Skip to main content

Працягваецца акцыя «Дар сэрца для парафій у патрэбе»

11 мая – 6 жніўня
  • 20 чэрвеня, 2025
  • Catholicminsk.by

Акцыя дапамогі маламаёмасным парафіям Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі працягваецца да свята Перамянення Пана.

У пастырскім Звароце да духавенства і вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на Нядзелю Добрага Пастыра, якая сёлета адзначалася 11 мая, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі анансаваў распачацце акцыі «Дар сэрца для парафій у патрэбе», якая з’яўляецца лагічным працягам леташняй акцыі «Дар сэрца для Магілёўшчыны», распаўсюджанай на тэрыторыю ўсёй архідыяцэзіі. Аб яе далейшым працягу арцыпастыр паведаміў 12 чэрвеня падчас пастырскай сустрэчы ў Валожыне.

«Дар сэрца для парафій у патрэбе» — гэта ініцыятыва дыяцэзіяльнага ўзроўня, скіраваная на аптымізацыю некаторых канкрэтных момантаў дзейнасці нашага мясцовага Касцёла ў эканамічнай галіне. Мэтай дадзенай акцыі з’яўляецца арганізацыя дапамогі парафіяльным супольнасцям і святарам, якія маюць патрэбу ў дапамозе ў галіне належнай арганізацыі душпастырскай дзейнасці, рэалізацыі канкрэтных душпастырскіх ініцыятыў, канкрэтных інвестыцыйных праектаў, а таксама аплаты бягучых выдаткаў у парафіях.

Акцыя адбываецца праз распаўсюджванне за добраахвотнае ахвяраванне ва ўсіх парафіях нашай архідыяцэзіі адмысловых картачак — сімвалічных знакаў «дару сэрца». Картачкі ўжо былі дасланыя пробашчам усіх парафій архідыяцэзіі.

Далучыцца да акцыі можна будзе праз складанне ахвяраванняў у парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Трэба звярнуцца да свайго душпастыра, які падкажа, як гэта зрабіць. Таксама ёсць магчымасць скласці ахвяраванне анлайн: на плакатах аб ініцыятыве можна знайсці адмысловы QR-код, а таксама код паслугі ў сістэме АРІП.

«Запрашаем вас скласці ахвяраванне, якое стане вашым ўкладам, дарам сэрца ў справе арганізацыі належнага функцыянавання нашых малазабяспечаных каталіцкіх парафій»,

— заклікае ў пастырскім Звароце арцыбіскуп Станеўскі.

Акцыя працягваецца да 6 жніўня ўключна.

Выява ілюстрацыйная.