Skip to main content

Мінскі катэдральны капітул у дзень свайго нябеснага заступніка павялічыўся на аднаго каноніка

29 верасня
  • 2 кастрычніка, 2026
  • Фота: з архіва архікатэдральнай парафіі // Catholicminsk.by

29 верасня, у аўторак, калі ў Касцёле адзначаецца свята святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, Мінскі катэдральны капітул святога Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай адзначаў урачыстасць свайго нябеснага заступніка.

Апоўдні грэміяльныя і ганаровыя канонікі першага капітула Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сабраліся ў архікатэдральным касцёле на святую Імшу ў гонар святога Арханёла Міхала, які таксама з’яўляецца заступнікам усёй Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Эўхарыстыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім канцэлебравалі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і архімандрыт Сяргей Гаек. Да малітвы далучыліся парафіяне і госці мінскай катэдры.

Падчас Імшы адбыўся абрад увядзення ў Мінскі катэдральны капітул новага члена — ім стаў ксёндз канонік Віктар Шчучко, пробашч парафіі Андрэя Апостала ў Крывічах, якога аб’явіў канонікам Мітрапаліт падчас святкавання 12 чэрвеня бягучага года 230-годдзя парафіі і 25-годдзя прэзбітэрскага пасвячэння пробашча.

Пасля таго, як ксёндз Шчучко прачытаў вызнанне веры і спецыяльную прысягу, ён і арцыбіскуп Станеўскі падпісалі адпаведныя дакументы, фіналізуючы літургічны абрад.

У прамоўленай гаміліі новапрызначаны канонік успомніў пра культ святога Міхала Арханёла ў свеце, асабліва ў санктуарыі ў Гаргана (Італія), дзе адбыліся аб’яўленні гэтага святога. Святар нагадаў, што гэта адзіны санктуарый у свеце, які не быў пасвячаны чалавекам. Паводле падання, гэта меў зрабіць сам Міхал Арханёл.

Ксёндз Віктар успомніў таксама пра тзв. «каменьчыкі святога Міхала Арханёла», якія былі знакам аздараўлення ад чумы, якая наведала Гаргана ў 1656 годзе. Святы Арханёл аб’явіўся мясцоваму біскупу і загадаў пасвяціць і раздаць каменьчыкі з глыбіні пячоры, абяцаючы, што кожны, хто дакранецца да каменьчыка, будзе аздароўлены ад чумы, а хто будзе яго з верай захоўваць, таго хвароба не адолее. На кожным з такіх каменьчыкаў быў знак Крыжа і ініцыялы M. A. (Michael Archangelus — Міхал Арханёл).

Прамоўца падкрэсліў:

Ні каменьчыкі з Гаргана, ні цудоўны медалік з Парыжа, ні шкаплер не з’яўляюцца магічным амулетам ці абярэгам ад зла, але асаблівым знакам Божай прысутнасці, які заахвочвае тых, хто іх носіць, да духоўнай барацьбы са злом і яшчэ большаму даверу Богу.

Ніякі сакрамэнталій ці іншы знак не заменіць асабістага ўдзелу верніка ў сустрэчы з Хрыстом у святых сакрамэнтах.

Напрыканцы Імшы ксёндз канонік Віктар Шчучко падзякаваў арцыпастыру за давер да яго і абяцаў руплівасць у служэнні Богу і Касцёлу.