ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: На Сарафінавай гары ўшанавалі святога Антонія Падуанскага
- 16 чэрвеня, 2025
- Тэкст і фота: Антон Шыбіцкі // Catholicminsk.by

У пятніцу 13 чэрвеня адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар святога Антонія Падуанскага на Сарафінавай гары.
Гэтае незвычайнае месца, схаванае ў лесе, знаходзіцца каля вёскі Суцін Пухавіцкага раёна. Да 1939 года тут, на ўзгорку, стаяў драўляны касцёл Святога Антонія.
Традыцыйна ў гэты дзень сюды штогод прыязджаюць сотні людзей з розных куткоў Беларусі. Нават у савецкія часы, калі ўжо не было касцёла і ксяндза, людзі працягвалі збірацца ў Сарафіне. Яны прыходзілі з харугвамі і абыходзілі некалькі разоў вакол месца, дзе стаяў касцёл, спявалі песні і літанію да святога Антонія.

Аднак, на працягу апошніх 5 гадоў парафіяне з Мар’інай Горкі на чале з іх душпастырам займаюцца расчысткай і ўладкаваннем Сарафінавай гары. Год ад года іх намаганні па расчыстцы і добраўпарадкаванні тэрыторыі набіралі сілу, а бягучы год, названы ў Беларусі Годам добраўпарадкавання і адзначаны асаблівай увагай да аднаўлення гістарычна значных месцаў, стаў найбольш плённым. Кожны, хто прычыніўся да гэтай справы, мае сваё заданне: хтосьці пілуе дрэвы, хтосьці праполвае магілы, хтосьці знаходзіць надмагіллі і выкопвае іх з зямлі, а хтосьці іх аднаўляе і ставіць на месца. Напрыклад, Алег Шэлег прысвяціў свой талент святой справе: ён старанна аднаўляе знесеныя часам імёны і даты на старажытных помніках. Дзякуючы яго майстэрскаму пэндзлю і цярпенню, нашчадкі зноў маюць магчымасць лёгка знайсці і ўшанаваць магілы сваіх продкаў. Гэта не проста рэстаўрацыя каменя — гэта ўваскрашэнне імёнаў, вяртанне з нябыту цэлых сямейных гісторый.

Дзякуючы самаадданым намаганням вернікаў ужо расчышчана і прыведзена ў парадак каля чвэрці тэрыторыі Сарафінавай гары. Побач з месцам, дзе некалі ўзвышаўся касцёл святога Антонія, цяпер стаіць невялікая каплічка. У ёй ксёндз Сяргей Бараўнёў, які распачаў працы на гэтых старажытным месцы, і айцец Ануфрый Альховік OSPPE з Пінску, продкі якога былі ахрышчаны ў гэтым касцёле і пахаваныя на гэтых могілках, разам з ксёндзом пробашчам з Мар’інай Горкі цэлебравалі адпустовую святую Імшу, падчас якой усе прысутныя маліліся за памерлых тутэйшых жыхароў.

Пасля святой Імшы вернікі запрашалі святароў благаславіць магілы родных і разам за іх памаліцца.
І хоць зроблена ўжо вельмі шмат, працы на Сарафінавай гары яшчэ непачаты край. Лес усё яшчэ валодае большай яе часткай, многія помнікі чакаюць свайго часу і рук рэстаўратараў. Але парафіяне з Мар’інай Горкі поўныя рашучасці. Іх намер ясны і цвёрды: цалкам аднавіць Сарафінаву гару, вярнуўшы ёй статус паважанай святыні і месца малітоўнага пакланення святому Антонію Падуанскаму. Іх энтузіязм і вера — лепшая гарантыя таго, што гэты ўзнёслы задум ажыццявіцца.
Хай жа прыклад Сарафінавай гары натхніць многіх! Хай памножыцца па ўсім свеце колькасць адноўленых з руін святынь, помнікаў гісторыі і культуры, некалі адданых забыццю. І хай яшчэ больш стане людзей добрай волі, гатовых ахвяраваць свой час, сілы і сродкі дзеля вяртання да жыцця такіх астравоў памяці і веры. Бо ў іх адраджэнні — заклад захавання нашай агульнай гісторыі, духоўных каранёў і нятленных каштоўнасцяў, без якіх немагчыма ўявіць будучыню.















