ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Парафіяльная супольнасць з Чавусаў, што на Магілёўшчыне, просіць аб дапамозе
- 31 студзеня, 2025
- Тэкст і фота: кс. Андрэй Кеўліч // Catholicminsk.by

Дарагія браты і сёстры!
Звяртаецца да Вас невялікая супольнасць Касцёла на Магілёўшчыне – парафія Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Маці Касцёла ў Чавусах Магілёўскага дэканату.
Магчыма, сама назва “Чавусы” Вам нічога занадта і не скажа… Невялікі раённы гарадок на ўсходзе нашай Бацькаўшчыны. Невялікая парафіяльная супольнасць, якая прагне славіць Бога ў сваёй святыні.
На працягу гісторыі нашага горада у ім было некалькі каталіцкіх святыняў.
Паводле даследванняў, кляштар кармелiтаў у Чавусах быў заснаваны Мiкалаем Казiмiрам Падбiпента ў 1653 годзе. Усе пабудовы першапачаткова былi драўлянымi. У 1747 годзе быў узведзены мураваны будынак храма і комплекс жылых кляштарных пабудоў.
Праз два гады пасля паўстання 1830-1831 гадоў кляштар быу скасаваны, а касцёл зачынены. Некаторы час святыня знаходзілася ў запусценні. Пазней яе перадалі пад юрысдыкцыю Праваслаўнай Царквы і асвяцілі як Уваскрасенскі сабор.
Пасля загаду расійскага цара Мікалая II «О укреплении начал веротерпимости» ў 1905 годзе жыхары Чавусаў пабудавалі новы касцёл Дзевы Марыі Каралевы. Ён быў з цэглы і не меў вежаў. Касцёл, пабудаваны ў стылі неаготыкі, меў арган.
Пры савецкай уладзе ў 1930-я гады сабор быў пераабсталяваны ў клуб, а ў часы Другой Сусветнай вайны храм быў зруйнаваны. Пасля вайны, падчас хрушчоўскай антырэлігійнай кампаніі канца 1950-х — пачатку 1960-х гадоў, святыня была разабрана на цэглу.
Ад вясны 1995 года каталіцкія вернікі сталі збірацца на могілках, дзе кожную суботу здзяйснялася літургія. З цягам часу была афіцыйна зарэгістраваная парафія Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Маці Касцёла. Зімой вернікі збіраліся на літургію ў прыватным доме, а восенню 1996 года ксёндз Караль Тамэцкі набыў дом, які людзі прыстасавалі пад часовую капліцу.
Пасля гэтага, стараннямі ксяндза Францішка Рудзя, у 1998 годзе распачалася будова душпастырскага цэнтра з касцёлам і жылой часткай. На жаль, па розных прычынах, справа была ў 2002 годзе фактычна замарожана…
Айцы піяры, якія выконвалі пастырскае служэнне ў Чавусах у 2007-2022 гадах, спрабавалі працягнуць будаўніцтва, але па розных прычынах гэтага зрабіць не атрымалася.
З ліпеня 2022 года парафіяй апякуецца ксёндз Андрэй Кеўліч, які з’яўляецца таксама душпастырам парафій Маці Божай Бялыніцкай у Горках, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мсціславе і дэканам Магілёўскага дэканату.
Сумеснымі сіламі спрабуем гэтую будоўлю зрушыць з месца. І сапраўды, калі атрымаецца, будзем мець дастаткова добрыя ўмовы для катэхізацыі, рознага тыпу спатканняў, а таксама, канешне, месца сустрэчы з Богам на малітве.
З 2022 года пры патрымцы арцыбіскупа Юзафа Станеўскага мы распачалі нанова ўпарадкаванне дакументацыі, звязанай з будовай, і не толькі. За гэты час удалося правесці наступныя працы:
- уладкавана капліца ў памяшканні паміж касцёлам і жылой часткай;
- усталявана лесвіца на другі паверх у жылой частцы (праўда, самі ступені часовыя, і лесвіца застаецца без пярылаў, хоць камплект для фінішнага мантажа ўжо закуплены);
- адрамантаваны памяшканні катэхетычнага класа, санвузла і калідора пры ўваходзе ў жылую частку;
- адрамантаваны памяшканні ў жылой частцы на 2-м паверсе;
- зроблены вадаправод, каналізацыя і электраацяпленне.
На жаль, працы з будынкам застаецца шмат. Калі паспрабаваць пералічыць тое, што трэба тэрмінова зрабіць на сённяшні дзень, атрымаецца наступны спіс:
- замена вакон у будынку касцёла;
- рамонт даху і вадасточнай сістэмы;
- уцяпленне даху ў касцёле і жылой частцы;
- рамонт уваходаў у будынак;
- гідраізаляцыя і ўцяпленне фундаментаў, замена адмосткі, усталяванне ліўнёвай каналізацыі;
- працяг тынкавання сцен у касцёле;
- рамонт плоту.
На жаль, нашыя ўласныя магчымасці вельмі сціплыя і абмежаваныя. Таму асмельваемся прасіць у Вас дапамогі і падтрымкі…
Просім найперш аб малітве, каб з Божай дапамогай мы змаглі, нягледзячы на розныя перашкоды, праблемы і цяжкасці, прывесці ў парадак тое, што належыць Касцёлу.
Просім Вас таксама аб дапамозе не толькі духоўнай. Магчыма, знойдуцца ахвотныя паўдзельнічаць у ініцыятыве, каб супольна дабудаваць касцёльны комплекс у Чавусах, дзякуючы дару сэрца і звычайнай неабыякавасці. Разам мы заўсёды можам зрабіць і больш, і лепш.
За кожнае ахвяраванне – дар сэрца, – скантактаваўшыся з ксяндзом Андрэем, можна атрымаць сімвалічную “цаглінку”, якая можа стаць знакам звычайнай салідарнасці і падтрымкі.
Другі Ватыканскі Сабор звяртае ўвагу на тое, што Касцёл ва ўсім свеце – гэта адна супольнасць веры, надзеі і любові, якая яднае паміж сабою вызнаўцаў Езуса Хрыста, хто б яны ні былі і дзе б ні знаходзіліся, а таксама што ў супольнасці мясцовага дыяцэзіяльнага Касцёла вызнаўцы Хрыста знаходзяць веру і літургію, выражаную моваю ўласнай культуры, шляхі любові, вызначаныя ў той сітуацыі, у якой яны жывуць, пачуццё братэрства ў Хрысце.
Каталіцкі Касцёл – гэта мы з Вамі. Мы ўсе за Яго адказныя. Давайце ж разам будаваць Яго бачную форму тут і цяпер, сёння, штодня.
Нумар тэлефону для сувязі:
+375298809919 (Viber);
E-mail:
andrej.kieulich@gmail.com (ксёндз Андрэй).
З дарам малітвы ад імя ўсёй парафіяльнай супольнасці ў Чавусах
ксёндз Андрэй Кеўліч
P. S. Рэквізіты для ахвяраванняў па спасылцы ТУТ>>>.