Skip to main content

Памятаць пра Божую дабрыню. Па старонках студзеньска-лютаўскага нумара часопіса «Ave Maria»

Студзень-люты 2026 года
  • 14 лютага, 2026
  • Тэкст: Ганна Шаўчэнка // Catholicminsk.by
  • AVE-MARIA.BY

Сёлета Касцёл у Беларусі мае асаблівую нагоду для таго, каб узносіць Богу хвалу і падзяку — мы адзначаем 35-годдзе аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла на нашай зямлі.

За гэтай складанай «юбілейнай» фармулёўкай стаіць нямала ахвяраў, мноства малітваў, шмат цяжкіх намаганняў веруючых людзей, а таксама няпростыя лёсы, у якіх адданасць Касцёлу адыграла ключавую ролю. На старонках новага нумара часопіса «Ave Maria» мы вырашылі пазнаёміць чытачоў з некаторымі падзеямі таго часу і з асобамі, якія не шкадавалі сілаў і працы ў змаганні за святыні, за веру ў нашым Краі.

Незаменную ролю ў гэтым адраджэнні адыграў арцыбіскупТадэвуш Кандрусевіч, юбілей якога па часе сімвалічна супаў з юбілеем Касцёла.

Пра ўрачыстае святкаванне юбілею арцыбіскупа распавядае Ян Лысы ў рэпартажы «80 гадоў вернасці Богу». Сваімі ўспамінамі пра сур’ёзную барацьбу за святыні дзеляцца героі матэрыяла Галіны Калевіч «Сведкі падзеяў і сведкі веры» — Эдуард Голуб, Станіслава Цішкевіч, Бэрнарда Мілашэўская і Міхаліна Ваўчок. У артыкуле «Жыццё ў руху» Іна Бігель распавядае пра святарскае служэнне айца Анатоля Ярошкі OFMCap, пачатак працы якога супаў з пачаткам адраджэння структураў.

Сёння, праз 35 гадоў аднаўлення, сярод маладзейшых пакаленняў ёсць небяспека абыякавасці да мінулых падзеяў, небяспека няўдзячнасці, таму што адроджаная вера ўжо ўспрымаецца як належнае. На гэтую тэму разважае Тэрэса Клімовіч («У маштабах веры і сэрца: памятаць пра Божую дабрыню»), заклікаючы кожнага ў асабістай малітве дзякаваць за кожнага вядомага і невядомага ўдзельніка адраджэння так, быццам гэтыя намаганні былі ўкладзеныя менавіта «дзеля мяне».

Акрамя таго, у студзеньска-лютаўскім нумары часопіса распавядаецца пра яшчэ некалькі важных юбілеяў у паўсюдным Касцёле: 800-годдзе спачыну святога Францішка (Аляксандр Панчанка, «Святы Пасад: поўны адпуст у 800-годдзе смерці святога Францішка»,), а таксама 300 гадоў кананізацыі святога Яна ад Крыжа і 100 гадоў абвяшчэння яго Доктарам Касцёла (айцец Аркадзь Куляха OCD «Святы Ян ад Крыжа — паэт любові і містык Касцёла»).

Чытачоў чакаюць шматлікія іншыя цікавыя матэрыялы пад рубрыкамі «Святар адказвае на пытанне», «Школа малітвы», «Старонка псіхолага», рэпартажы і навіны з жыцця Касцёла ў Беларусі і свеце.

На апошніх старонках вокладкі змешчана «Навэнна да святога Францішка Асізскага».

Набыць часопіс можна:

  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.