Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Любоў да Айчыны ў тэкстах Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага

  • 6 лістапада, 2025
  • Тэкст: кс. Яўген Вінтоў / Фота з архіва і музея ў Драгічыне // Catholicminsk.by

Публікуючы матэрыял пра спачылых святароў, пра якіх вернікі не толькі памятаюць, але і за якіх дагэтуль моляцца, нельга не ўспомніць пра спачылых іерархаў. Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі, які быў біскупам адноўленай Мінскай дыяцэзіі з 1917 па 1925 гады, хоць больш вядомы як першы біскуп Пінскі (1925-1932), яркі прадстаўнік епіскапату на землях сённяшняй Беларусі. Прапануем разам з ксяндзом доктарам Яўгенам Вінтовым яшчэ глыбей пазнаёміцца з гэтай незвычайнай гістарычнай постаццю, разглядаючы такую важную яго рысу, як любоў да Айчыны, або патрыятызм.

Біскуп Зыгмунт Лазінскі — гэта асоба, для якой любоў да Айчыны была не толькі чымсьці блізкім унутрана, але і знешне. У многіх момантах свайго жыцця ён паказваў гэта праз прыклад жыцця і навучанне. Ён вучыў, што любоў да Айчыны — гэта не нацыяналізм. Гэта пачуццё, якое ахоплівае доўгі шэраг розных прадметаў, з якімі нас звязвае фізічнае і духоўнае жыццё. Гэта не эгаістычная любоў. Любоў да Айчыны, зразуметая па-хрысціянску, узносіцца да годнасці звышнатуральнай цноты і накладае на чалавека цэлы шэраг абавязкаў.

Святы Тамаш Аквінскі разумее паняцце «Айчына» двума спосабамі: як месца вечнага шчасця, г.зн. неба (звышнатуральнае значэнне), і як зямную айчыну. Да істотных складнікаў апошняй ён адносіць зямлю і чалавечую супольнасць. Пра любоў да айчыны ён піша як пра цноту, якая вынікае з натуральнай схільнасці. Тэму любові да айчыны разглядаюць многія тэолагі і філосафы. Гэтая праблематыка вельмі інтэнсіўна прысутнічае, між іншым, у творах мінскага біскупа Зыгмунта Лазінскага — аўтара разважанняў пра любоў да Айчыны.

Біяграфічная даведка

Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі нарадзіўся 5 чэрвеня 1870 года ў Бараціне каля Навагрудка ў сям’і землеўладальнікаў Уладзіслава і Людвікі з Чачотаў. Ён быў старэйшым з шасці дзяцей. Быў ахрышчаны ў Навагрудку, бо парафіяльны касцёл у Нягневічах у выніку царскіх рэпрэсій быў ператвораны ў праваслаўную царкву. У 1880 годзе Лазінскія пакінулі Барацін і набылі маёнтак Чэрнік каля Мінска Мазавецкага ў Радзымінскім павеце (сёння Польшча).

Зыгмунт вучыўся ў гімназіі ў Варшаве, дзе прыняў Першую Камунію. У Пецярбургу яны жылі ў дзядзькі, ксяндза Вітольда Чачота, які быў прафесарам духоўнай семінарыі і прэфектам гімназіі. З гэтай прычыны яны вялі лад жыцця, падобны да жыцця семінарыстаў: уставалі ў пяць раніцы, маліліся з навучэнцамі, удзельнічалі ў Імшы, прыступалі да Камуніі. У такой атмасферы Зыгмунт распазнаў сваё святарскае пакліканне. У 1889 годзе ён паступіў у семінарыю Магілёўскай архідыяцэзіі, якая знаходзілася ў тагачаснай сталіцы Расіі. 8 верасня таго ж года, у свята Нараджэння Багародзіцы, ён атрымаў духоўную вопратку (сутану).

Ён быў здольным вучнем, таму праз два гады яго перавялі ў Пецярбургскую духоўную акадэмію, якую ён скончыў са ступенню магістра тэалогіі, а 23 чэрвеня 1895 года атрымаў святарскае пасвячэнне. Пасля гэтага ён кіраваў кафедрай Святога Пісання ў духоўнай семінарыі, адначасова выконваючы функцыю прэфекта гімназіі. У выніку непаразуменняў са школьнымі ўладамі на тры гады быў сасланы царскай адміністрацыяй у месца карнага знаходжання каталіцкіх святароў, якое знаходзілася ў былым дамініканскім кляштары ў Аглоне ў Латвіі (там ён вывучыў латышскую мову). У 1900–1904 гадах працаваў вікарыем — спачатку ў Смаленску (1900–1901), затым у Туле (1901–1902) і ў Рызе (1902–1904).

У 1904 годзе ён стаў рэктарам касцёла на Кальварыі пад Мінскам, каб у 1905 годзе заняць пасаду пробашча мінскай парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі (сёння — катэдральная парафія). У наступным годзе ён вяртаецца ў Пецярбург на кафедру Святога Пісання ў Духоўнай акадэміі і адначасова выконвае функцыю інспектара ў духоўнай семінарыі. Акрамя выхаваўчай і навуковай працы, ён суправаджаў магілёўскіх арцыбіскупаў у пастырскіх візітацыях (Сымона, Шэмбека, Ключынскага і Цеплякова; з апошнім ён здзейсніў падарожжа на Сібір, аж да Сахаліна). Некаторы час ён быў рэдактарам часопіса «Касцёльныя весткі», прызначанага для духавенства магілёўскай архідыяцэзіі. Пазней ён праводзіць спецыялізаваныя даследаванні па біблійных навуках (у Мюнхене, Інсбруку і Ерузалеме, а ў 1912–1913 гадах у Рыме ў Інстытуце біблійных навук).

Першая сусветная вайна застала ксяндза Зыгмунта ў Расіі. Пасля падзення імперскай улады спачатку сітуацыя Каталіцкага Касцёла ў Расіі значна палепшылася.

Папа Бэнэдыкт XV аднаўляе Мінскую дыяцэзію, скасаваную Аляксандрам II 15 ліпеня 1869 года, а булай ад 2 лістапада 1917 года яе пастырам прызначае ксяндза Зыгмунта Лазінскага.

28 ліпеня 1918 года ў варшаўскай архікатэдры адбылася яго біскупская кансэкрацыя. Галоўным кансэкратарам быў арцыбіскуп Аляксандр Какоўскі, а на ўрачыстасцях прысутнічаў будучы апостальскі нунцый у Польшчы — ксёндз прэлат Ахілес Раці, які ў хуткім часе стаў папам Піем XI. 15 жніўня 1918 года адбыўся інгрэс біскупа ў катэдру ў Мінску.

Лазінскі пачынае пастырскую дзейнасць з візітацыі парафій, а пазней стварае катэдральны капітул і засноўвае духоўную семінарыю. Актыўная апостальская дзейнасць доўжылася нядоўга, бо ўладу на гэтых тэрыторыях захапілі бальшавікі. З гэтай прычыны біскуп Зыгмунт па просьбах духавенства і вернікаў пакінуў біскупскую сталіцу і кіраваў дыяцэзіяй з падполля. Праз пяць месяцаў, калі Міншчыну занялі польскія войскі, ён вярнуўся, але спакой доўжыўся нядоўга. У 1920 годзе Мінск зноў захопліваюць бальшавікі, якія арыштоўваюць біскупа. Зыгмунт Лазінскі быў вывезены ў Маскву і змешчаны ў турму на Бутырках.

На падставе Рыжскай дамовы 1921 года ён быў вызвалены з турмы, а ў ліпені 1921 года прыехаў у Варшаву, дзе атрымаў ордэн Белага Арла і Крыж Храбрых. Ён вельмі хацеў вярнуцца ў Мінск і пакутаваў, што гэта немагчыма. З-за захопу большай часткі дыяцэзіі бальшавікамі новай рэзідэнцыяй ён выбраў былы дамініканскі кляштар у Навагрудку. Там ён сабраў семінарыстаў, якія ў 1920 годзе разышліся, знаходзячыся галоўным чынам у Кельцах і Влацлаўку.

28 кастрычніка 1925 года булай Vixdum Poloniae unitas папа Пій XI стварае новую дыяцэзію з рэзідэнцыяй у Пінску, у якую ўключыў тую частку Мінскай дыяцэзіі, якая засталася ў межах Польшчы. Першым біскупам Пінскім Папа прызначыў Зыгмунта Лазінскага. Катэдрай быў прызначаны былы францішканскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Біскуп Зыгмунт Лазінскі трэці злева ў першым шэрагу. Фота з музея у Драгічыне (Польшча)

Біскуп адрэстаўраваў катэдральны касцёл, а на базе мінскіх дыяцэзіяльных устаноў стварыў біскупскую курыю і заснаваў духоўную семінарыю. Ён таксама клапаціўся пра духоўнае развіццё свайго духавенства, сам даючы прыклад пабожнасці. Напісаў спецыяльныя «Майскія разважанні». Дбаў пра патрыятычнае і катэхетычнае выхаванне, што пацвярджаецца яго працай пад назвай «Хрысціянская любоў да Айчыны і нацыянальная праца». Скарыстаўшыся вопытам у Пецярбургу, ён пачаў выдаваць спачатку «Мінскі», а потым «Пінскі дыяцэзіяльны агляд». У 1929 годзе адбыўся першы дыяцэзіяльны сінод, скліканы ім, а ў 1931 годзе ён стварыў Дыяцэзіяльны інстытут каталіцкай акцыі і каталіцкі «Карытас». Біскуп таксама ініцыяваў унійныя святарскія канферэнцыі. Ён быў таксама заснавальнікам і прапагандыстам брацтваў і каталіцкіх таварыстваў, асабліва марыйных.

Шматлікая праца і цяжкія выпрабаванні падарвалі яго здароўе. У пачатку Вялікага посту 1932 года ён страціў прытомнасць. Праведзеныя даследаванні і працэдуры не дапамаглі. 26 сакавіка 1932 года, у Вялікую суботу пасля поўначы, яму апошні раз прынеслі Святую Камунію, а ў тры гадзіны раніцы яму ўдзялілі намашчэнне. У 3.30 біскуп заспяваў Псальм 130: De profundis clamavi ad Te, Domine («З глыбіні клічу да Цябе, Пане»), а праз пяць хвілін памёр.

У святое жыццё біскупа Зыгмунта Лазінскага верылі тыя, хто яго ведаў. Аднак пачатку працэсу беатыфікацыі перашкодзіла Другая сусветная вайна і яе наступствы. Толькі ў 1957 годзе пачаўся яго беатыфікацыйны працэс. У 1962 годзе ўся дакументацыя была перададзеная ў Рым. У 1993 годзе Папа Ян Павел II зацвердзіў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў Мінскага і Пінскага біскупа, якому ад таго часу належыць тытул Пачэснага Слугі Божага.

Аналіз тэкстаў на тэму любові да Айчыны Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага

Ад самага пачатку біскупскага служэння Зыгмунта Лазінскага быў відавочны яго патрыятычны характар, пра што можа сведчыць яго кніга пад назвай «Хрысціянская любоў да Айчыны і нацыянальная праца», якая была надрукаваная ў Гнезне ў 1919 годзе друкарняй Я. Б. Ланге.

Біскуп Лазінскі разглядае розныя тэмы, звязаныя з айчынай, засяроджваючыся спачатку на самім разуменні паняцця «айчына» і на разуменні любові да яе. Айчына ў яго разуменні — гэта, перш за ўсё, зямля, на якой мы жывем. Што тычыцца любові да народа, ён кажа, што народ з’яўляецца сапраўдным аб’ектам любові да айчыны. Ён падкрэслівае, што «мы належым да народаў, якія найбольш моцна адчуваюць гэтую любоў да “родных палёў”, і ў глыбіні душы кожнага з нас заўсёды жывы водгук малітвы ўдзячнасці за гэтую зямлю, якую даў нам Бог». Гаворачы пра нацыянальную еднасць, ён пералічвае некалькі фактараў, якія яе складаюць, у тым ліку: агульная зямля і яе багацці, агульная мова, агульныя звычаі і традыцыі, агульны ў многіх рысах характар, агульныя культурныя творы, агульная гісторыя, праца, мэты, барацьба з небяспекай, агульныя радасці і смуткі. Акрамя гэтых зямных элементаў, якія аб’ядноўваюць агульную айчыну, існуюць звышнатуральныя асновы любові да айчыны.

Касцёл у сваім навучанні шмат разоў падкрэслівае важнасць любові да айчыны для хрысціянскага жыцця. Каб прызнаць гэтую любоў за хрысціянскую цноту, якая пазней вядзе да святасці, неабходна выкананне наступных умоў: па-першае, чалавек павінен быць адкрыты на «звышнатуральныя матывы» (ласку), а па-другое, гэтая любоў сама павінна весці да Бога. Крыніцай натхнення для пабудовы так разуметай любові павінны быць словы і ўчынкі Езуса, якога Евангеллі паказваюць як практыкуючага любоў да айчыны і заклікаючага да яе. Евангелле паводле Лукі паказвае момант, калі Езус заплакаў над Ерузалемам, горадам, які не распазнаў Яго збаўчай дзейнасці. Любоў да бліжняга таксама з’яўляецца важным імпульсам для пабудовы любові да айчыны, разуметай як чалавечая супольнасць. Запаведзь любові да бліжняга з’яўляецца яе асаблівай крыніцай, як і пастава павагі да ўсіх суайчыннікаў.

Айчына ў разуменні біскупа Лазінскага — гэта як «рэзервуар», сімвал і памяць Божых даброт. Любячы родную зямлю, мы любім уласна Бога, які нам яе даў, а разам з ёй і ў ёй надзяліў многімі іншымі дабротамі. Гісторыя народа заўсёды рэалізуецца пад пільным вокам Бога. Кожны народ мае пэўную місію ў плане збаўлення. З самага пачатку ў Бібліі мы бачым шмат народаў. Сярод іх Бог выбраў канкрэтны народ, каб рэалізаваць свой план збаўлення ўсяго чалавецтва. Біскуп Лазінскі, пішучы пра місію народа, адзначае, што і яму Бог прызначыў канкрэтную місію ў гісторыі. На яго думку, народ пакліканы быць абаронцам веры, але таксама прасторай сустрэчы розных культур і менталітэтаў.

«Калі мы здолеем у гісторыі свайго народа знайсці прыкметы ўскладзенай праз Бога на яго місіі, то пазнанне гэтай місіі становіцца, прынамсі, павінна стаць адным з галоўных элементаў нашай любові да айчыны».

Разам з гэтай місіяй Бог дае народу асаблівых людзей, каб як мага лепш выканаць гэтую місію. Такіх людзей мы можам убачыць у гісторыі кожнага народа.

Гэтыя асобы вызначаюць развіццё нацыянальнай ідэнтычнасці, што выяўляецца ў культуры, адукацыі, свеце духоўных і рэлігійных каштоўнасцяў. Гэтыя сферы сацыяльна-культурнай актыўнасці вызначаюць спецыфіку дзейнасці народа і таксама маюць вялікі ўплыў на спосабы рэалізацыі місіі, якую чалавек успрымае як заданне, дадзенае яму Богам, і якую ён жадае выканаць як сваё пакліканне, матываванае верай.

Біскуп Лазінскі таксама гаворыць пра абавязкі, якія выконваюцца чалавекам і пацвярджаюць праўдзівасць патрыятычнай пазіцыі. Першы з іх — праца для народа і праца ў нацыянальным духу. Праца для народа — гэта любая сумленная праца, выкананая разам з суайчыннікамі.

А праца ў нацыянальным духу — гэта дзейнасць, накіраваная свядома на павелічэнне сіл народа, духоўных або палітычных ці культурных і эканамічных. Далей мінскі біскуп згадвае пра абавязкі ўрадаў у сферы нацыянальнай працы. Урад і ўсе дзяржаўныя службоўцы абавязаны служыць дзяржаве.

«Не народ для дзяржавы, а дзяржава для народа і яго дабрабыту. Дзяржаўны ўрад павінен быць урадам, які разумее народ, любіць яго, клапоціцца пра яго развіццё і дабрабыт. Дабро і любоў да народа не будуецца з дапамогай тэарэтычных палітычных праграм. Кожны грамадзянін абавязаны любіць айчыну, пазбягаючы пры гэтым фанатызму. Шавінізм, які з’яўляецца яго праявай, скажае любоў да айчыны, становячыся яе пародыяй. Нельга таксама ставіць айчыну, нацыянальную ідэю на месца Бога. Праз паслухмянасць Божаму закону павінна стварацца і будавацца правільна пабудаваная любоў да айчыны»,

— вучыць іерарх. 

Мінскі біскуп Зыгмунт Лазінскі таксама звяртае ўвагу на абавязкі, якія павінны быць рэалізаваныя на практыцы. Ён дзеліць іх на пяць груп.

  • Першая група — абавязкі перад Богам. Добра ілюструе іх гісторыя народа, якая развіваецца ў своеасаблівым суіснаванні з рэлігіяй. Рэлігія з’яўляецца адным з нацыянальных скарбаў, таму цесна звязаная з традыцыяй.
  • Другая група абавязкаў датычыцца адносін чалавека да дзяржавы. Да іх адносяцца ахвярнасць, працавітасць, грамадзянская дысцыпліна, справядлівасць. Гэта цноты, праз якія мы можам больш любіць айчыну, лепш разумець патрэбы іншых людзей і свайго народа.
  • Наступная група абавязкаў — гэта рэгуляванне сацыяльных адносін. Гэта азначае неабходнасць дэмакратызацыі грамадства, гэта значыць, аб’яднанне нацыянальных сіл, ліквідацыю класавых падзелаў, стварэнне ўмоў для прагрэсу ніжэйшых сацыяльных слаёў.
  • Праца ў сферы адукацыі з’яўляецца чацвёртым абавязкам у адносінах да любові да айчыны. Яна павінна развівацца ў наступных напрамках: рэлігійным, агульнаадукацыйным, прафесійным і сацыяльна-палітычным. Адукацыя павінна быць як бы «хрыбетнікам», на якім будзе будавацца любоў да айчыны.
  • Да апошніх абавязкаў у адносінах да айчыны адносяцца знешнія нацыянальныя адносіны. Такія адносіны, якія паважаюць суседзяў, але таксама паказваюць магутнасць сваёй айчыны і падтрымліваюць суайчыннікаў за мяжой.