Skip to main content

Адбылася калядная сустрэча “Маргарытак”

  • 3 лютага, 2024
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант, відэа: Ірына Лукомская, фота: jan.by

1 лютага – першы чацвер месяца – быў днём малітвы аб новых святарскіх і манаскіх пакліканнях. У гэты дзень у мінскай парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ, у якой служэнне нясуць айцы-хрыстусоўцы, адбылася калядная сустрэча апостальскага руху “Маргарытка” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Нягледзячы на тое, што цяпер мы ў літургіі перажываем Звычайны перыяд, Касцёл дазваляе нам маліцца пры яслях Дзіцяткі Езуса і спяваць калядкі ажно да свята Ахвяравання Пана ўключна.

Першы чацвер у архідыяцэзіі – гэта дзень, калі пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце чытаюцца спецыяльныя малітвы аб пакліканнях. Набажэнства першага чацвярга месяца правёў айцец Уладзімір Марушэўскі SChr, парафіяльны вікарый. Удзел у адарацыі і малітве аб пакліканнях тых, хто моліцца ў “Маргарытках”, мае асаблівае значэнне. Іх заданнем з’яўляецца пажыццёвая малітва ў выбраны дзень (дні) тыдня за выбранага святара (святароў) ці кансэкраваных асобаў. Тым не менш, удзельнікі апостальскага руху не забываюцца давяраць Богу ў сваім прыватных малітвах тых, хто абраў шлях святарскай ці манаскай фармацыі, бо яны – будучыя святары ці законнікі.

Пасля адарацыі адбылася святая Імша, якую ўзначаліў архідыяцэзіяльны мадэратар “Маргарытак” кс. Павел Эйсмант. У разважанні падчас казання святар засяродзіўся на тэме паклікання кандыдатаў да святарства і манаства, яго паходжання, цяжкасцяў, з якімі сутыкаюцца пакліканыя, а таксама адказнасці ўсіх членаў Касцёла за справу новых пакліканняў. Расказваючы гісторыю паўстання апостальскага руху “Маргарытка”, прапаведнік моцна падкрэсліў, што малітва за новыя святыя пакліканні да служэння Богу і людзям у Касцёле таксама з’яўляецца маральным абавязкам усіх яго ўдзельнікаў.

Пасля святой Імшы прысутныя засяродзіліся на малітве пры бэтлеемскіх яслях. Падчас яе чыталіся фрагменты Святога Пісання і цытаты святых пра святарства, якія чаргаваліся з прыгожым спевам калядак у гонар уцелаўлёнага і народжанага Найвышэйшага і Вечнага Святара Езуса Хрыста.