ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Свята пажылых людзей з удзелам арцыбіскупа Станеўскага зладзіў Caritas мінскай архікатэдральнай парафіі
- 30 ліпеня, 2024
- Тэкст: Алеся Гедроіц, фота: Дзмітрый Мельнікаў // Catholicminsk.by
27 ліпеня, у суботу, напярэдадні сусветнага Дня бабуль і дзядуль, які адзначаецца ў Касцёле ў чацвёртую нядзелю ліпеня, валанцёры парафіяльнага Caritas мінскай архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі зладзілі свята для старэйшых парафіян.
У гэты дзень каля архікатэдры з раніцы, нават за некалькі гадзін да пачатку свята, можна было заўважыць самых прыгожых, элегантна апранутых і бадзёрых, нягледзячы на ўзрост, бабуль і дзядуль, якія крок за крокам, як бы ні было цяжка ці камусьці нават балюча, ішлі да Хрыста, паказваючы прыклад веры і адданасці новым пакаленням.
Сутрэча з жывым Хрыстом адбылася падчас Эўхарыстыі, якая ёсць самай галоўнай падзеяй у святкаванні для веруючых. Напрыканцы Святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, які шчыра віншаваў усіх веруючых з надыходзячым святам, пробашч ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі запрасіў усіх прысутных застацца на далейшую частку мерапрыемства, якую падрыхтавалі валанцёры парафіяльнага Caritas.


Другая частка святкавання пачалася з віншаванняў і шчырых слоў ад пробашча, а таксама Ірыны Фаміной – супрацоўніка Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якіх прыстныя слухалі пад духмяную каву і прахалодныя самаробныя ліманады з пачастункамі. Хацелась б адзначыць і падзякаваць таксама нашым бабулям, якія не змаглі прыйсці на свята з пустымі рукамі і частавалі сваімі булкамі, блінамі і салодкімі прысмакамі.




Свята не было б такім цікавым і вясёлым без музыкі, таму да гасцей завітаў прафесійны саксафаніст Сяргей Канавалаў. І гэтыя цудоўныя гукі саксафона, якія агарнулі, паднялі і панеслі многіх у бесклапотным танцы, сталіся здзяйсненнем мараў для тых, хто даўно не знаходзіў нагоды для гэтага.


Спевы, песні юнацтва, якія суправаджалі бабуль і дзядуль па жыцці, загучалі ў цудоўным выкананні валанцёра парафіяльнага Caritas Крысціны Ефімовіч; яны адгукнуліся ў сэрцах прысутных і панесліся стройным хорам, так што ўсе спявалі, танчылі, пляскалі ў далоні.

Святкаванне дапоўнілі забаўляльная гульня з падарункамі, самыя шчырая ўсмешкі каля фотазоны, на якой кожны мог захаваць прыемны момант, размовы адзін з адным, анекдоты і дэманстрацыя талентаў ад прысутных. Нават Мітрапаліт Станеўскі і пробашч Пухальскі падарылі для прысутных песні ў сваім выкананні.


Напрыканцы на памяць бабулі і дзядулі атрымалі памятныя пернікі са словамі “Са знакам любові”, што з’яўляецца адным з дэвізаў працы валанцёраў Caritas, а такама кнігу ад Мітрапаліта, на якой многія прасілі ў аўтара аўтограф.
Развітваліся ўсе як у сапраўдная сям’і: доўга абдымаліся, жадалі адзін аднаму ўсяго найлепшага, са ззяючымі вачыма і радаснымі сэрцамі вярталіся дадому.


Парафіяльны Caritas архікатэдры ў Мінску дзякуе ўсім, хто дапамагаў у арганізаціі мерапрыемства і далучыўся да святкавання.