Пастырская сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбылася ў Валожыне
- 14 чэрвеня, 2025
- Catholicminsk.by

12 чэрвеня ў Свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, у касцёле Святога Юзафа у Валожыне адбылася пастырская сустрэча святароў, якія нясуць служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
У сустрэчы прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, а таксама святары.

Усіх прысутных шчыра прывітаў пробошч парафіі ксёндз Валянцін Станкевіч.

Сустрэча распачалася духоўнай канферэнцыяй, якую прамовіў ксёндз канонік Андрэй Далянскі. Святар засяродзіўся на тэме святарскай святасці на ўзор Езуса Хрыста вечнага Святара. Асабліва на гэта звяртаў ўвагу Папа Бэнэдыкт XVI, якога ён працытаваў: «Менавіта рыса святасці вельмі важная да кожнага святара дзеля духоўнага абнаўлення Касцёла. Таксама святару трэба быць прыкладам для новых пакаленняў пакліканых да святарства і кансэкраванага жыцця».

«Вельмі важна каб мы, святары, вярталіся да першапачатковай Любові ў асобе Езуса Хрыста, — працягваў ксёндз Андрэй. — Святар — гэта ў першую чаргу чалавек малітвы, і яго месца — у святыні, па прыкладу Хрыста, каб падчас малітвы зразумець Божыя справы і здзейсняць служэнне для збаўлення…»
«Святарства, якое мы атрымалі ад Бога як дар, мае вечнае, а не часовае, вымярэнне»,
— такую выснову зрабіў духоўны айцец напрыканцы канферэнцыі.

Падчас супольна цэлебраванай святой Імшы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі нагадаў ў гаміліі пра тое, што ўстанавіў гэтае свята Папа Пій XII у 1952 годзе. Спачатку яно распаўсюджвалася ў іспанамоўных краінах, а потым і ва ўсім Касцёле.

Паводле слоў іерарха, святарства пасля Уваскрасення Хрыста і Спаслання Духа Святога набывае новый сэнс у ахвяры Езуса Хрыста, Вечнага Святара, які заступаецца за нас перад Богам Айцом.
«У сваёй любові Езус Хрыстус пажадаў падзяліцца гэтым святарствам з чалавецтвам»,
— сцвердзіў арцыпастыр.

Ён нагадаў, што Хрыстус паклікаў апосталаў, каб яны здзяйснялі эўхарыстычную перамену хлеба ў Яго Цела і віна ў Яго Кроў. Дзякуючы крыжовай ахвяры нашага Збаўцы і дару Эўхарыстыі кожны святармчуе гэты Езусавы заклік да святарства, асабліва падчас абраду святарскага пасвячэння.
«Святарства — гэта любоў Сэрца Езуса!»
— нагадаў прысутным словы святога пробашча з Арса Яна Марыі Віянэя іерарх.

Святар, паводле яго думкі, пакліканы быць сябрам Хрыста, как сведчыць ў сваім жыцці словам і ўчынкамі пра дзеянні Збаўцы чалавецтва. Арцыбіскуп заўважыў, што наша радзіма мае такіх святых і благаслаўлёных святароў, якія з’яўляюцца прыкладам веры і адданасці: святога Максімільяна Марыю Кольбэ, благаслаўлёных францішканаў Германа і Ахілеса, благаслаўлёныхя марыянаў — мучанікаў з Росіцы, благаслаўлёнага Генрыха Глябовіча. Арцыпастыр анансаваў, што пра іх ахвяру будзе адбывацца разважанне падчас штогадовай канферэнцыі пад назвай «Сведкі веры і міласэрнасці». Сёлета першая канферэнцыя пройдзе 24 чэрвеня ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску.

Іерарх успомніў таксама пра тых сведкаў, якія за веру былі сасланыя ў канцлагеры. Гэта «кардынал Казімір Свёнтэк, першы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, ксёндз Міхал Варанецкі, ксёндз Юзаф Маціеўскі, мой пробашч і твой, і ваш, і іншыя святары, якія пакінулі нам прыклад безумоўнай адданасці свайму святарству. Гэта таксама беатыфікаваныя святым Янам Паўлам ІІ 108 мучанікаў Другой сусветнай вайны, сярод якіх ёсць і нашы землякі».

«Дарагія браты ў святарстве, наша заданне — імкнуцца да поўнай ідэнтычнасці нашага служэння з Хрыстовым», — падкрэсліў арцыбіскуп, заўважыўшы, што сёння шмат святароў хваліцца, колькі яны зрабілі для Хрыста і Касцёла. «А колькі мы робім з Хрыстом? — задаўся пытаннем іерарх. — Таму слушна заўважыў святы Ян Марыя Віянэй: “Усе назапашаныя намі даброты і добрыя справы нельга параўноўваць з ахвярай святой Імшы. Бо нашыя справы — гэта справы чалавека, тады як святая Імша — гэта справа самога Бога”».

Далей арцыпастыр працягнуў гамілію разважаннем пра святарскія пакліканні, за якія, паводле яго пераканання, асаблівым чынам адказныя біскупы і святары. Ён пералічыў за апостальскай адгартацыяй Pastores dabo vobis так званыя «сродкі абуджэння пакліканняў»:
- сведчанне жыцця святароў,
- безумоўная іх адданасць Божай аўчарні,
- служэнне Хрысту і Касцёлу, якое заключаецца ў нясенні крыжа, прынятым з пасхальнай надзеяй і радасцю,
- братэрская згода і гарачае жаданне абвяшчаць Евангелле Хрыста.
Гамілію арцыбіскуп Станеўскі завяршыў малітвай святой Фаўстыны Кавальскай, апосталкі Божай Міласэрнасці: «Пане, дай нам святых святароў. Ты сам захавай іх у святасці».

Пасля Імшы адбылася арганізацыйная частка сустрэчы, падчас якой дзекан Магілёўскі ксёндз Андрэй Кеўліч падзякаваў тым святарам, якія разам са сваімі вернікамі далучыліся да акцыі «Дар сэрца для Касцёла на Магілёўшчыне», анансаванай 11 мая, у нядзелю Добрага Пастыра, а таксама даў падрабязную справаздачу аб суме сабраных ахвяраванняў і аб яе фактычным прызначэнні. Арцыбіскуп Станеўскі прыпомніў прысутным аб далейшым працягу акцыі і заахвоціў прысутных пробашчаў прыняць у ёй удзел. Былі ўзнятыя таксама іншыя пытанні. Сустрэча завяршылася пастырскім благаслаўленнем.