Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Сведчанне маладога верніка пра Будслаўскі фэст 2026

  • 8 ліпеня, 2026
  • Фота аўтара // Catholicminsk.by

Сведчаннем свайго перажывання сёлетніх урачыстасцей Маці Божай у Будславе падзяліўся малады вернік Алесь Шаблінскі.

Нядаўна завяршыўся Будслаўскі фэст, важная падзея ў жыцці беларускага Касцёла. Я зноў быў у мінскай пілігрымцы, у якую хаджу з 2012 года.

Сёлетні год важны для Касцёла як юбілейны год святога Францішка — 800 год з дня транзітуса. Гэта адзін з маіх любімых святых, чый харызмат, здаецца, не менш важны цяпер, чым некалькі стагоддзяў таму. Мяне заўсёды асабліва кранала і прыцягвала ідэя абвяшчэння Евангелля прыкладам свайго асабістага жыцця.

Пілігрымка — гэта час, калі кожны з нас можа, маючы камунікацыю ў шляху са знаёмымі і незнаёмымі католікамі, застацца ў той жа час сам-насам са сваімі думкамі і паспрабаваць пачуць голас Езуса.

Было шмат радасных момантаў, былі таксама імгненні засяроджанасці. Маці Божая Марыя заўсёды з намі. Мы штодня звяртаемся да яе ў малітвах, просячы заступніцтва. І, тым не менш, пілігрымка важная як магчымасць ахвяраваць нягоды і выпрабаванні шляху дзеля Езуса. Я шмат разважаў пра тое, што, нягледзячы на маю асабістую недасканаласць, ганаруся тым, што Езус памёр за мае грахі на крыжы, як і за грахі кожнага. Гэта вельмі моцнае перажыванне. У штодзённым жыцці не заўсёды атрымліваецца ў поўнай меры сканцэнтравацца на гэтай найвялікшай таямніцы, якую мы зноўку можам перажыць падчас Імшы.

Кожны чалавек мае сваё ўласнае пакліканне, якое важна распазнаць, а потым ўзрастаць у ім. У чэрвені я наведаў рэкалекцыі ва Удзеле, дзе айцец Віктар Мялешка OFMConv вельмі дакладна і проста распавядаў пра гэты важны выбар. Асаблівым чынам мне запомнілася думка, што чалавек не павінен баяцца выбару. Айцец Віктар параўнаў момант выбару са знаходжаннем на возеры. Гэта стан чакання. У той час як ўзрастанне, паспяванне ў пакліканні, алегарычна можна атаясаміць з ракой, з рухам вады. Гэтай жа тэме былі прысвечаны некаторыя канферэнцыі айцоў хрыстусоўцаў падчас пілігрымкі.

У шляху я перажываў многія ўспаміны, не хапала некаторых людзей. Было асабліва прыемна бачыць і чуць мінскі катэдральны хор у Будславе на чале з, на маю думку, лепшымі арганісткай ды арганістам дыяцэзіі, Зосяй Голуб і Уладзімірам Неўдахам, а таксама з Віялетай Кучынскай ды іншымі харыстамі. Вельмі кранальны момант прадстаўлення пілігрымак. Хоць мне не заўсёды лёгка выказваць свае эмоцыі, але гэта было вельмі радасна і цёпла. Ліда, Маладзечна, Нарач, Мінск, Паставы, Глыбокае, Міёры, Браслаў, Наваполацк, Віцебск, Барысаў, Жодзіна, Ракаў, Баранавічы. У Будславе заўсёды асабліва яскрава адчуваецца адзінства Касцёла і яго ўніверсальны характар.

Сабраліся ўсе біскупы. Мне ўдалося асабіста прывітаць арцыбіскупа Тадэвуша, а таксама мітрапаліта і іншых біскупаў. Сёлета мы таксама адзначаем 35-годдзе аднаўлення структур Касцёла на Беларусі.

Зроблена сапраўды велізарная праца. Дзякуй вялікі ўсім, хто прычыніўся да гэтага, як жывым так і адышоўшым у вечнасць. Дзякуй, кардынал Казімір Свёнтэк. Дзякуй, біскуп Казімір Велікаселец.

Будынак касцёла ў Будславе кожны раз дзівіць сваёй веліччу. Гэта праява трыумфуючага Касцёла. Адкупленыя ахвярай Хрыста, мы просім Найсвяцейшую Панну Марыю дапамагчы нам знайсці дарогу да Яго. Разам ажыццявіўшы шлях у Будслаў да Яе як да сваёй Мамы, просім — Маці Божая Будслаўская, маліся за нас.