Skip to main content

Нават тынэйджары штурмуюць Біблію: парафія святога Роха прадставіла ўдзельнікаў на конкурс знаўцаў Святога Пісання

  • 1 красавіка, 2026
  • Тэкст і фота: Жанна Мецеж // Catholicminsk.by

Парафіяне мінскага касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы вось ужо восем гадоў запар актыўна ўдзельнічаюць у дыяцэзіяльным конкурсе на веданне Бібліі.

Сёлета свае сілы паспрабавалі 17 чалавек у трох узроставых групах. Самай шматлікай катэгорыяй сталі падлеткі — іх было дзевяць, што не можа не ўражваць, бо далёка не кожны дарослы мае стымул настолькі дасканала вывучаць слова Божае.

Строгая сястра і атмасфера іспыту

Здавалася, што ў дзень адборачнага этапу сам залатагорскі касцёл натхняў вернікаў на добры вынік. Вітражныя шыбы ззялі бляскам каштоўных камянёў, а сонечныя прамяні залатымі блёсткамі рассыпаліся па падлозе. За паўгадзіны да пачатку асоба, адказная за падрыхтоўку — сястра Лілія — засяроджана малілася. У яе постаці адчувалася ледзь прыкметнае, але шчырае хваляванне за выхаванцаў.

Абстаноўку разраджалі дзяўчаткі, якія рэпетуюць чытанне Святога Пісання з амбоны. «Трымаць рукі трэба перад сабой. Калі рукі сабраныя, то і дзіця выглядае засяроджаным», — настаўляла сястра Лілія з інтанацыяй, якая не дапускае пярэчанняў.

Для многіх парафіян яна — увасабленне мяккасці, але падчас падрыхтоўкі да конкурсу сястра адкрываецца як патрабавальны і сур’ёзны педагог.

Конкурс праходзіць у некалькі этапаў: парафіяльны, дэканальны і фінальны. На кожным узроўні ўдзельнікі вырашаюць тэст з дваццаці пытанняў на падставе Евангелля паводле Марка, Мацвея і Лукі. Галоўны сакрэт падрыхтоўкі ад сястры Ліліі просты: «Я кажу ім: спачатку прачытайце гэтыя тэксты і наблізьце іх да сябе. Трэба, каб яны загучалі ў вас».

Падчас падрыхтоўкі сястра сочыць, каб у кожнага вучня быў свой экзэмпляр навучальных тэкстаў: «Гэта дзеці, і ім прасцей па раздрукоўках, — дапаўняе сястра Лілія, — і калі ім не даць матэрыял, яны не будуць займацца. Як і з гэтымі рукамі. Не навучыш, і яны не навучацца».

Па гэтых раздрукоўках вучні робяць дэтальны разбор зместу евангельскага фрагмента — бліжэй да канца заняткаў лісты з тэкстамі звычайна выглядаюць як арт-аб’екты: кожнае слова падкрэслена рознымі маркерамі, праз што паперы становяцца падобнымі на каляровыя дываны.

Драма на «камчатцы» і «каверзныя» пытанні

Канкурсанты сабраліся ў навучальным кабінеце. Тут усё як у школе: парты, дошка, але побач — арган і копія «Апошняй вячэры» Леанарда да Вінчы. Пробашч парафіі ксёндз канонік Юрый Санько прывітаў удзельнікаў, пасля чаго ўсе разам прамовілі «Ойча наш». Каб разрадзіць напружанне, ксёндз пажартаваў:

«Вас будуць фатаграфаваць, так што спісаць не зможаце — усе здыме схаваная камера».

Каб прайсці ў наступны тур, трэба набраць мінімум 15 балаў. Хлопчык на апошняй парце — на так званай «камчатцы» — голасна ўздыхнуў. Сястра Лілія папярэдзіла: «Спачатку падумайце, адказвайце лагічна». Наступіла цішыня, якую парушаў толькі шолах кварцавых гадзіннікаў і рыпенне ручак па паперы. Ксёндз Юрый і сястра Лілія ўважліва сачылі за парадкам. Пробашч адзначыў: «Калі рыхтаваліся, складана быць не павінна».

Першым справіўся 17-гадовы Ян. На падрыхтоўку ў яго пайшло два дні, а любімая цытата хлопца — «хто верны ў малым, і ў вялікім верны». Наступным выйшаў 11-гадовы Леў, які прыйшоў не дзеля перамогі, а дзеля ўдзелу, бо яму проста падабаецца ўсё, што звязана з касцёлам. Анастасія са старэйшай катэгорыі выйшла з упэўненасцю, што прайшла далей, хоць і прызналася: былі каверзныя пытанні, дзе трэба ведаць тэкст даслоўна.

Глеб і Ілья, абодвум па 13 гадоў, — сябры. Глеб патлумачыў складанасць тэсту на прыкладзе:

«Варыянты “калі саспее плод” і “калі збіраць ураджай” фактычна аднолькавыя, але трэба выбраць менавіта тое слова, якое ўжыта ў канкрэтным Евангеллі».

Ілья, той самы хлопчык з «камчаткі», выглядаў занепакоеным, але ў размове паказаў глыбокае веданне Пісання. Яго любімая прыпавесць — пра работнікаў у вінаградніку і дынар.

«Страчаны» бал і шлях да фіналу

Калі аўдыторыя апусцела, журы ўзялося за працу. Чырвоныя фламастарныя «галачкі» і «мінусы» мільгалі на старонках.  Якое пытанне стала самым складаным для ўдзельнікаў конкурсу?

«Напэўна, трэба яшчэ паразважаць над адказамі. Напрыклад, розніца паміж словамі “старанна”, “пільна” і “прагна” ў прыпавесці пра згубленую драхму вельмі тонкая, — заўважыла сястра Лілія, — але правільны адказ толькі адзін».

Раптам у кабінет заляцелі дзеці з галоўным пытаннем: «Колькі балаў?». Ілью «з камчаткі» не хапіла ўсяго аднаго бала да прахаднога мінімуму. Сястра Лілія спрабавала знайсці гэты «страчаны» пятнаццаты бал, пераправяраючы працу, але, на жаль, цуда не здарылася. «Будзем штурмаваць у наступным годзе!» — падбадзёрыла яна хлопца.

Па выніках парафіяльнага і дэканальнага этапаў у фінал конкурсу ад залатагорскай парафіі трапілі Сёмчык Ілья і Гутнік Міхаліна.

Ксёндз Юрый Санько, падсумоўваючы вынікі, пажадаў усім не спыняцца: «Трэба не проста чытаць Пісанне, але і вывучаць яго».

Усе ўдзельнікі паказалі сваю зацікаўленасць у гэтым іспыце. «Нашы дзеткі — вельмі здольныя, — падсумоўвае сястра Лілія, — але шмат хто мае такі падыход, што ён ці яна і так ведаюць. І гэта для іх — галоўная праблема». У той жа час сястра Лілія не падзяляе сваіх вучняў на лепшых ці горшых і пра ўсіх іх потым скажа — яны не проста маюць патэнцыял, але і жаданне працаваць над тэкстамі Святога Пісання: «І гэта мне падабаецца!»

Гэта ўжо VIII Дыяцэзіяльны конкурс на веданне Святога Пісання, які збірае дзяцей і дарослых з каталіцкіх парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама Віцебскай, Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій. Ён праходзіць штогод пры садзейнічанні Катэхетычнага аддзела Віцебскай дыяцэзіі, нагадваючы, што Біблія — гэта жывая кніга для кожнага пакалення.

Матэрыял падрыхтавала студэнтка Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля Жанна Мецеж.