У Рыме адбыўся сімпозіум пра нейранавукі і рэлігію
- 8 чэрвеня, 2024
8 чэрвеня ў Папскай акадэміі жыцця прайшоў цыкл канферэнцый на тэму “Рэлігіі і нейранавукі: якая сувязь?”. Сустрэча ўключала тэматычныя канферэнцыі, а таксама фармат “круглага стала” з прадстаўнікамі хрысціянства, юдаізму і мусульманства. Сярод удзельнікаў быў таксама прадстаўнік з Беларусі, кс. Раман Суша, спецыялізаваны ў клінічнай псіхалогіі.
Сёлетняя сустрэча сабрала экспертаў і навукоўцаў, каб абмеркаваць актуальныя пытанні, звязаныя з узаемадзеяннем рэлігійных і навуковых поглядаў на чалавечы мозг і свядомасць. Паводле Папы Францішка, нейранавукі прапануюць усё больш інфармацыі аб працы чалавечага мозгу, аднак ён адзначае пагрозу, што такія фундаментальныя рэаліі хрысціянскай антрапалогіі, як душа, самасвядомасць і свабода, зараз выглядаюць у новым святле і могуць быць сур’ёзна пастаўлены пад сумнеў некаторымі даследчыкамі (пар. Папа Францыск, Прамова ад 18.11.2017).
“Магчымасць умяшання ў ДНК, магчымасць ушчапляць у арганізм штучныя элементы (кібарг cyborg) і развіццё нейрабіялогіі даюць вялікія магчымасці, але ў той жа час уздымаюць антрапалагічныя і этычныя пытанні”, – падкрэсліў Папа Францішак у паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі Cristus vivit (n. 82).
Сённяшняя канферэнцыя датычыць шырокага кола гэтых пытанняў. Падчас мерапрыемства выступіў неўрабіяэтык кс. Альберта Каррара, прафесар Папскага атэнэума Regina Apostolorum, які абмеркаваў актуальнасць нейраэтыкі і нейратэалогіі, асабліва з эпістэмалагічнай і антрапалагічнай перспектывы. Паводле італ’янскага духоўнага, нас не павінна здзіўляць, што любы духоўны акт мае адлюстраванне ў цялеснасці. Паводле Каррара, дзякуючы гэтаму феномену мы можам прачытаць чалавечыя думкі, як гэта рэалізавана ў праекце mindGPT, і такім чынам даследаваць рэлігійныя феномены.
Прытрымліваючыся сістэмнага інтэгральнага погляду на чалавека, кс. Каррара нагадаў выказванне Марыё Барэгарда (2007), паводле якога “няма адзінай «кропкі Бога», лакалізаванай выключна ў скроневай долі чалавечага мозгу. Гэтыя [рэлігійныя] станы апасродкаваны нейронавай сеткай, добра размеркаванай па ўсім мозгу”.
Наступным дакладчыкам выступіў доктар Філіпа Тэмпія з Універсітэта Турына, які прадставіў разважанні на тэму сувязі паміж нейранавукамі і праблематыкай свабодай волі. Доктар Тэмпіа нагадаў важнасць “адукацыі свядомасці” і “адказнасці свядомасці”, спасылаючыся на падыход партугальскага нейролага Антонія Дамазіа, для якога несвядомыя працэсы ў значнай ступені і рознымі спосабамі адбываюцца пад свядомым кіраўніцтвам. Гэты несвядомы кантроль, паводле Дамазіа, можа быць часткова сфарміраваны “свядомай разнастайнасцю”. Паводле партугальскага навукоўца, “чалавечае дзяцінства і юнацтва займае надзвычай шмат часу, таму што патрабуецца вельмі шмат часу, каб адукаваць несвядомыя працэсы нашага мозгу і стварыць у гэтай несвядомай прасторы мозгу форму кантролю, якая можа (…) дзейнічаць у адпаведнасці са свядомымі намерамі і мэтамі”.
Сустрэча скончылася з анонсам наступных планавых мерапрыемстваў у галінах супрацоўніцтва нейранавук і тэалогіі.
Папская акадэмія для жыцця была заснавана Папам Янам Паўлам II у 1994 годзе. Акадэмія мае на мэце абарону каштоўнасці чалавечага жыцця і годнасці асобы. Яна таксама займаецца пытаннямі штучнага інтэлекту, робаэтыкі, глабальнай біяэтыкі, свядомасці, нейранавукі і этыкі, а таксама этыкай рэдагавання чалавечага геному.