Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Са святлом любові

Студзень 2026
  • 30 студзеня, 2026
  • Тэкст: Ганна Бычынская / Фота: кс. Кірыл Бардонаў, Галіна Дораш // Catholicminsk.by

У кожнай парафіі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сваё жыццё: дзесьці ціхае і спакойнае, а дзесьці — бурлівае і актыўнае. Стаўбцоўская парафія святога Казіміра абрала ісці па другім шляху.

Пры касцёле апостальскай дзейнасцю займаецца Легіён Марыі: штодзень на ружанцы моляцца члены дзесяці Ружанцовых колаў, два з якіх — мужчынскія. Таксама сваёй няспыннай малітвай ахінаюць святароў пятнаццаць «Маргарытак».

Актыўна працуюць валанцёры парафіяльнай суполкі Caritas — першыя памагатыя пробашча ў парафіяльных патрэбах. Творчыя, лёгкія на пад’ём жанчыны і моладзь стараюцца ахінуць сваёй увагай і парафіян, і дзетак з абмежаванымі магчымасцямі, і маладых інвалідаў Стаўбцоўшчыны, і насельнікаў Мікалаеўшчынскага пансіяната — людзей, якім воляй лёсу прыйшлося жыць ці дажываць свой век у дзяржаўнай установе з-за нейкіх жыццёвых праблем.

Сёлета, як і ў мінулым годзе, юныя акцёры і моладзь разам з ксяндзом Кірылам Бардонавым наведалі пансіянат. Ксёндз Кірыл памаліўся з прысутнымі і паблагаславіў іх перад тэатралізаваным паказам батлейкі пра нараджэнне Хрыста, якую прадставілі дзеці, а валанцёры завезлі пачастунак для насельнікаў пансіяната.

Спадзяемся, што час, праведзены супольна з дзецьмі, адгукнуўся ў сэрцах людзей добрымі ўспамінамі і цеплынёй, нагадаў аб святах у сем’ях, дазволіў акунуцца ў святло любові.