Юрген Мольтман і «тэалогія надзеі»: хрысціянства, што глядзіць у будучыню
- 4 кастрычніка, 2025
- Падрыхтаваў: А. Яўген Голуб OFMConv / Фота: wikipedia.org // Catholicminsk.by

Ужо месяц як сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі ўкладваюць у галовы дзяцей і моладзі — будучыні нашай краіны — скарб ведаў. Распачаўся навучальны працэс таксама ў вышэйшай духоўнай семінарыі і беларускіх каталіцкіх каледжах, дзе вывучаюцца тэалагічныя прадметы. Тэалогія — гэта навука, галоўным прадметам якой ёсць Бог і праўды веры. Таму, карыстаючыся гэтай нагодай, а таксама Днём настаўніка, які сёлета адзначаецца 5 кастрычніка, распачынаем серыю публікацый пра тэолагаў — людзей, якія сваёй нялёгкай інтэлектуальнай працай, спалучанай з Божай ласкай і святлом Духа Святога, набліжаюць нам Бога ў праўдах аб Ім.

Найперш пазнаёмімся з адным з сучасных тэолагаў, якім быў нямецкі пратэстанцкі тэолаг Юрген Мольтман (Jürgen Moltmann). Ён распрацаваў канцэпцыю «тэалогіі надзеі», актуальнай у юбілейным годзе, прысвечаным надзеі. У гэтым нам дапаможа айцец Яўген Голуб OFMConv, францішканін, які служыць у Івянцы (Валожынскі дэканат).
Калі гаворка ідзе пра тэалогію XX стагоддзя, імя Юргена Мольтмана гучыць як сімвал пераасэнсавання хрысціянскага погляду на будучыню. Нямецкі тэолаг, што нарадзіўся ў 1926 годзе, перажыў жахі Другой сусветнай вайны, правеў гады ў палоне, і менавіта гэты досвед стаў для яго зыходным пунктам у пошуках сэнсу. Яго «тэалогія надзеі» — гэта не проста акадэмічная тэорыя, а хутчэй — жывая ідэя, якая натхняе хрысціян па ўсім свеце дзейсна і з надзеяй глядзець у будучыню. Давайце прыглядзімся, што робіць тэалогію Мольтмана такой асаблівай.
Ад палону да надзеі
Жыццё Мольтмана — гэта гісторыя перамянення. Малады нямецкі жаўнер, ён апынуўся ў брытанскім лагеры для палонных пасля заканчэння вайны. Там, сярод разбураных надзей і асабістага адчаю, ён упершыню сустрэўся з Бібліяй, якую падараваў яму капелан. Кніга Псальмаў і Евангелле паводле Марка адкрылі яму Бога не як далёкага Суддзю, а хутчэй — блізкага для церпячых. Гэты досвед стаў падмуркам яго тэалогіі: вера для Мольтмана — гэта не ўцёкі ад рэчаіснасці, але сіла, якая дапамагае яе перамяніць.
Пасля вайны ён вывучаў тэалогію ў Гёцінгене, а ў 1964 годзе апублікаваў сваю першую знакавую працу — Theologie der Hoffnung («Тэалогія надзеі»). Кніга стала сенсацыяй, бо ў ёй Мольтман прапанаваў новы погляд на хрысціянства ў эпоху, калі большасць сумнявалася ў яго актуальнасці.
Што ж такое «тэалогія надзеі»?
У адрозненне ад традыцыйнай тэалогіі, засяроджанай пераважна на мінулым (грэхападзенне, адкупленне) ці актуальным (уласнае збаўленне), Мольтман звяртае ўвагу вернікаў на будучыню. Ён сцвярджаў, што істота хрысціянства — у эсхаталогіі, гэта значыць у чаканні на Божае Валадарства. Але гэта не пасіўнае чаканне канца свету. Для Мольтмана надзея — гэта актыўная сіла, якая пабуджае людзей змяняць свет тут і цяпер.
Яго ключавая ідэя простая і адначасова наватарская: Бог — гэта не статычнасць, але Той, хто «надыходзіць». Уваскрасенне Езуса, паводле Мольтмана, — гэта не проста гістарычная падзея, а абяццанне будучага перамянення ўсяго свету. Гэтае «абяццанне» натхняе вернікаў да творчага аднаўлення ва ўсіх сферах жыцця, таму што прыйсце Божага Валадарства пачынаецца ўжо сёння праз іх дзеянні.
Церпячы Бог
Адна з самых смелых ідэй Мольтмана з’явілася ў яго творы Der gekreuzigte Gott («Распяты Бог», 1972). Паводле яго, Бог не проста назірае са спачуваннем за чалавечым цярпеннем, але суцерпіць разам з чалавецтвам. Крыж Хрыста — гэта знак таго, што Бог падзяляе боль свету. Гэта канцэпцыя «церпячага Бога» — заўжды «ў фонавым рэжыме» прысутная ў хрысціянстве яшчэ са старажытнасці — змяняе традыцыйнае перакананне дэістаў пра абыякавасць Створцы і прыносіць суцяшэнне тым, хто на сваім жыццёвым шляху сустракаецца з трагедыямі.
Для Мольтмана цярпенне Бога — праяўленне не слабасці, а любові. Бог не застаецца абыякавым да ўзброеных канфліктаў, беднасці ці экалагічных катастрофаў — Ён, прысутны і ў гэтыя моманты цярпення, абяцае выбаўленне з іх.
Надзея і сучаснасць
Мольтман не спыняецца на абстрактных разважаннях. Его тэалогія глыбока практычная. У кнізе Das Kommen Gottes («Прыйсце Бога», 1995) ён звязвае надзею з глабальнымі выклікамі: сацыяльнымі, экалагічнымі ці з міжрэлігійным дыялогам. Паводле Мольтмана, клопат пра навакольны свет — гэта частка хрысціянскай місіі, бо зямля таксама ўключана ў Божае абяццанне аднаўлення.
Яго ідэі знайшлі водгук у дыскусіях сярод хрысціянаў розных канфесій і далі новы імпульс у разважанні над тым, як вера можа дапамагчы адказаць на пытанні XXI стагоддзя.
Спадчына Мольтмана
Нягледзячы на тое, што Юрген Мольтман адышоў да Пана 3 жніўня 2024 года ва ўзросце 98 гадоў, яго уплыў на сучасную тэалагічную думку працягвае расці. Яго творы перакладзены на дзясяткі моваў, а ідэі цытуюць у пропаведзях, універсітэцкіх лекцыях і нават у межах поп-культуры: ад песень U2 да папулярных фільмаў «Хаціна» (The Shack, 2017) Уільяма Пола Янга ці «Дрэва жыцця» (The Tree of Life, 2011) рэжысёра Тэрэнса Маліка. Тэалогія надзеі стала мастом паміж акадэмічнай тэалогіяй і паўсядзённым жыццём вернікаў.
Мольтман нагадвае нам, што надзея — гэта не наіўны аптымізм, а мужнасць жыць у свеце, поўным супярэчнасцяў, з верай у яго надыходзячае перамяненне. Яго словы гучаць як выклік: «Хрысціянства — гэта не рэлігія эскапізму, а рэлігія будучыні». І пакуль свет сутыкаецца з новымі крызісамі, «тэалогія надзеі» застаецца маяком для тых, хто шукае ў гэтым цярпенні сэнс.