Магілёўскія вернікі адзначылі Вялікдзень
- 21 красавіка, 2025
- Тэкст: Дар’я Семянько, фота: Рыта Ляховіч // Catholicminsk.by

20 красавіка, у Вялікдзень, адказны за Магілёўскі рэгіён Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў Вялікдзень. Яна адбылася ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з удзелам шматлікіх вернікаў і мясцовых душпастыраў: ксяндза пробашча Уладзіміра Русака і ксяндза вікарыя Паўла Сідарэнкі.
Напачатку гаміліі біскуп Яшэўскі нагадаў прысутным вернікам, што пасля ўкрыжавання Езуса ўвесь сусвет здрыгануўся. Таму вялікі дзень Уваскрэсення напоўніў невымоўнай радасцю ўсе стварэнні: «Неба ўзрадавалася, таму што дзверы яго, раней зачыненыя, павінны былі адчыніцца для людзей, а анёл, пастаўлены каля брамы раю з палымяным мячом, павінен быў пакінуць свой пост, таму што за тым разбойнікам, што пакаяўся і пачуў запэўненне: “Сапраўды кажу табе, сёння ты будзеш са Мною ў раі” (Лк 23, 43), вялікія натоўпы павінны былі ўвайсці ў вечнае шчасце».
Уваскрасенне Езуса, на думку іерарха, з’яўляецца гарантыяй таго, што і мы пасля смерці паўстанем з мёртвых:
«Сам розум кажа нам, што цялесная смерць не можа быць таксама смерцю для душы. Бо <…> усё, што мы ведаем пра тую істоту, якая жыве ў нас, думае, уяўляе, адчувае, даказвае нам, што яна нешта зусім іншае, чым цела».
Аднак, падкрэсліў біскуп, як будзе адбывацца ўваскрасенне — гэтага мы не можам ні зразумець, ні ўявіць, таму няверуючым гэта здаецца непраўдзівым:
«Але многае іншае і амаль усё, што нас акружае, настолькі незразумелае, што здавалася б немагчымым, калі б мы не верылі ўласным вачам. Хто б, напрыклад, мог паверыць, што маленькае, сухое, счарнелае зярнятка, закапанае ў зямлю, сваёй сілай выйдзе на паверхню і вырасце ў гіганцкае дрэва?»
Напрыканцы сваёй гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі засяродзіў увагу вернікаў на словах аднаго з айцоў Касцёла — святога Эфрэма, — які прапанаваў успомніць несмяротную душу, каб яна не страціла вечнай славы: «Няхай ніхто не прыліпне ўсім сэрцам да зямлі, няхай ніхто не чапляецца за пустыя мары і ілюзіі, якія растаюць у нашых руках, калі мы думаем, што здабылі нешта трывалае, нейкае сапраўднае дабро. Няхай ніхто не рыхтуе сабе цяжкага расчаравання і смутку альбо нават вечнай смерці, абмяжоўваючы свае надзеі і жаданні вузкім колам зямных перспектыў!»
«Гэта надзея, якую Бог паклаў у нашы сэрцы, і гэтая надзея не будзе падманутая, калі мы будзем верна выконваць Яго святую волю да канца нашай зямной пілігрымкі»,
— сцвердзіў, завяршаючы разважанне над Божым словам, іерарх.
Ніжэй прыведзены фотарэпартаж падзеі.

















