Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB у Пальмовую нядзелю ў Магілёве: «Хрыстус прыходзіць не браць, а даваць і благаслаўляць»
- 30 сакавіка, 2026
- Тэкст: Ян Багдановіч / Фота Рыта Ляховіч // Catholicminsk.by
29 сакавіка магілёўская катэдра напоўнілася асаблівай радасцю і хваляваннем. Вернікі з вербамі ў руках сабраліся, каб разам перажыць таямніцу Пальмовай нядзелі — дзень, калі Хрыстус уваходзіць у Ерузалем як Валадар, але Валадар незвычайны, поўны пакоры і любові.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, разам з якім канцэлебраваў пробашч парафіі ксёндз Уладзімір Русак.
У гаміліі біскуп Яшэўскі асабліва падкрэсліў драматычны і адначасова ўзнёслы момант уваходу Езуса ў Ерузалем. Ён нагадаў, што людзі не раз хацелі зрабіць Езуса каралём, але Ён адыходзіў, бо «Яго час яшчэ не надышоў».
Аднак у гэты дзень усё змянілася. «Цяпер Ён хацеў урачыста завалодаць каралеўскім горадам Давіда… ваш кароль, Сын Давіда, прыходзіць да вас!» — прагучала з амбоны. Гэта быў не проста ўваход у горад — гэта было адкрытае абвяшчэнне Яго місіі, Яго годнасці, Яго любові да чалавека.

Вернікі ў гэты дзень трымаюць у руках пальмавыя галінкі і вербы — сімвал пашаны і вернасці. Але біскуп заклікаў прысутных паглядзець глыбей:
Ён нагадаў, што той самы натоўп, які радасна вітаў Езуса, праз некалькі дзён крычаў: «Укрыжуй Яго!». Гэта моцнае папярэджанне: вера патрабуе не толькі жэстаў, але і вернасці ў сэрцы.
Асаблівую ўвагу біскуп надаў сімволіцы дня: уваход Езуса адбыўся ў той самы час, калі ў Ізраэлі выбіралі ягнят на Пасху. «У горад увайшоў Той, каго Ян называў Ягнём Божым… каб вызваліць свет ад граху і асвяціць яго», — сказаў іерарх. Ён падкрэсліў, што «сапраўдная ахвяра — гэта не кроў жывёл, а дух паслухмянасці і любові, які Хрыстус прынёс Айцу за ўсё чалавецтва».

Біскуп Яшэўскі заклікаў вернікаў жыць так, каб аднойчы далучыцца да тых, хто ў вечнасці будзе стаяць перад Баранкам з пальмамі перамогі:
Асабліва кранальна прагучалі словы пра тое, што Хрыстус чакае не знешніх урачыстасцяў, а адкрытага сэрца: «Што азначаюць вашыя крыкі? Я прыйшоў не для таго, каб пачуць прыгожыя словы, але каб атрымаць вашу любоў… Дайце мне вашыя сэрцы і саміх сябе».
У завяршэнне біскуп звярнуўся да Пана:



















