Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Пілігрымы з Мінска наведалі знакавыя духоўныя цэнтры Еўропы

21–28 сакавіка
  • 31 сакавіка, 2025
  • Тэкст і фота: удзельнікі пілігрымкі Viam Dei // Catholicminsk.by

21–28 сакавіка група пад назваю Viam Dei — «Божым шляхам» — здзейсніла аўтобусную пілігрымку па святых мясцінах Польшчы і Венгрыі.

Група пілігрымаў была ўтворана пры парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой горцы ў Мінску. Духоўным кіраўніком вандроўкі стаў пробашч гэтай найстарэйшай каталіцкай парафіі сталіцы, ксёндз канонік Юрый Санько.

Першым прыпынкам на духоўным шляху стаў польскі Кракаў, які сустрэў гасцей сонечным надвор’ем, што дадаткова стварыла асаблівую атмасферу гэтага старажытнага каралеўскага горада. Пілігрымы наведалі санктуарый Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках і прынялі ўдзел у святой Імшы. Увечары падарожнікаў чакала цёплая сустрэча з вернікамі кракаўскай парафіі святога Стэфана і яе душпастырам. Нягледзячы на стомленасць, пілігрымы з радасцю прынялі ўдзел у супольная святой Імшы, спявалі песні і шчыра дзякавалі парафіянам за гасцінны прыём.

Наступным пунктам падарожжа стаў Будапешт, дзе пілігрымы наведалі адну з найпрыгажэйшых святынь Венгрыі — базыліку святога Іштвана. Веліч і багатае ўбранства храма глыбока ўразіла ўсіх прысутных і пакінула след у сэрцы кожнага з іх. Пасля Эўхарыстыі ў базыліцы для групы была праведзена экскурсія па найбольш значных месцах горада. Варта адзначыць, што Будапешт сустрэў пілігрымаў дажджом і пахмурным небам, але на наступны дзень хмары рассеяліся, і вандроўцы змаглі атрымаць асалоду ад вячэрняй воднай экскурсіі па Дунаі, яшчэ раз убачыўшы прыгажосці гэтага цудоўнага горада.

З Будапешта пілігрымы накіраваліся ў Пананхальму, дзе наведалі найстарэйшы дзеючы кляштар у Венгрыі — абацтва Пананхальма, таксама вядомае як арцыабацтва Святога Марціна Пананхальмы. Яно з’яўляецца гістарычным бэнэдыктынскім кляштарам, размешчаным недалёка ад горада Дзьёр у Венгрыі. Гэта адзін з найстарэйшых і найважнейшых кляштараў у Венгрыі, занесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Пілігрымы прынялі ўдзел у святой Імшы ў капітульным зале кляштара, а затым у суправаджэнні гіда пазнаёміліся з багатай гісторыяй гэтага месца, наведаўшы яго найбольш знакавыя аб’екты. Асабліва ўразіла пілігрымаў бібліятэка, якая існуе амаль столькі ж, колькі і само абацтва. Яе барочная зала з высокімі столямі, упрыгожаная фрэскамі і разьбой па дрэве, стварае велічную атмасферу. Доўгія паліцы, запоўненыя старадаўнімі кнігамі (агулам каля 400 000 тамоў), нібы перанеслі наведвальнікаў у іншую гістарычную эпоху.

Наступным прыпынкам стаў невялікі, але цудоўны горад Дзьёр, дзе пілігрымы таксама пазнаёміліся з мясцовымі цікавосткамі. Спакойная атмасфера, цішыня і нетаропкі тэмп гэтага месца далі магчымасць задумацца пра сапраўдныя каштоўнасці жыцця і пра важнасць часам спыняцца ў штодзённай мітусні, каб звярнуць увагу на тое, што сапраўды мае сэнс. Адной з найважнейшых і найпрыгажэйшых святынь гэтага венгерскага горада з’яўляецца юбілейная святыня — сабор Дзевы Марыі, таксама вядомы як архікатэдральны сабор Святой Дзевы Марыі і Святога Адальберта. Сабор уражвае сваім велічным фасадам у стылі барока, упрыгожаным скульптурамі святых. Інтэр’ер сабора таксама багата дэкарыраваны фрэскамі і разьбой. Асаблівую цікавасць у пілігрымаў выклікаў галоўны алтар, дзе знаходзіцца цудатворны абраз Дзевы Марыі. Менавіта там яны мелі асаблівую магчымасць пагрузіцца ў малітву і прыняць удзел у святой Імшы, адчуўшы духоўную моц гэтага месца.

Завяршальным пунктам вандроўкі «Божым шляхам» стала Чэнстахова, адзін з найважнейшых духоўных цэнтраў Польшчы, які штогод прыцягвае мільёны пілігрымаў. Галоўным месцам прыцягнення з’яўляецца Ясная Гара, у сэрцы якой знаходзіцца капліца Маці Божай, дзе захоўваецца знакамітая Чэнстахоўская ікона Божай Маці. Пілігрымы глыбока адчулі святую атмасферу гэтага месца і разам прынялі ўдзел ў велічнай малітве — Яснагорскім апэлі. Ніводнае сэрца не засталося абыякавым, калі ў святых сценах капліцы загучала малітва на роднай беларускай мове: «Вітай Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою».

На наступную раніцу пасля супольнай святой Імшы з чэнстахоўскімі вернікамі ў капліцы Маці Божай пілігрымы пачалі збірацца ў дарогу дадому.

Малітвы аб бяспечным вяртанні не сціхалі і ў аўтобусе, даючы кожнаму ўдзельніку час паразважаць над глыбокім сэнсам і значэннем гэтага духоўнага падарожжа, якое пакінула незабыўны след у іх сэрцах.

Падчас пілігрымкі быў напісаны наступны верш:

Піў Бог уранку каву з малаком
На ўрачыстасць Звеставання Пана,
Ксёндз Юрый вёў размову з салаўём,
І сонца ўсміхалась над гарамі.

Вось пілігрымы, ціхенька сабраўшыся ў дарогу,
Пакінуўшы і блізкіх, і свае дамы,
Малітвамі звяртаюцца да Бога
Каб загаіць усе раны роднае зямлі.

Адзін да аднаго становяцца бліжэй штодзённа,
Дапамагаюць усім з усмешкаю ў вачах
І дзеткі цешаць, ксёндз працуе плённа –
Такі ён, пілігрымаў шлях.

Складзём жа мы падзяку Пану Богу
За ўсё што была, будзе і што ёсць.
За велічну апеку Маці Божай,
Успомніўшы, што на зямлі ты толькі госць.

Узнясём жа мы малітвы да Нябёсаў,
Каб адчуваць цудоўных падарожжаў плён.
Павінны мы ахвяраваць на скрыжаванні нашых лёсаў,
Каб потым атрымаць у сваю далонь
З нябеснай вышыні:

Бадзёрасць кавы ў малітве,
Бязгрэшнасць думак,
Гарачасць сэрцаў,
Водар цішыні.
Вось так ідуць у пілігрымаў дні.

Усім дзякуй, і нанова
Хай нас чакае новая дарога,
Якая зноў і зноў вядзе да Бога
Ў Нябесны Край
Да вечнага жыцця…

(І. Драздоўская)