Skip to main content

Міхаліты ўшанавалі памяць свайго айца-заснавальніка

1 лютага
  • 2 лютага, 2026
  • Тэкст: Алена Маціеўская / Фота: Алена Маціеўская, Вольга Сямернік // Catholicminsk.by

1 лютага ў парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, дзе служаць айцы міхаліты, прайшлі святочныя канцэрты ў памяць благаслаўлёнага Браніслава Маркевіча, айца-заснавальніка ордэна, літургічны ўспамін якога Касцёл адзначае 30 студзеня.

На тэрыторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі дзейнічаюць дзве парафіі, дзе нясуць служэнне айцы міхаліты: парафія Маці Божай Ружанцовай у Мінску (мікрараён Лошыца) і парафія Святога Арханёла Міхала ў Гатаве. Абедзве сталі месцам шчырай і радаснай сустрэчы вернікаў.

Парафіяльныя хоры напоўнілі капліцы глыбокімі, узнёслымі спевамі. Дзеці гралі на музычных інструментах і дэкламавалі вершы — кожны гук і кожнае слова сагравалі сэрцы цеплынёй і радасцю.

Асаблівую ўвагу прыцягнуў конкурс дзіцячых малюнкаў, падчас якога дзеці пераносілі на паперу вобраз святога Арханёла Міхала. На аркушах з’явіўся моцны і светлы пераможца зла — ахоўнік, які аберагае і дорыць надзею. Усе працы былі непаўторныя, а кожны ўдзельнік атрымаў невялікую фігурку анёла на памяць. Кожны выступ і твор быў як маленькая малітва, прысвечаная памяці благаслаўлёнага.

Падчас гаміліі пробашч гатаўскай парафіі ксёндз Аляксандр Ашмянчук CSMA параўнаў жыццё заснавальніка ордэна са свечкай:

«Жыццё благаслаўлёнага Браніслава падобна да простай свечкі, якая да самага канца палала агнём любові да Бога і бліжніх».

У Мінску, у парафіі Маці Божай Ружанцовай, пробашч парафіі ксёндз Ян Юшко CSMA падкрэсліў значэнне пакоры ў жыцці хрысціяніна:

«Толькі чалавек пакорны можа знайсці па-сапраўднаму Пана Бога. І да гэтага нас заахвочвае заснавальнік ордэна міхалітаў благаслаўлёны Браніслаў Маркевіч».

Благаслаўлёны Браніслаў Маркевіч нарадзіўся 13 ліпеня 1842 года ў Прухніку (Польшча) ў шматдзетнай веруючай сям’і. У маладосці ён перажыў глыбокі крызіс веры, з якога выйшаў дзякуючы доўгай і шчырай малітве.

Ён вядомы як ахвярны святар: добры вікарый і пробашч, выкладчык пастаральнай тэалогіі, спавяднік і духоўны кіраўнік сясцёр у кляштарах.

Апошнія дваццаць гадоў свайго жыцця ён прысвяціў служэнню ў Месцы Пястовым, дзе асаблівую ўвагу надаваў дзецям і моладзі, найперш бедным, занядбаным і асірацелым.

Прагу свайго сэрца ён выказаў у словах:

«Я хацеў бы сабраць мільёны дзяцей і маладых людзей з усіх краін і народаў, заспакойваць іх голад і асвячаць іх душы і целы».

Дзеля развіцця гэтай справы ён заснаваў супольнасці ксяндзоў міхалітаў і сясцёр міхалітак.

Ксёндз Браніслаў Маркевіч памёр 29 студзеня 1912 года, пражыўшы доўгае, працавітае і пабожнае жыццё. Беатыфікацыя адбылася 19 чэрвеня 2005 года, а літургічны ўспамін адзначаецца 30 студзеня.

Свята ў парафіях, дзе служаць айцы міхаліты, паказала, што справа благаслаўлёнага Браніслава Маркевіча працягваецца і сёння. Як цёплае святло свечкі, якое яшчэ доўга будзе гарэць, яго спадчына праяўляецца ў служэнні ордэна міхалітаў, у дзіцячых усмешках, у кожнай малітве, у творчасці і музыцы, праз якія адчуваецца любоў і апека благаслаўлёнага ксяндза Браніслава.