“Мінск-Навіны”: Хутка пачнецца рамонт Чырвонага касцёла
- 17 сакавіка, 2025
- Валяр’ян Шкленнік // Minsknews.by

Будаўнікі хутка пачнуць рамонт касцёла святога Сімяона і святой Алены. Аб гэтым карэспандэнту агенцтва “Мінск-Навіны” паведаміў дырэктар прадпрыемства “Мінская спадчына” Аляксандр Кохан.
У ноч на 26 верасня 2022 года ў адной з самых вядомых каталіцкіх святынь Беларусі адбыўся пажар. Пацярпелых не было, аднак у выніку ўзгарання была пашкоджана маёмасць.
“Комплекс рамонтна-аднаўленчых работ патрэбен для таго, каб забяспечыць захаванасць будынка як помніка архітэктуры і бяспеку яго функцыянавання, – падкрэсліў А. Кохан. – Яны ўключаюць у сабе замену і рамонт унутраных і вонкавых інжынерных сетак і аднаўленчыя аздобныя працы. Была распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя, якая прайшла адпаведную дзяржаўную экспертызу”.
Такім чынам, ужо хутка ў будынку Чырвонага касцёла пачнуць працаваць будаўнікі. Але перад тым на перыяд рамонту неабходна вызваліць унутраныя памяшканні.
“Гэта неабходна для таго, каб забяспечыць захаванасць рухомай маёмасці і не затрымліваць працу будаўнікоў, – удакладніў А. Кохан. – Дамоўленасць аб вызваленні памяшканняў з пробашчам парафіі дасягнута. Абмеркаванне гэтага пытання адбылося і на ўзроўні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь, узаемаразуменне ёсць”.
Вываз маёмасці пачнуць на гэтым тыдні. Потым у будынку Чырвонага касцёла пачнуцца рамонтна-аднаўленчыя работы.