Skip to main content

Падчас “Тыдня бацькоўскай любові” ў Мінску адбыўся шэраг мерапрыемстваў з удзелам прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла

14-21 кастрычніка
  • 4 лістапада, 2024
  • Тэкст і фота: кс. кан. Францішак Рудзь // Catholicminsk.by

З 14 па 21 кастрычніка ў Беларусі адзначаўся “Тыдзень бацькоўскай любові”, які распачаўся Днём матулі, а завяршыўся Днём таты. З гэтай нагоды ў Мінску адбылося некалькі адмысловых мерапрыемстваў.

Парафіяльны касцёл Маці Божай Будслаўскай у мінскім мікрараёне Каменная Горка наведалі школьнікі старэйшых класаў сярэдніх школ Фрунзенскага раёна горада Мінска з мэтай правядзення духоўна-маральнай размовы з вучнямі ўстановаў адукацыі. Гэтая сустрэча, стала для навучэнцаў магчымасцю для абмеркавання важных пытанняў духоўнасці і павагі бацькоў.

Падчас сустрэчы пробашч парафіі ксёндз канонік Францішак Рудзь расказаў пра значэнне веры ў сучасным свеце, пра важнасць маральных каштоўнасцяў і пра тое, як яны могуць дапамагчы людзям у паўсядзённым жыцці. Святар таксама звярнуў увагу на значэнне сям’і і ролі бацькоў у жыцці кожнага чалавека. Святар адзначыў, што маці і бацька адыгрываюць ключавую ролю ў фарміраванні асобы і духоўных каштоўнасцей, з’яўляючыся першымі настаўнікамі і прыкладам для сваіх дзяцей.

Навучэнцы ўстаноў адукацыі мелі магчымасць задаць  пытанні і атрымаць вычарпальныя адказы. Пытанні датычыліся розных аспектаў жыцця: ад асабістых перажыванняў да глабальных праблем чалавецтва.

Асаблівая ўвага была аддадзена сустрэчы з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі па слыху, якая адбылася ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску. Ксёндз Францішак разам з вікарыямі архікатэдральнай парафіі ксяндзом Янам Кузюком і ксяндзом Андрэем Бураком арганізаваў для іх спецыяльную экскурсію па касцёле, што дало магчымасць кожнаму вучню адчуць сябе часткай супольнага дыялога.

Адкрыты дыялог аб’яднаў прадстаўнікоў мінскага Фрунзенскага аддзялення Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, Каталіцкага Касцёла, людзей з абмежаванымі магчымасцямі па слыху і наведвальнікаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Фрунзенскага раёна горада Мінска. У сваім слове ксёндз Францішак Рудзь  падкрэсліў важнасць укаранення прынцыпаў інклюзіўнасці і роўнасці ў грамадстве, адзначыўшы, што духоўныя каштоўнасці даступныя кожнаму чалавеку, незалежна ад яго фізічных магчымасцяў.

Сустрэчы са святарамі пакінулі глыбокі след у сэрцах школьнікаў і дарослых, натхніўшы іх на далейшае вывучэнне духоўных і маральных пытанняў. Настаўнікі і кіраўніцтва Фрунзенскай раённай арганізацыі “Белай Русі” горада Мінска выказалі падзяку святарам за іх ўклад у духоўнае выхаванне моладзі і старэйшых, за стварэнне атмасферы даверу і адкрытасці.