Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Розум багацее ад таго, што атрымлівае, а сэрца – ад таго, што аддае

20 красавіка
  • 22 красавіка, 2024
  • Тэкст: Сняжана Буцук, фота: з архіва парафіі св. Антонія ў Мар’інай Горцы

Часта валанцёры парафіі святога Антонія з Мар’інай Горкі дапамагаюць людзям, якія знаходзяцца ў патрэбе, адчуць Божую любоў. 

У дзень Рэспубліканскага суботніку, 20 красавіка, парафіяне са святаром працавалі, славячы Уваскрослага Езуса.

Гэтым разам іх шлях быў скіраваны ў вёску Бор, да Сіроткі Ядвігі Іосіфаўны.

Каля хаты сустракае невысокая сціплая жанчына з ледзь заўважнай ўсмешкай.

Ядвіга Іосіфаўна аўдавела амаль 27 гадоў таму. У пакоях мы назіраем абразы і шмат партрэтаў.

“Жылі спакойна. Абвенчаныя у касцёле былі. Некалі мы разам з мужам Міхаілам Віктаравічам працавалі на Мінскім футлярным заводзе”, – павольна расказвае Ядвіга Іосіфаўна.

“У гады Вялікай Айчыннай вайны ён удзельнічаў у партызанскім руху, сувязным быў. Пасля вызвалення Беларусі ваяваў далей, дайшоў да Берліна”, – дадае яна і дастае з палічкі невялічкую шкатулку, інкруставаную саломкай.

Бачым, з якой цеплынёй адкрывае яна яе і паказвае франтавыя ўзнагароды мужа. Сіротка Міхаіл Віктаравіч быў кавалерам ордэна Айчыннай вайны 2 ступені.

Пакуль гаспадыня ўспамінае сваю маладосць, хлопцы і мужчыны займаюцца добраўпарадкаваннем прыдамавой тэрыторыі. Ужо спілілі старыя дрэвы, носяць калодкі, колюць  дровы і старанна рамантуюць плот. А у хаце старанна прыбірае Наталля – добрая знаёмая па касцёлу Ядвігі Іосіфаўны. Прыехаў на наш суботнік і рупліва працуе Старшыня Пухавіцкага райвыканкама Атрушкевіч Андрэй Міхайлавіч.

Назіраючы за гэткай гурбой, гаспадыня, склаўшы свае натруджаныя за жыццё далоні, з слязьмі на вачах прыгаворвае нешта….

Прыслухоўваемся… “Тваёй абароне аддаёмся, Святая Багародзіца…”

На развітанне робім агульнае фота. Ядвіга Іосіфаўна са слязьмі на вачах шчыра дзякуе за дапамогу.

А мы вельмі спадзяемся, што наша моладзь, якая была на гэтым суботніку, зберажэ традыцыі старэйшага пакалення: любоў і павагу да Бога і бацькоў, да сям’і і да роднай зямлі. Дай Божа, каб розум маладых людзей узбагачаўся ад таго, што атрымлівае, а сэрца – ад таго, што аддае: цеплыню, клопат і дапамогу бліжняму.