Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Сведкі веры: свецкія верныя. Частка першая

  • 11 лістапада, 2025
  • Catholicminsk.by

У нядзелю 9 лістапада Каталіцкі Касцёл адзначаў свята Пасвячэння Базылікі Святога Яна на Латэране — Маці ўсіх Касцёлаў свету. Менавіта з гэтай базылікі, як з сімвалічнага сэрца Касцёла, выплывае адзінства паміж усімі Касцёламі па ўсім свеце. У 2024 годзе Папа Францішак надаў гэтай даце яшчэ больш глыбокі сэнс: ён абвясціў, што з 2025 года 9 лістапада будзе днём ушанавання мясцовых сведак веры — святых, благаслаўлёных, а таксама тых, чыя слава святасці ўжо пацверджана гераічнасцю цнотаў — Слуг Божых. Гэта ініцыятыва не ўводзіць новага літургічнага свята, але запрашае нас адкрыць святасць, што расце на нашай зямлі і якія з’яўляецца жывым працягам той жа святасці, што натхняла пакаленні вернікаў ва ўсім свеце.

Разам з ксяндзом доктарам Яўгенам Вінтовым прапануем пазнаёміцца са Слугамі Божымі, звязанымі з тэрыторыяй сучаснай Беларусі.

Свецкія верныя:

1. Слуга Божы Эдвард Вайніловіч (1847–1928) — вядомы каталіцкі свецкі дзеяч, мецэнат і абаронца веры. Злучаў глыбокую веру з актыўнай грамадскай і дабрачыннай дзейнасцю, клапоцячыся пра адукацыю і дабро людзей. Найбольш вядомы як фундатар касцёла святога Сымона і Алены ў Мінску, узведзенага як вотум пасля смерці яго дзяцей. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі быў вымушаны эміграваць і памёр у Быдгашчы (Польшча). Яго парэшткі перавезены ў Мінск. У 2010 годзе распачаты яго беатыфікацыйны працэс.

2. Слуга Божая Каміла Мікалаеўна Крушэльніцкая (1892–1937) нарадзілася ў Баранавічах, навучалася ў Маскве і падтрымлівала духоўныя сувязі з маці Кацярынай Абрыкосавай. У 1930-х гадах у яе кватэры збіралася моладзь на рэлігійныя сустрэчы, за што ў 1933 годзе яна была арыштавана і асуджана на 10 гадоў лагераў. На Салаўках Крушэльніцкая захоўвала вернасць каталіцкай веры і падтрымлівала іншых вязняў. 27 кастрычніка 1937 года яна была расстраляна ў Сандармосе, прыняўшы смерць як сведчанне веры. Беатыфікацыйны працэс распачаўся 31 мая 2003 года, тытул справы — «Каталіцкія Навамучанікі Расіі».