Skip to main content

У галоўным касцёле Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі падзякавалі Богу за 33-годдзе яе існавання

13 красавіка
  • 15 красавіка, 2024
  • Тэкст: кс. Павел Федаровіч MIC, фота: Станіслаў Зданцэвіч, Аляксандр Кірыленка

13 красавіка ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша падзякі з нагоды 33-годдзя ад моманту заснавання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Разам з арцыбіскупам Юзафам Станеўскім, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, які ўзначаліў эўхарыстычную цэлебрацыю, маліліся прадстаўнікі катэдральнага капітула Святога Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай, кансэкраваныя асобы, міністранты, якія ўдзельнічалі ў адмысловай сустрэчы, а таксама вернікі.

Арцыбіскуп Юзаф у прывітальным слове на пачатку Літургіі ўзгадаў, што ў 1991 г. разам з прысутным на святой Імшы кс. канонікам Францішкам Рудзем, будучы семінарыстамі, чулі ў Гродзенскай катэдры словы дэкрэту Апостальскай Сталіцы, паводле якога ўтваралася новая Мінска-Магілёўская архідыяцэзія.

У прамоўленай гаміліі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўзгадаў першаснае паходжанне слова “дыяцэзія”,  якое выкарыстоўвалася ў Рымскай імперыі ў якасці назвы адміністрацыйнай адзінкі і тлумачылася як “кіраванне”. Цяпер гэты тэрмін выкарыстоўваецца ў касцёльнай наменклатуры і азначае частку Божага народа, давераную пастырскай апецы біскупа ў супрацоўніцтве з прэзбітэрыем.
Ён таксама зазначыў, што сённяшні ўспамін з’яўляецца нагодай да праслаўлення Бога сваім жыццём. Усе, хто ўтварае Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію – біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі, – запрошаныя да таго, каб станавіцца прыкладам і натхненнем адзін для аднаго, каб быць адважнымі і вернымі носьбітамі Божага святла, праўды і любові.

На заканчэнне Эўхарыстыі арцыбіскуп Юзаф узгадаў пра сваіх папярэднікаў – кардынала Казіміра Свёнтка і арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Апошні з пералічаных іерархаў 13 красавіка 1991 г. быў скіраваны на служэнне ў Маскву, каб 10 лістапада 2007 г. вярнуцца на Радзіму і ўзначаліць Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію. Сённяшні, трэці па ліку Мітрапаліт падзякаваў іерархам за іх намаганні падчас служэння Божаму народу архідыяцэзіі і заахвоціў усіх прысутных быць сапраўднымі сведкамі веры.