Skip to main content

На Станцыі Ашмяны з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча ўшанавалі благаслаўлёнага Міхала Сапоцьку

15 лютага
  • 16 лютага, 2026
  • Фота: кс. Павел Эйсмант // Catholicminsk.by

15 лютага па запрашэнні пробашча парафіі Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідках (даўняя назва — Даўкшышкі, Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат) ксяндза каноніка Алега Шпеня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч прыбыў у філіяльную капліцу, якая знаходзіцца ў аграгарадку Станцыя Ашмяны (Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць), каб разам з ім і вернікамі святкаваць урачыстасць іх нябеснага заступніка, вядомага ў Беларусі дзякуючы яго ўдзелу ў распаўсюджванні культу Божай Міласэрнасці.

Урачыстую Імшу ў капліцы Божай Міласэрнасці і благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі ўзначаліў сам іерарх.

Пасля прывітальных слоў у адрас дастойнага госця і ўсіх прысутных, якія прамовіў пробашч на пачатку Эўхарыстыі, арцыбіскуп Тадэвуш акрапіў вернікаў асвечанай вадой.

У гаміліі ён падкрэсліў, што Божая міласэрнасць з’яўляецца адной з галоўных прыкметаў Бога. «З любові да чалавека Бог стварыў яго паводле свайго вобразу і падабенства. Калі ж чалавек адвярнуўся ад Бога і зграшыў, то Ён яго не пакінуў  аднаго, але паабяцаў збаўленне», — нагадаў арцыпастыр, дадаючы, што Бог пасылаў прарокаў, каб яны клапаціліся пра духоўны стан чалавека, цудоўным чынам вывеў выбраны народ з егіпецкай няволі, даў яму Дзесяць запаведзяў у якасці указальнікаў на яго жыццёвым шляху. А калі прыйшла поўня часу, Бог паслаў свайго Сына, каб Ён сваёй крыжовай смерцю збавіў чалавека.

«Чаму Бог так паступіў? — запытаў прысутных іерарх. — Ён мог сказаць: “Ты, чалавек, зграшыў і сам разбірайся са сваімі праблемамі”. Але так не сказаў, бо не мог дапусціць, каб створаны паводле Яго вобразу і падабенства чалавек навекі страціў Божы вобраз і падабенства».

«Гэта быў знак Яго міласэрнай любові»,

— растлумачыў прамоўца.

Ён нагадаў, што Бог таксама хацеў, каб культ Яго міласэрнасці развіваўся і ахінуў як мага больш людзей. Для гэтага Ён выбраў дзве асобы — законніцу Фаўстыну Кавальскую і святара Міхала Сапоцьку.

«Міласэрны Езус аб’явіўся сястры Фаўстыне. Частка гэтых аб’яўленняў адбылася ў Вільні, дзе валадарыць Маці Божая Вастрабрамская — Маці Міласэрнасці. Як па просьбе Марыі Езус учыніў першы цуд у Кане Галілейскай, таксама нельга выключаць, што па просьбе Маці Божай Вастрабрамскай адбыліся аб’яўленні Езуса Міласэрнага сястры Фаўстыне Кавальскай», — выказаў здагадку арцыпастыр.   

У місію распаўсюджвання Божай міласэрнасці, працягваў ён, Бог уключыў «сына нашай зямлі» — ксяндза Міхала Сапоцьку. Ён быў прызначаны спаведніком сясцёр Міласэрнасці, сярод якіх была і візіянерка Езуса Міласэрнага сястра Фаўстына. Менавіта яна пачала распавядаць яму аб аб’яўленнях Езуса Міласэрнага.

«Напачатку ксёндз Міхал са зразумелай асцярожнасцю аднёсся да яе слоў. Доўга даследаваў гэтую справу. Маліўся і прасіў Духа Святога аб дапамозе ў належным яе распазнанні. Шукаў адказ ў Святым Пісанні і тэалогіі. Яму нялёгка было прыняць рашэнне, але ён яго прыняў, параіўшы Фаўстыне весці Дзённік аб’яўленняў Езуса Міласэрнага. Сёння гэты “Дзённік” з’яўляецца скарбніцай вучэння аб Божай Міласэрнасці», — распавядаў галоўны цэлебрант.

Сам Міхал Сапоцька стаў вялікім прапагандыстам ідэі Божай Міласэрнасці. Дзякуючы яго намаганням быў намаляваны славуты абраз Езуса Міласэрнага з надпісам «Езу, давяраю Табе». Арцыбіскуп падкрэсліў, што жыццёвыя дарогі святой Фаўстыны Кавальскай і благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі сышліся ў праслаўленні культу Божай Міласэрнасці.

«Сёння мы дзякуем благаслаўлёнаму Міхалу Сапоцьку за тое, што ён перадаў нам надзею ў набажэнстве да Божай Міласэрнасці ў складаныя часы ганенняў на веру, калі здавалася, што Евангелле больш ніколі не будзе абвяшчацца на нашай зямлі, — сказаў ён. — Гэтая надзея падтрымлівала наш народ і вяла да свабоды веравызнання».

Арцыпастыр сцвердзіў, што ў рэшце рэшт «мы яе атрымалі, але не можам спаць спакойна, бо плыні секулярызму, маральнага рэлятывізму і этычнага лібералізму вядуць чалавека не да Бога, але адводзяць ад Бога». Ён папярэдзіў слухачоў: «Сёння, у эпоху постмадэрнізму, абвяшчаецца абсалютная свабода без адказнасці. Гэта ідэалогія адкідвае Божы закон і маральныя нормы, бо яны нібыта перашкаджаюць свабодзе чалавека».

«Куды мы ідзём? На якіх прынцыпах будуем сваю будучыню і маральнае жыццё ў гэтай складанай сітуацыі? Да каго мы звяртаемся?» — спытаўся прамоўца і, спаслаўшыся на шырока вядомага ў Беларусі святога, даў наступны адказ:

«Святы Ян Павел II кажа, што адзіная надзея для сучаснага свету — гэта Божая Міласэрнасць. Яна была адзінай надзеяй у часы ганенняў на веру і такой застаецца ў наш час».

Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч скіраваў зварот да нябеснага заступніка капліцы на станцыі Ашмяны: «Звяртаемся да цябе, наш земляк і нябесны заступнік, благаслаўлёны Міхал Сапоцька. Выпрасі ў Бога ласку, каб культ Божай міласэрнасці далей распаўсюджваўся па ўсім свеце і каб кожны чалавек меў адвагу кінуцца ў яе акіян».

Апошнія словы гаміліі прагучалі як малітва:

«Бязмежны ў сваёй міласэрнасці, Божа, праз заступніцтва благасаўлёнага Міхала Сапоцькі ахіні сваёй міласэрнасцю кожнага з нас, нашу Бацькаўшчыну і ўвесь свет, каб мы маглі будаваць цывілізацыю любові, міру і жыцця на гэтай зямлі на хвалу Божую і дзеля збаўлення чалавецтва».

Напрыканцы Імшы да галоўнага цэлебранта, які ў бягучым годзе святкуе сваё 80-годдзе і 45-годдзе святарскага пасвячэння, са словамі віншаванняў звярнуліся прадстаўнікі дзяцей і моладзі, а таксама іх бацькі. Дзеці выстраіліся ў чаргу, каб падарыць іерарху прыгожую ружу і атрымаць ад яго асабістае благаслаўленне і памятны абразок. Пасля гэтага ў руках іерарха аказаўся вялікі букет чырвоных ружаў, які быў дапоўнены такім жа букетам белых ружаў — ужо ад дарослых. Але асаблівым падарункам для арцыпастыра быў незвычайна цяжкі, хоць і невялікі, абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам, выразаны з дубовага дрэва, які падаравалі яму прадстаўнікі касцёльнага сходу.

Адказваючы на віншаванні, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч запрасіў дзяцей на кароткую размову, пасля чаго яны атрымалі цікавыя падарункі.

Святая Імша завяршылася пастырскім благаслаўленнем, якое ўдзяліў прысутным іерарх, і ўшанаваннем рэліквіяў благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі, якія знаходзяцца ў капліцы на Станцыі Ашмяны.