасці святой сястры Фаўстыны Кавальскай.

Апостальская Сталіца абвясціла 2025 год Святым годам. Спецыяльным дэкрэтам яна надала пэўныя прывілеі, між іншым, магчымасць атрымання поўнага адпусту пад звычайнымі ўмовамі пры наведванні (праходжанні праз уваходную браму) ўстаноўленых папам або мясцовым біскупам юбілейных касцёлаў і ўдзельнічанні ў святой Імшы ці іншых набажэнствах у іх. Малая базыліка ў Будславе, разам з катэдральным касцёлам Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску і конкатэдрай Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве, з’яўляецца адным з такіх касцёлаў. Для больш плённага ўдзелу ў пілігрымаванні ў юбілейную святыню была прапанаваны Малітвы на Юбілейны год, якія можна спампаваць у памеры А4.

Мэта кожнага юбілею хрысціянства — ажывіць і паглыбіць веру, дапамагчы людзям знайсці Хрыста, асэнсаваць сваё жыццё і распазнаць місію, якую даручае Бог кожнаму з іх. Дзякуючы падрыхтоўцы да гэтага юбілею вернікі павінны глыбей усвядоміць галоўную сутнасць хрысціянства, якая заключаецца ў Божай любові і міласэрнасці, што “сыходзіць з Найсвяцейшага Сэрца Езуса”. Такім чынам, наступны год павінен стаць своеасаблівым працягам года ўміласціўлення Найсвяцейшага Сэрца Езуса, «бо ў Пана міласэрнасць і шчодрае ў Яго адкупленне» (Пс 130 (129), 7).

Вяночак да Божай Міласэрнасці прадыктаваў святой Фаўстыне сам Езус Хрыстус, заахвочваючы маліцца яго, каб ратаваць грэшнікаў. Дзякуючы малітве Вяночка, як сказаў Пан Езус сястры Фаўстыне, улагоджваецца Божы гнеў і праліваюцца неабходныя і шчодрыя ласкі. Святая Фаўстына піша ў Дзённіку, як Езус падкрэсліў: «Скажы, што міласэрнасць — гэта найвялікшая ўласцівасць Бога… Чалавецтва не знойдзе супакаення, пакуль не звернецца з даверам да Маёй міласэрнасці…» (Дзённік, 300–301). Таму арцыпастыр заахвочвае як мага часцей звяртацца да гэтай малітвы як “начыння бязмежнай Божай Міласэрнасці”, якая з’яўляецца крыніцай надзеі і спакою.