Skip to main content

Культ абраза Маці Божай Будслаўскай як ілюстрацыя дагмату Марыі Багародзіцы

  • 19 ліпеня, 2024
  • Catholicminsk.by

Працягваем публікацыю ў скарачэнні дыпломных прац сёлетніх выпускнікоў Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля.

Чарговая дыпломная праца па тэалагічнай дысцыпліне «дагматычная тэалогія» датычыць культу абраза Маці Божай Будслаўскай, які ўшаноўваецца вернікамі з усёй Беларусі і замежжа ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе (Мядзельскі дэканат) з пункту гледжання дагмату аб Божым Мяцярынстве Марыі.

Аўтар працы – Крысціна Ефімовіч, выпускніца Мінскага тэалагічнага каледжу, якая паходзіць з парафіі ў Будславе.

Уступ

Натхненнем для напісання дыпломнай працы было жаданне паказаць скарб Касцёла, якім з’яўляецца будслаўская святыня, і прасачыць дзеянне Бога ў гэтым месцы праз заступніцтва Маці Божай. Мы ўбачым важную ролю Маці Божай у жыцці веруючых людзей і Яе ўдзел у адраджэнні веры і рэлігійнай свядомасці ў Беларусі.

У 1992 годзе з’явілася даследаванне гістарычных дакументаў і матэрыялаў пра храм ў Будславе ксяндза прэлата Уладзіслава Завальнюка. Гэта даследаванне спрыяла пашырэнню культу Маці Божай Будслаўскай. Прысутнасць і заўзятая праца манахаў бэрнардынаў у Будславе мае вялікае значэнне і дагэтуль прыносіць духоўны плён.

Паходжанне святыні і гісторыя абраза Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе

Мястэчка Будслаў (былая Буда) размешчана на рацэ Сэрвач на землях былога Вялікага Княства Літоўскага, у Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства. Дзякуючы Люблінскай уніі гэтыя землі ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалітай. У выніку падзелаў Польшчы Будслаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Віленскай губерніі. Пасля аднаўлення незалежнасці Польшчы (1919-1939) ваколіцы Будслава ўвайшлі ў склад Віленшчыны (Вілейскі павет). Зараз Будслаў знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у Мінскай вобласці, у Мядзельскім раёне.

Сённяшні Будслаў — гэта невялічкі аграгарадок, але ён мае багатую гісторыю. На працягу сваёй гісторыі Будслаў з’яўляецца адным з самых папулярных марыйных санктуарыяў айцоў бэрнардынаў. У 1504 годзе князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр Ягелончык аддаў бэрнардынам 600 моргаў лесу ў Мінскім павеце паміж рэчкамі Сэрвач, Тураўка і Зуйка. У тым жа годзе манахі пабудавалі для сябе часовыя ша­ла­шы, якія называліся будамі, а таксама невялічкае памяшканне для цэлебравання святой Імшы і набажэнстваў. Пустэльня на Сэрвечы стала вельмі папулярнаю дзякуючы цудоўнаму аб’яўленню Маці Божай, якое адбылося каля 1588 года. Ужо ў 1589 годзе тут была пабудавана вялікая драўляная капліца для шматлікіх пілігрымаў і вандроўнікаў, што прыходзілі ў гэтае асаблівае месца. У ёй змясцілі абраз Адведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй святой Альжбеты, прывезены з Вільні. З таго часу гэтае месца пачало называцца Будаю і Будславам.

Шырока вядомая легенда так апісвае гэтыя падзеі: «Аднойчы ўзімку адзін з братоў бэрнардынаў, наглядаючы за кляштарнаю пло­шчаю, пасля аб’езду лесу вяртаўся пад вечар да сваіх будаў, і ноч напаткала яго ў лесе. Мароз і вецер былі жудасныя, ноч — цёмная, хоць вока выкалі, ваўкі вылі страшэнна. Бедны манах даверыўся Богу, дрыжучы ад холаду і страху… Ён не ведаў, блізка ці далёка яшчэ дадому, калі раптам заўважыў нейкае ззянне, як бы агонь нейкі, што свяціўся праз дрэвы. Узрадаваўся, хутка накіраваўся ў той бок, думаючы, што натрапіў, калі не на ўласныя буды, з якіх ніколі так не свяцілася, то на якое-небудзь іншае жыллё. Але як жа ён здзівіўся, калі, выбіўшыся вузенькай сцежкай з гушчару, апынуўся пад самаю сваёю капліцаю, а над ёю ўбачыў у незвычайным святле, нібы ў сонцы, выяву Маці Божай, менавіта такую, якая знаходзілася ў адным з алтароў ві­лен­скага касцёла.

З глыбокаю пашанаю пакланіўшыся гэтаму цудоўнаму аб’яўленню, ён пабег і разбудзіў братоў. Усе падняліся і на ўласныя вочы ўбачылі гэтае аб’яўленне; сталі на калені і маліліся, аж пакуль святло і абраз Маці Божай не зніклі. Манахі прыйшлі да высновы, што Багародзіца вызначыла гэта месца для асаблівай хвалы сваёй, і адразу ж паведамілі пра гэта здарэнне ў Вільню. Аб’яўленне паўтаралася некалькі разоў, а тым часам прыехалі кіраўнікі ордэна і пасля прысягі відавочцаў перавезлі сюды з віленскага касцёла абраз, які так цудоўна аб’явіўся…»

Абраз Маці Божай Будслаўскай

У бэрнардынскім касцёле Унебаўзяцця Панны Марыі ў Будславе ўжо больш за чатыры стагоддзі знаходзіцца абраз Маці Божай, шырока вядомы ў XVII–XVIII стагоддзі як цудатворны. У наш час імкліва адраджаецца яго шанаванне.

Хроніка кляштара сведчыць, што ў 1598 годзе абраз быў падараваны ў Рыме папам Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. У надпісе на дошцы абраза паведамляецца пра гэты факт, але дата падзеі не змешчана. Ваявода вельмі цаніў абраз і ў паходах заўсёды вазіў яго з сабою. Пасля смерці Паца ў 1610 годзе абраз застаўся яго капелану Ісаку Салакаю, які неўзабаве стаў даўгінаўскім вікарыем. У 1613 годзе у Вялікі чацвер і Вялі­кую пятніцу Салакай быў у Будзе. Узрушаны набажэнствам, а таксама просьбамі айцоў бэрнардынаў, якія ведалі пра прыгожы абраз, ён ахвяраваў яго касцёлу ў Будславе.

Абраз быў змешчаны ў драўляным касцёле і адразу стаў карыстацца пакланеннем простага люду, праславіўся цудамі і ласкамі, а ў 1635 годзе быў перанесены ў галоўны алтар на месца ранейшага абраза Адведзін Марыяй Альжбеты, які быў адпраўлены ў віленскі кляштар.

Для належнага размяшчэння цудатворнага абраза ў святыні быў пабудаваны уні­кальны алтар са шматлікімі скульптурамі, які захаваўся да нашага часу.

Тэалагічны змест абраза

Абраз Найсвяцейшай Панны Марыі з Дзіцяткам Езусам напісана алеем на палатне памерам 72/65 сантыметраў. Яна нацягнута на дошку, на адваротным баку якой захаваны надпіс з 1649 года, зроблены пры будаўніцтве алтара для новага тады, мураванага касцёла.

Будслаўская выява належыць да тыпу Адзігітрыі, але трактавана свабодна ў духу італьянскага Адраджэння (заходнееўрапейскія мадыфікацыі візантыйскага архетыпу). У левай руцэ Марыя трымае Дзіцятка Езуса, а правай паказвае Яго таму, хто глядзіць. Езус трымае гранат у левай руцэ і благаслаўляе паднятай правай рукой. Галава Маці Божай павернута налева, да Дзіцятка, але Яе позірк ідзе вышэй Яго галавы. Аблічча Маці Божай доўгае, з тонкімі рысамі. Характэрнымі рысамі абодвух твараў з’яўляюцца даволі глыбока пасаджаныя вочы і высокія тонка акрэсленыя бровы. Маці Божая апранута ў чырвонае адзенне з чырвоным плашчом, які пакрывае галаву. Мяккі белы шалік драпіруецца вакол твару і шыі і размешчаны дробнымі паўкруглымі зморшчынамі. Дзіцятка Езус апранута ў аліўкавую сукенку з закасанымі да локцяў пальчаткамі і жоўта-карычневым плашчом, які закрывае калені. Галовы абедзвюх фігур акружаны зіхатлівымі німбамі. Фон выявы гладкі і яркі.

Вобраз засланяе срэбная сукенка, якая даволі дакладна паўтарае размяшчэнне драпіровак арыгінальнага абраза. Яна зроблена з суцэльнага кавалка гладкага металічнага ліста ў задняй частцы і рэпусэ ў частках мантыі і німба.

На паверхні прымацаваны адзінкавыя ажурныя раслінныя матывы. На мантыі Маці Божай бачныя сагнутыя здвоеныя галінкі кветак. Паміж імі на паверхні прысутнічаюць таксама асобныя ўпрыгожанні, верагодна, звёны разабранага ланцужка. Край паліто ўпрыгожаны тонкім залацістым абадком. Падобныя галінкі, прымацаваныя да плашча Дзіцяткі Езуса, адрозніваюцца формай кветак, круглых і больш поўных, чым кветкі на плашчы Марыі. Форма німбаў, якія ў металічнай сукенцы складаюцца з чаргуючыхся прамых і палаючых промнях, крыху змянілася ў параўнанні з жывапісам. Гладкі фон пазалочаны, кругавыя фоны венчыкаў серабрыстыя, промні пазалочаныя. На галовах Марыі і Дзіцятка красуюцца выпуклыя закрытыя кароны, упрыгожаныя камянямі. На абразе Маці Божай ёсць, між іншым, біруза. Абраз абрамлены глыбокай разьбавой рамай з багатым ажурным дэкорам з пазалочанага срэбра. Акрамя дэкаратыўных элементаў, на ім ёсць рэльефныя фігуры святой Алены і святога Казіміра, змешчаныя пасярэдзіне даўжэйшых бакоў рамы.

Элемент на абразе, якога няма ў візантыйскай іканаграфіі, — гэта плод граната, які трымае Езус, — сімвал Яго Ахвяры на крыжы.

Ушанаванне абраза Маці Божай Будслаўскай

Гісторыя пілігрымак

Знамянальным для санктуарыя ў Будславе стаў 1992 год — год першага афіцыйнага паломніцтва да цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай, у якім удзельнічала 45 пілігрымак з 70 мясцовасцяў. Будслаўская святыня пачала адраджацца і развівацца. Колькасць пілігрымаў з кожным годам толькі узрастала.

У 1992 годзе была пададзена просьба ў Апостальскую Сталіцу аб наданні касцёлу ў Будславе тытулу Меншай Базылікі. Гэты тытул святыня атрымала ў 1994 годзе.

У 1996 годзе ў Будслаў зноў вярнуліся бэрнардыны.

2 ліпеня 1998 годзе цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай быў каранаваны папскімі каронамі. Адпаведны дакумент (брэвэ) дадзены ў Рыме 7 чэрвеня 1995 года. Абрад здзейсніў кардынал Казімір Свёнтэк. У святой Імшы, падчас якой адбылася каранацыя абраза, удзельнічалі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі, біскуп Аляксандр Кашкевіч з Гродна, біскуп Максімільян Дубраўскі з Каменец-Падольскага (Украіна), а таксама больш за 100 святароў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны.

З моманту першай афіцыйнай пілігрымкі прайшло шмат гадоў. З таго часу шмат што змянілася: усё больш пілігрымаў наведвала Будслаў, у 2003 годзе колькасць пілігрымаў дасягнула 30 тысяч. Рэлігійная свядомасць у Беларусі адраджалася. У 2004 годзе адзначаўся вялікі юбілей — 500-годдзе існавання Будслава з моманту выдання ў 1504 годзе каралеўскага прывілея. Юбілейны фэст, прысвечаны 400-годдзю знаходжання абраза Маці Божай у Будславе, адбыўся 5–6 ліпеня 2013 года і прайшоў пад дэвізам «Марыя — Маці нашай веры».

«Пілігрымка заўсёды была важнай падзеяй у жыцці хрысціян. Гэта сімвал індывідуальнага шляху верніка па слядах Збаўцы. Праз чуванне, пост і малітву пілігрым крочыць па дарозе хрысціянскай дасканаласці, імкнучыся прыйсці з дапамогай Божай ласкі (пар. Эф 4,13)».

Адметныя знакі

Абраз Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе пастаянна славіцца Божымі ласкамі. Як ужо гаварылася, сведчанні аб цудах праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай датуюцца XVII стагоддзем.

Вось некаторыя цуды, учыненные праз заступніціва Найсвяцейшай Панны Марыі, якія пералічваюцца айцом Элеўтэрам Зеляевічам у кнізе «Задыяк нябесны на зямлі»:

«Год 1617. У Богу вялебны айцец Язафат Тышкевіч, які цяпер служыць у святой Кангрэгацыі Айцоў Босых Кармелітаў, калі было яму 5 гадоў, цяжка захварэў па волі Божай, аслеп на абодва вокі і цэлы год нічога не бачыў. Калі ж засмучаныя бацькі яго — яго міласць Павел Тышкевіч, троцкі суддзя земскі, і яе міласць пані Цэцылія Асмольская — з вялікай надзеяй і верай у дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі прывялі Язафата ў Будслаўскі касцёл, то як толькі Язафат пераступіў парог касцёла, па ласцы Божай стаў бачыць і цяпер, як жывы сведка адбыўшагася тут цуду, застаўся ў кляштары і служэннем сваім дзякаваў Усемагутнаму Богу за такое цудоўнае аздараўленне».

«Год 1638. Дачка пана Яна Бужынскага, імем Зоф’я, 4 гады, у аўторак у святочны дзень упала ў сажалку і ўтапілася; і, шмат часу там прабыўшы, калі яе выцягнулі, уся ўжо счарнела, вочы выйшлі з арбітаў, не дыхала і так раздулася, што кашулю на ёй давялося разрэзаць. Калі ж бацькі з вялікім галашэннем і надзеяй прысвяцілі яе Найсвяцейшай Панне, дзяўчынка адразу ж вярнулася да жыцця, што адбылося на вачах многіх людзей, якія былі тады ў ягоным доме».

«Год 1643. Яго міласць пан Ян Валадковіч, падсудак мінскі, быў так цяжка паранены куляй, што лекары не спадзяваліся бачыць яго здаровым. Калі ж ён даў абяцанне ў Будзе і як толькі яго прынеслі на гэтае святое месца, дзякуючы заступніцтву Найсвяцейшай Панны адразу ж ачуняў. Вось фрагмент яго сведчання аб гэтым: «Дзякуючы заступніцтву Найсвяцейшай Панны я адразу ж ачуняў і зараз даю абяцанне да сканчэння веку на гэтым месцы бываць, на якім ў многіх абяцаннях маіх праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны адчуваў і адчуваю ласкі Божыя».

Ёсць і сучаснае сведчанне Аляксандра Фаміных 1994 года. Падчас урачыстасці ў Будславе 2 ліпеня 1994 года яго жыццё змянілася і ён атрымаў пакліканне да святарства. Адбылося гэта незвычайным чынам. Падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў кардынал Казімір Свёнтэк, калі галоўны цэлебрант сказаў: «Вось Баранак Божы…», Фаміных адчуў лёгкі штуршок да алтара і пачуў словы: «Ты павінен быць сярод іх» (гэта значыць, сярод прысутных пры алтары святароў). У гэты момант Аляксандр быў надзвычай здзіўлены, бо да гэтага часу ён хацеў мець сваю сям’ю. Пасля заканчэння тэалагічных навук Аляксандр паступіў у семінарыю ў Германіі.

У 2001 годзе Аляксандр, ехаўшы з групай на рэкалекцыі ў Шэметава, вырашыў наведаць санктуарый у Будславе. У Аляксандра былі хворыя, патрэсканыя ногі, і боль быў велізарны. Ён укленчыў у пустым храме і ўшанаваў Найсвяцейшую перад цудатворным абразом, нават не просячы аб вылячэнні ног. Калі група рухалася далей, Аляксандр заўважыў, што чагосьці не хапае. Аказалася, што ногі больш не баляць і ўсё зажыло.

Таму ёсць вялікая надзея, што незвычайныя падзеі, якія адбываюцца ў Будславе, стануць часткай гісторыі найважнейшых марыйных санктуарыяў свету.

Малітвы, спевы, паэзія

Марыйныя аб’яўленні адыгрывалі важную ролю ў літургічным кульце Марыі ў заходняй літургіі. У адпаведным дакуменце Касцёла напісана: «Гармонія знакаў (спеваў, музыкі, слоў і дзеянняў) больш красамоўная і плённая, калі выяўляецца ў культурным багацці, уласцівым народу Божаму, які цэлебруе літургію (…) Таму трэба старанна культываваць рэлігійны народны спеў, каб падчас набажэнстваў і нават падчас літургічных дзеянняў, згодна з нормамі Касцёла, гучалі галасы вернікаў».

Ніжэй будуць зацытаваныя малітва і спеў ў гонар Маці Божай Будслаўскай.

«Маці Божая Будслаўская, наша Пані і Каралева, мы, Твае падданыя, схіляючы пакорна перад Табою галовы, абяцаем, што заўсёды і ўсюды будзем вернымі Богу, Сыну Твайму, нашаму Збаўцы, вернымі Табе і Касцёлу.
З бязмежным даверам аддаем Табе ў апеку нас саміх, нашыя сем’і, нашыя парафіі, нашыя дыяцэзіі, наш Касцёл у Беларусі.
Аддаем Табе ў апеку нашых дзяцей, нашу моладзь і дарослых, асабліва хворых, церпячых, слабых, самотных, старых, пакінутых, сіротаў і ўсіх, каму патрэбныя дапамога, падтрымка і абарона.
Апякунка наша, Каралева наша, дапамагай нам, кіруй намі, апякуйся намі. Тваёй абароне аддаемся, Святая Багародзіца. Амэн».

«Марыя чувае над Белай зямлёй,
Каб сэрцы людзей атуліў супакой,
Каб душы для Бога раскрылі яны
I шчырую веру ў руках паняслі.
Марыя, Будслаўская Ты наша Маці-заступніца,
Ты скарбніца цудаў на нашай прыгожай зямлі,
Сабрала дзяцей Беларусі, Хрыстова Абранніца.
Малю, агнём веры ў сэрцах любоў распалі».