Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: У Маладзечне прайшла летняя сустрэча валанцёраў парафіяльных Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

12-14 ліпеня
  • 16 ліпеня, 2024
  • Тэкст: Крысціна Ефімовіч, фота: Ірына Фаміна // Catholicminsk.by

У сонечным горадзе Маладзечне з 12 па 14 ліпеня адбылася чарговая сустрэча валанцёраў парафіяльных суполак Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Гэта была важная і пазітыўная падзея для ўсіх удзельнікаў, якія прыехалі з Мінска, Нясвіжа, Заслаўя, Стаўбцоў і Лагойска.

Арганізатарамі гэтай сустрэчы сталі валанцёры Caritas парафіі святога Казіміра пад кіраўніцтвам братоў меншых Капуцынаў.

Сустрэча пачалася са святой Імшы ў касцёле святога Піо, якую цэлебраваў брат Андрэй Жылевіч OFMCap. Пасля яе ўсіх удзельнікаў чакала смачная вячэра. Валанцёры на працягу трох дзён абменьваліся  вопытам і ідэямі, дзяліліся сваімі планамі і праграмамі для падтрымкі тых, каму патрэбна наша дапамога.

Адным з найбольш цікавых момантаў сустрэчы была экскурсія па мясцовасці. Валанцёры адкрылі для сябе новыя мясціны, даведаліся шмат цікавай інфармацыі пра гісторыю і культуру горада Маладзечна, а таксама пазнаёміліся з працамі студэнтаў і выпускнікоў аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Музычнага каледжа імя М. К. Агінскага.  Гэта была ўнікальная магчымасць паглыбіць свае веды ў галіне мастацтва. 

Увечары ўсіх чакалі танцы ў стылі этна, гульні і смачная вячэра.

Сустрэча валанцёраў парафіяльных Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Маладзечне дапамагла зблізіць людзей, пабудаваць моцныя сувязі паміж валанцёрамі для дальнейшай працы. Такія сустрэчы маюць важную ролю ў развіцці валанцёрства і духоўнага развіцця. Яны дапамагаюць валанцёрам адчуць сябе часткай вялікай супольнасці, падтрымліваюць іх у далейшай працы на карысць іншым людзям. Гэтая сустрэча ў Маладзечне стала яскравым прыкладам таго, як валанцёры могуць аб’яднацца для супольнага дабра і стварэння лепшага свету.

Водгукі удзельнікаў

Ірына Фаміна, каардынатар парафіяльных суполак Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі:

Першая сустрэча валанцёраў адбылася у мінулым годзе ў Нясвіжы.  А сёлета – у Маладзечне.  Такія сустрэчы даюць ўдзельнікам магчымасць пазнаёміцца адзін з адным, падзяліцца сваімі гісторыямі, досведам валанцёрскай дзейнасці, абмеркаваць магчымыя сумесныя праекты і ініцыятывы, якія могуць быць рэалізаваны ў будучыні для падтрымкі мясцовай супольнасці. Гэтая сустрэча стала важным крокам у наладжванні сувязяў паміж валанцёрамі і ўмацаванні іх супольнасці. Удзельнікі атрымалі новыя веды, натхненне і матывацыю для далейшай працы на карысць іншых”.

Алеся Гедройц, Мінск, архiкатэдральная парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі:

“Мы вельмі ўдзячныя арганізатарам сустрэчы валанцёраў у Маладзечне. Гэта было так па-сяброўску цёпла, весела і разнастайна. Такія сустрэчы даюць магчымасць зразумець, што валанцёрскі рух Caritas аб’ядноўвае разнастайных, моцных і неверагодгых людзей! Дзякуй Богу за такую магчымасць!”

Ганна Бычынская, Стоўбцы, парафія святога Казіміра:

“Актыўныя, крэатыўныя, заўсёды маладыя душой, шчырыя людзі, якія любяць сваю радзіму, ведаюць яе гісторыю, берагуць спадчыну і заўсёды рады падзяліцца з бліжнімі цеплынёй сэрцаў, досведам, добрым настроем, дапамагчы ў цяжкую хвіліну, падарыць імгненні радасці – гэта валанцёры Caritas вельмі прыгожага касцёла святога Піо парафіі святога Казіміра ў Маладзечне. Так трымаць! Дзякуем усім, хто быў разам з намі падчас сустрэчы: арганізатару Ірыне Фаміной, экскурсаводам Таццяне Шумель і Лізавеце Чырвонцавай, майстру па танцах Наталлі Чырвонцавай, паварам, валанцёрам і, зразумела, святару – брату Андрэю Жылевічу”.

Вольга Мішчук, Лагойск, парафія святога Казіміра:

“Вялікі дзякуй за цудоўны час, праведзены ў Маладзечне! Вельмі прыемна сустракацца з людзьмі, падобнымі па духу і каштоўнасцям. Такія сустрэчы важныя – дзяленне вопытам, падтрымка, парады, знаёмства. Дзякуй за адпачынак, які дазволіў духоўна абнавіцца, напоўніцца сіламі і энергіяй для дальнейшага служэння!”

Таццяна Суслава, Нясвіж, касцёл Божага Цела:

“Гэта былі цудоўныя выхадныя ў Маладзечна! Эмоцыі праз край! Нас смачна кармілі, вадзілі па экскурсіях, вучылі беларускім танцам і дарылі падарункі! Асабліва запомніўся пікнік і танцы! Вялікі дзякуй брату Андрэю і арганізатарам. Дзякуй Вам за ўсё!”