ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Вернікі парафіі святога Казіміра ў Маладзечне здзейснілі аўтобусную пілігрымку па святынях Гродзеншчыны
- 11 ліпеня, 2024
- Тэкст: Таццяна Шумель, фота: Эрык Савянок
Вы – святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. І, запаліўшы светач, не ставяць яго пад пасудзінай, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме. Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах.
Мц 5, 14-16
Вандруючы па Беларусі, не перастаю адкрываць новыя куточкі з цікавымі людзьмі, багатай гісторыяй, цудоўнымі традыцыямі і звычаямі. Але найгалоўнейшай вандроўкай для кожнага хрысціяніна з’яўляецца пілігрымка – важны духоўны шлях, які дазваляе наблізіцца да Бога, атрымаць ласку і духоўнае абнаўленне. А сумеснае, нават няхай і аўтобуснае, пілігрымаванне вельмі аб’ядноўвае. Мне здаецца, так адбываецца і з нашай парафіяй святога Казіміра. Ва ўcім гэтым бачны Божы Провід, які дазволіў нам зладзіць ужо другую па ліку аўтобусную пілігрымку.
І гэта вельмі знакава і кранальна, што менавіта 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, вернікі касцёла святога Піо ў Маладзечне вырушылі ў дарогу.
Першы пункт, які мы наведалі, – руіны касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Роха ў Аборку (Маладзечанскі раён). Гісторыя вёскі і храма цесна звязана з такімі вядомымі шляхецкімі родамі, як Агінскія, Дадэркі, Ходзькі, Свентажэцкія, Канаржэўскія. Тут у свой час бывалі Тамаш Зан і Ян Чачот. Мы агледзелі таксама крыпту роду Ходзькаў-Дадэркаў, узгадалі гісторыю братоў контр-адміралаў Канаржэўскіх і памаліліся на могілках ля магіл сям’і Яна Канаржэўскага.
Далей мы наведалі касцёл Нараджэння Панны Марыі ў вёсцы Дуды (тут і далей – Іўеўскі дэканат, Гродзенская дыяцэзія) – драўляны барочны храм, які захаваўся з 1772 года і з’яўляецца яркім помнікам народнай архітэктуры.
Наперадзе нас чакаў горад Іўе – «беларускі Ерузалем». Нягледзячы на невялікія памеры былога мястэчка (упершыню згаданага ў 1444 г.), тут ёсць праваслаўны і каталіцкі храмы, стаяць татарская мячэць і будынак сінагогі. Благаслаўляе горад Езус Хрыстус, статуя якога велічна ўзвышаецца над Іўем. А яшчэ ёсць надзвычай цікавы музей нацыянальных культур.
Маршрут вёў нас далей, на аграгарадок Трабы. Асноўнай славутасцю Трабаў з’яўляецца касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, збудаваны тут у самым пачатку ХХ стагоддзя. Шкада, што ўнутр нам не ўдалося трапіць, але яго гісторыя і знешняе хараство нікога не пакінулі абыякавымі.
Пасля мы скіраваліся на Жамыслаўль, дзе сапраўдны след на зямлі пакінуў знатны род Умястоўскіх, дзе застаўся цудоўны палац сярэдзіны ХІХ стагоддзя – копія каралеўскай рэзідэнцыі ў Лазенках у Варшаве. Шпацыр па парку і цудоўныя віды на раку Гаўя дазволілі пілігрымам палюбавацца прыгажосцю нашай беларускай прыроды і крыху адпачыць.
Далей мы рушылі ў Суботнікі. Адна з назваў вёскі Суботнікі – Старыя Геранёны. Тут ёсць яшчэ адзін неагатычны храм – касцёл святога Уладзіслава (1904-1907 гг.). Наведалі мы і крыпту роду Умястоўскіх, фундатараў гэтай святыні. Уражанні незвычайныя!
Наступным нашым прыпынкам сталі Геранёны, у якіх з 1537 па 1542 гады жыла легендарная Барбара Радзівіл, выйшаўшы замуж за навагрудскага ваяводу Станіслава Гаштольда. Праз некаторы час пасля яго смерці ў маладой удавы закруціўся новы раман з каралевічам Жыгімонтам Аўгустам. Гэта каханне называюць “каханнем стагоддзя”, бо і цяпер яго гісторыя зачароўвае… І хоць ад старадаўняга замка Гаштольдаў да нашых дзён дайшлі толькі руіны, тым не менш замкавы касцёл святога Мікалая, напэўна, яшчэ памятае клятву вернасці саноўных мужа і жонкі. Ды і сам касцёл не ўступае сваёй багатай гісторыяй і прыгажосцю.
А далей мы накіраваліся ў Тракелі (Радунскі дэканат, Гродзенская дыяцэзія) – мястэчка, дзе знаходзіцца санктуарый Маці Божай. І хоць з выгляду 200-гадовы касцёл не асабліва ўражвае, у храме знаходзіцца цудатворны абраз Божай Маці Тракельскай, да якой кожнае лета сцякаюцца тысячы пілігрымаў. Прыпыніліся і мы, каб разам з братам Андрэем Жылевічам OFMCap прыняць удзел у святой Імшы і даверыць свае просьбы і падзякі Маці Божай.
Падчас казання брат Андрэй засяродзіў увагу на тым, што святыя апосталы Пётр і Павел мелі розныя характары і лёсы, розныя шляхі да Бога, аднак іх аб’ядноўвала тое, што яны абвяшчалі Евангелле ўсяму свету, даносілі да людзей праўду аб Уваскрослым і Жывым Хрысце. Так і мы сённяшняй пілігрымкай ідзём па слядах апосталаў.
Брат Андрэй заахвоціў, каб мы, адзначаючы ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла ў дарозе, зразумелі, што сіла і моц апосталаў – у Хрысце, без яго яны ні на што няздольныя. “У слабасці ўдасканальваецца моц чалавека”, – зрабіў вывад святар. Дзякуючы адданасці, ахвярнасці, веры апосталаў, мы можам таксама мець удзел у гэтай спадчыне Касцёла, як містычнага цела Хрыста, Божага Валадарства на зямлі…
Прагулка і смачная супольная вячэра ў Доме пілігрыма сталі цудоўным дапаўненнем да нашых духоўных перажыванняў.
А “разынкай”, якая завяршыла нашу пілігрымку стаў неверагодна прыгожы касцёл у Ліпнішках (Іўеўскі дэканат). На маю думку, гэта адзін з найпрыгажэйшых і найбольш велічных касцёлаў у Беларусі. Архітэктура неагатычнага касцёла святога Казіміра выклікае непадробнае захапленне і зачараванне.
З якiх нi вярталiся б толькi дарог,
Вяртаемся мы да духоўных вытокаў:
Легенд ды паданняў, што час нам збярог,
Паэзii мудрай – як неба, высокай…Сябе адчуваць пачынаеш наноў
Зямлi патрыётам – свабодным i годным…
…Святое – яно зразумела без слоў!..
Святое – яно ў Слове родным!.. (М. Курыла)
Шчыра дзякуем нашаму брату Андрэю Жылевічу, экскурсаводу Паўлу Каралёву і ўсім пілігрымам за гэты цудоўны, пазнавальны і малітоўны час нашай вандроўкі!
Святыя Пётр і Павел не былі ідэальнымі і найлепшымі, але Бог выбраў іх, і яны дазволілі Богу кіраваць сваім жыццём. Хочацца, каб і мы былі праўдзівымі як Пётр і Павел, рабілі нешта не дзеля Бога, але разам з Богам! Таму няхай святыя Пётр і Павел будуць для нас добрым прыкладам, а Езус кіруе нашым жыццём!
Упэўнена, наперадзе нас чакаюць новыя падарожжы на хвалу Пану Богу!