Skip to main content

Працэсія з абразом Езуса Міласэрнага і Імша з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча прайшла ў Барысаве (+фотарэпартаж)

11 красавіка
  • 13 красавіка, 2026
  • Тэкст і фота: Віктар Ведзень // Catholicminsk.by

11 красавіка, напярэдадні свята Божай Міласэрнасці, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ў другую нядзелю пасля Уваскрасення Хрыста, вернікі барысаўскай парафіі Спаслання Святога Духа на чале са сваім душпастырам ксяндзом прэлатам Уладзіславам Завальнюком сустрэлі Езуса ў Яго міласэрным Абліччы.

Разам са святарамі ва ўрачыстасці прыняў удзел арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Вернікі разам з шаноўным іерархам каля скрыжавання спартыўнага комплексу «Барысаў-Арэна» прывіталі пілігрымаў з Мінска, якія прывезлі абраз Езуса Міласэрнага. Адтуль разам ва ўрачыстай працэсіі, са словамі малітвы аб Божай дапамозе, абраз урачыста занеслі ў барысаўскую святыню.

Гісторыя з’яўлення гэтага абраза звязана з зямной радзімай Хрыста — святым горадам Ерузалемам. Менавіта там некалькі год таму ў адным з кляштараў была напісана гэтая выява Збаўцы і перададзена ў Беларусь маладзечанскай парафіі святога Юзафа, дзе яна знаходзідася дагэтуль. Цяпер ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, дэкан Маладзечанскі, ад імя сваёй парафіі перадаў яго ў дар, каб перад ёй маглі маліцца вернікі Барысава і шматлікія пілігрымы, што наведваюць касцёл Спаслання Святога Духа.

На пачатку Імшы арцыбіскуп Тадэвуш асвяціў абраз, які заняў сваё пачэснае месца справа ад алтара. Пасля яшчэ былі нанава асвечаны 2 фігуры святых, якія пасля рэстаўрацыйных прац мастачкі з Маладзечна Ядвігі Сенько прывязлі ў парафію: фігура святога манаха езуіта Алаізія Ганзагі (гэты святы з’яўляецца апекуном моладзі і студэнтаў, а таксама тых, хто выбірае свой жыццёвы шлях) і святой сястры кармэліткі Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса.

Сярод запрошаных гасцей прысутнічаў прадстаўнік Праваслаўнай Царквы — сакратар Барысаўскай епархіі, настаяцель барысаўскага храма Дзмітрыя Данскога протаіерэй Сергій Башкіраў, які ад імя епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Амвросія звярнуўся да вернікаў з велікодным прывітаннем «Хрыстос уваскрос!» і выказаў словы падзякі за запрашэнне і віншаванні з Пасхай і з прыбыццём «святога ліка Ісуса Хрыста».

«Вобраз Хрыста, які сёння прыбыў сюды, думаю, будзе заступнікам і гэтага месца, і горада Барысава. Калі мы разважаем аб Збаўцы, чытаем у Евангеллі аб апошніх муках (а гэта справа кожнага хрысціяніна, асабліва ў гэтыя збаўчыя дні Пасхі) — мы дзівімся міласэрнасці Бога ў адносінах да чалавека. Усё, што Ён робіць — гэта дзеля нас, каб дараваць нам надзею на жыццё вечнае і скараціць разрыў паміж чалавекам і Богам. Бо Бог наш сапраўды міласэрны, і Яго міласэрнаць бязмежна для ўсіх людзей», — сказаў протаіерэй Сергій.

Урачыстае набажэнства было ўпрыгожана спевам парафіяльнага хора мінскага касцёла Святых Сымона і Алены «Голас душы», які ўзнік па задуме тагачаснага пробашча сталічнай парафіі ксяндза Уладзіcлава Завальнюка ў 1989 годзе.

Звяртаючыся да вернікаў у гаміліі, арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў пра святую сястру Фаўстыну Кавальскую, якую часта называюць «сакратаркай Божай Міласэрнасці». Менавіта яна запісала тое, што ў сваіх аб’яўленнях гаварыў ёй Езус. Праз яе мы атрымалі Яго словы і можам бачыць абраз Міласэрнага Хрыста.

«“Дзённік” Фаўстыны — гэта скарбніца, вучэння аб Божай Міласэрнасці з якога трэба карыстацца. Там мы знойдзем адказы на пытанні цяперашняга часу»,,

— заўважыў арцыбіскуп.

Арцыпастыр дадаў, што трэба глядзець на абраз ўважліва і не толькі як на мастацкі твор. Кожны абраз прамаўляле і з’яўляецца «акном у веру». Калі мы паглядзім на правую руку Езуса, то ўбачым, што Збаўца бласлаўляе людзей, бо Ён ніколі не адкідае чалавека. Сваёй левай рукой Ён паказвае сэрца — сімвал любові і міласэрнасці. З гэтага сэрца б’юць два промні: чырвоны і белы. Чырвоны колер сімвалізуе кроў, пралітую за чалавецтва, белы — ваду як сімвал хросту і ачышчэння ад нашых грахоў.

«Калі мы паглядзім на Яго ногі, убачым, што адна нага наперадзе другой, а гэта значыць, што Ён не статычны, а ідзе да нас, хоць мы і часта ўцякаем, не жадаючы сустракацца з Ім»,

— заўважыў прамоўца.

Самае вялікае няшчасце для чалавека, паводле арцыбіскупа, — гэты калі ён не заўважае Езуса, які прыходзіць да яго рознымі спосабамі: праз Святое Пісанне, сакрамэнты, Эўхарыстыю, дабрачыннасць, іншага чалавека… «і мы павінны быць здольныя сустрэць Яго». А надпіс, бачны на абразе ўнізе, — «Езу, давараю Табе!» — нагадвае пра вернасць Бога сваім абяцанням. «Гэта выраз абсалютнай веры чалавека ў тое, што Бог любіць яго, нягледзячы на ўсе грахі, і жадае яму толькі дабра. Гэта прызнанне Бога адзінай надзеяй у жыцці», — рэзюмаваў іерарх.

Яшчэ адным падарункам для барысаўчан у Пасхальны перыяд стала ўсталяванне на касцёле Спаслання Святога Духа падсвятлення ўсіх сямі крыжоў.

«Цяпер ноччу здалёк бачна барысаўскую святыню, нібы маяк у цемры для заблукалых душ, духоўны арыенцір, што вядзе на дарогу праўды», — дзеляцца парафіяне.

На заканчэнне ўрачыстасці пробашч Уладзіслаў падзякаваў усім, хто змог раздзяліць гэтую духоўную падзею для парафіі. Асаблівая падзяка прагучала ў адрас прадстаўнікоў дзяржаўнай улады і міліцыі, якія адгукнуліся на ідэю правядзення працэсіі і бяспечнага суправаджэння ўдзельнікаў. «Мы павінны разам у малітоўным настроі і веры ісці за Хрыстом, каб гэтая дарога стала шляхам да збаўлення. Сёння мы маем Езуса, які пры ўваходзе вітае кожнага з нас. Пад’ём духа і Божая ласка дзейнічаюць на нашай зям’лі, бо міласэрнасць Божая распаўсюджваецца на кожнага», — падкрэсліў прэлат Завальнюк.

Пасля Імшы для ўсіх гасцей і пілігрымаў быў арганізаваны парафіяльны пікнік.

Трансляцыю набажэнства са словам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча можна паглядзець на YouTube канале «Голас Душы». У хуткім часе таксама выйдзе відэасюжэт з працэсіяй у Барысаве.