Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: У Гарадку на Маладзечаншчыне адзначылі ўрачыстасць Нараджэння святога Яна Хрысціцеля

23 чэрвеня
  • 26 чэрвеня, 2024
  • Тэкст: Таццяна Шумель, фота: Эрык Савянок, Вадзім Каралькоў, Таццяна Шумель

23 чэрвеня на месцы былога касцёла святога Яна Хрысціцеля ў аграгарадку Гарадок (Маладзечанскі дэканат) адзначылі ўрачыстасць Нараджэння святога Яна Хрысціцеля.

У гэты дзень на месцы, дзе некалі стаяў велічны касцёл, браты капуцыны з Маладзечна цэлебравалі святую Імшу ў інтэнцыі святароў і фундатараў былой святыні.

Тое месца, дзе быў касцёл, зараз і знайсці не так проста. Сюды ад мястэчка вядзе брукаваная каменем дарога, якая пачынаецца на маленькай вулачцы. Але калі загадзя ведаць пра гэта месца, то заўважыш вялікі крыж, які не так даўно ўстанавілі, і адразу зразумееш, дзе ты апынуўся.

Гісторыя каталіцкай парафіі ў Гарадку непрацяглая. Яе вытокі звязаны з капліцай у Чэрневе, якая належала да парафіі ў Хоўхлаве. Першае згадванне пра гэта ў архіўных дакументах адносіцца да 1744 года. Наогул жа Гарадок на працягу гісторыі належаў не толькі хоўхлаўскай парафіі, але і груздаўска-аборкаўскай.

Толькі ў 1914 годзе жыхары Гарадка атрымалі дазвол на будаўніцтва касцёла ў самім мястэчку. Галоўнымі дабрадзеямі будовы касцёла з’яўляліся граф Бэнэдыкт Ян Тышкевіч і мясцовы жыхар Эдмунд Бахарэвіч. Радасная падзея, на вялікі жаль, азмрочылася пачаткам Першай сусветнай вайны… Вайна, а пасля і цяжкія паслярэвалюцыйныя гады спынілі будаўніцтва касцёла, і, хутчэй за ўсё, будова так і не пачалася, была пабудавана толькі часовая капліца. Будова ж касцёла аднавілася толькі ў 1927 г. Варта адзначыць, што яму спрыялі не толькі католікі, а і праваслаўныя вернікі і асобныя іудзеі. Але асабліва вялікай была заслуга ксяндза Нікадзіма Казлоўскага, пробашча з Хоўхлава, які актыўна працягнуў пабудову касцёла і фактычна сам давёў яе да канца.

Асвячэнне святыні адбылося 29 жніўня 1929 года ва ўспамін Мучаніцтва святога Яна Хрысціцеля. Аднак радасць мясцовых вернікаў была нядоўгай: падчас Вялікай Айчыннай вайны святыня была знішчана.

Больш падрабязна з гісторыяй страчанай святыні можна пазнаёміцца на інтэрнэт-старонках парафіі св. Казіміра ў Маладзечне і Радыё Марыя Беларусь.

20 гадоў таму браты з Ордэна Капуцынаў у іншым месцы Гарадка пабудавалі каплічку, дзе зараз можна пачуць слова Божае. Вернікаў, аднак, засталося няшмат. Таму было вельмі важна, што ва ўрачыстасць Нараджэння святога Яна Хрысціцеля на месцы, дзе раней стаяла велічная святыня, сабраліся не толькі святары і мясцовыя жыхары, але і вернікі з Маладзечна, Хоўхлава, Радашковічаў і іншых мясцовасцяў, каб, як і раней, з’яднацца ў Эўхарыстыі, аднавіць гісторыю і захаваць памяць, каб быць годнымі паслядоўнікамі святога Яна Хрысціцеля.

Ніжэй будуць пададзены некалькі думак з перажытай урачыстасці.

Ян Хрысціцель – апошні прарок Старога Запавету і першы прарок Новага Запавету. А хто такі прарок? Вядома ж, гэта прапаведнік волі Бога. Ці кожны з нас памятае аб тым, што падчас хросту быў таксама намашчаны на “прарока”, а таксама ў чым выяўляецца сэнс гэтай спадчыны Езуса Хрыста?

Прарочая місія Касцёла такая ж, як і ў Яна Хрысціцеля: “страсянуць” кожнае пакаленне, пазбавіць яго безуважлівасці і слепаты, якія перашкаджаюць распазнаць і ўбачыць Святло.

Спосаб жыцця Яна Хрысціцеля – жыць святлом, якім ёсць Езус Хрыстус, не засланяць Яго сабой, а паказваць іншым тое, што праўдзівае і непрамінальнае. Але ці ўсе мы жывём так, ці выконваем волю Божую так, як гэта рабіў Ян Хрысціцель?

Божае пакліканне для чалавека – гэта асаблівая місія, якую Бог падрыхтаваў для кожнай асобы, надзяліўшы пэўнымі талентамі, здольнасцямі і стварыўшы спрыяльныя абставіны жыцця. Бог, які ёсць любоў, няспынна кліча чалавека і чакае, што той адкажа Яму ахвотна і з любоўю. Пакліканне – гэта таямніца боскага выбару. У Бога ёсць унікальная задума адносна кожнага чалавека ў гісторыі збаўлення. Пан заклікае нас да цесных адносінаў з Ім, але таксама да вызначанага ладу жыцця. Езус кажа: “Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плён” (Ян 15, 16). І калі чалавек адклікаецца на Яго заклік, тады ён пачынае жыць у згодзе з Божай воляй, рэалізуючы Яго задуму.

Менавіта так жылі і дзейнічалі святары, якія раней служылі ў гарадоцкім касцёле: Нікадзім Казлоўскі (1925-1929, 1929-1934), Баляслаў Урублеўскі (ліпень – верасень 1929 года), Гедымін Пілецкі (1934-1937), Станіслаў Буднік (1937-1939) і Віктар Гагалінскі (1940-1943). Пра кожнага з іх можна расказаць асобную гісторыю.

Іх місію працягваюць святары з парафіі святога Казіміра – брат Ігар Колзун, брат Андрэй Жылевіч і брат Уладзіслаў Мінько, якія сваім энтузіязмам, руплівасцю і прыкладам вядуць людзей да Збаўцы. Яны паказваюць, што толькі той, хто ўмацоўваецца ў жывых адносінах з Хрыстом, хто пазнае Яго слова і разумее яго згодна з вучэннем Касцёла, будзе шчаслівы і дасягне Валадарства Нябеснага.

Працягвае гэтую прароцкую місію таксама невялічкая група гарадоцкіх вернікаў, якія прывялі ў належны выгляд гэтае святое месца і падрыхтавалі смачны пачастунак для гасцей. Яны мараць пра тое, што з цягам часу атрымаецца больш грунтоўна добраўпарадкаваць гэтую тэрыторыю, а таксама пахаванні святара і фундатараў даўняга касцёла, якія тут знаходзяцца.

Будзем памятаць, што словы, якія адносяцца да святога Яна Хрысціцеля, можна аднесці да кожнага з нас: «Перш чым сфармаваў цябе ва ўлонні маці, Я ведаў цябе, перш чым ты прыйшоў на свет, Я асвяціў цябе, прарокам для народаў устанавіў цябе» (Ер 1, 5). Таму, як святы Ян Хрысціцель, будзем імкнуцца верна iсцi за Хрыстом і сваімі словамі, паводзінамі і сведчаннем жыцця дапамагаць іншым сустрэць Збаўцу і стаць Яго вучнямі.

Капліца ў Гарадку жыве і піша ўласную гісторыю. Радасна на душы і хораша на сэрцы ад таго, што памяць пра касцёл і людзей, з ім звязаных, не страчана, а аднаўляецца і пашыраецца. Пакуль мы памятаем – мы жывём. І жывуць тыя, пра каго мы памятаем.