Skip to main content

Ксёндз Франц Рудзь разам са студэнтамі БДУ наведаў праваслаўную святыню ў Мінску

16 кастрычніка
  • 20 кастрычніка, 2025
  • Тэкст: кс. кан. Франц Рудзь / Фота ілюстрацыйнае // Catholicminsk.by

У межах міжканфесійнага праекта «Дыялог культур і рэлігій», які рэалізуецца гістарычным факультэтам БДУ, у чацвер 16 кастрычніка адбылася пазнавальная экскурсія ў праваслаўную парафію іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць», святыня якой знаходзіцца на вуліцы Прытыцкага ў Мінску.

Гэта месца з’яўляецца адным з духоўных цэнтраў сталіцы і ўключае ў сябе сабор, хрысцільную царкву, званіцу, капліцы і майстэрні, а таксама Мінскае духоўнае вучылішча.

Студэнты пазнаёміліся з гісторыяй і архітэктурай храмавага комплексу, даведаліся пра асаблівасці яго ўнутранага жыцця і адукацыйнай дзейнасці. Асаблівую ўвагу ўдзельнікі надалі ўнікальнай структуры парафіі, дзе духоўнае, адукацыйнае і сацыяльнае служэнне цесна пераплецены.

У мерапрыемстве прыняў удзел ксёндз канонік Франц Рудзь, які падкрэсліў значэнне такіх сустрэч:

«Дыялог паміж канфесіямі — гэта не толькі абмен ведамі, але і сведчанне павагі, адкрытасці і гатоўнасці слухаць адзін аднаго. Менавіта праз такія ініцыятывы моладзь вучыцца бачыць у рэлігійнай разнастайнасці не пагрозу, а багацце культуры і духоўнасці».

Праект «Дыялог культур і рэлігій» працягвае аб’ядноўваць студэнтаў, выкладчыкаў і прадстаўнікоў розных канфесій у агульнай справе — фарміраванню культуры ўзаемаразумення і павагі да духоўнай спадчыны Беларусі.