Юбілей 55-годдзя жыцця арцыбіскупа Станеўскага адзначылі ў Мінску
- 8 красавіка, 2024
- Тэкст: Catholicminsk.by, фота: Catholic.by
4 красавіка арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, адзначаў Юбілей – 55-ы дзень народзінаў. З гэтай нагоды ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша, якую ўзначаліў сам Юбіляр.
На Эўхарыстыі прысутнічалі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі Адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, сакратар Нунцыятуры ксёндз Кшыштаф Сэрока, святары, якія служаць у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, і прадстаўнікі іншых беларускіх дыяцэзій, кансэкраваныя асобы, сям’я Юбіляра, а таксама прадстаўнікі дзяржаўнай улады. Літургію святой Імшы ўпрыгожваў спевам хор “Голас душы” мінскай парафіі святых Сымона і Алены.
На пачатку эўхарыстычнай сустрэчы арцыбіскуп Станеўскі адзначыў, што яна адбываецца ў асаблівы час – у Актаву Вялікадня, калі Урачыстасць Уваскрасення Хрыста адзначаецца цэлых восем дзён. Тады, калі асаблівым сэнсам напаўняюцца словы папы Францішка, змешчаныя ў біскупскім гербе Мітрапаліта: “Christus vivit” – “Хрыстус жыве”, ёсць нагода падзякаваць Хрысту за дар збаўлення і жыццёвага паклікання не толькі для самога Юбіляра, але і для кожнага ўдзельніка Урачыстасці. Успамінаючы сваіх спачылых бацькоў, а таксама родных, блізкіх і святароў, якія стаялі ля вытокаў яго жыцця і служэння, арцыбіскуп Юзаф уключыў іх у малітоўную інтэнцыю цэлебраванай ім святой Імшы.
Казанне прамовіў біскуп Алег Буткевіч. У ім ён падкрэсліў, што Уваскрослы Хрыстус жыве не толькі ў сваім слове і Святой Камуніі, але таксама ў сваіх слугах – калісьці апосталах, а сёння – наступніках апосталаў. Іерарх параўнаў лічбу 55 гадоў жыцця Юбіляра, арцыбіскупа Юзафа, з сістэмай адзнак у школе. Калісьці дзве “5” былі два разы адзнакай “выдатна”, а цяпер, калі скласці іх разам, атрымаем сённяшнюю адзнаку “выдатна” – “10”.
Разважаючы над пакліканнем да біскупскага служэння Юбіляра, Біскуп Віцебскі прыпомніў словы Езуса Хрыста: “Вазьміце ярмо Маё на сябе… Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі” (Мц 11, 29-30). Ярмо ўскладаецца на жывёлу, якая павінна выканаць цяжкую працу, таму яно паводле самога акрэслення не надта прыемнае. Але Хрыстус кажа пра салодкае ярмо, цяжар якога лёгкі. Аднак, ёсць адна ўмова, пры якой гэта адбываецца – гэта любоў. Прымаючы на сябе адказнае заданне спачатку святарскага, а потым біскупскага служэння, сённяшняму Мітрапаліту было ўскладзена гэтае евангельскае “ярмо” – цяжар, які становіцца лёгкім дзякуючы любові, з якой добры пастыр падыходзіць да сваіх авечак. Біскуп Буткевіч пажадаў дастойнаму Юбіляру, каб служэнне Божаму народу заўсёды прыносіла радасць і каб юбілеяў жыцця было як мага больш.
Напрыканцы святой Імшы да арцыбіскупа Юзафа Станеўскага са словамі віншаванняў звярнуліся сакратар Нунцыятуры ксёндз Кшыштаф Сэрока, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Алег Буткевіч, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, прадстаўнікі святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця. Свае віншаванні склалі прадстаўнікі дзяржаўнай улады: Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, які прачытаў віншаванне Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай, прадстаўнік губернатара Магілёўскай вобласці Анатолія Ісачанкі, які прачытаў яго віншаванні. Дастойнага Юбіляра павіншавалі таксама ад імя семінарыйнай супольнасці рэктар Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Гродне ксёндз-канонік Віталій Вайцяхоўскі, прадстаўнікі нова створанай Асацыяцыі касцёльнага права, студэнты Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля. Былі прачытаны таксама віншаванні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта.
Пасля святой Імшы адбыўся канцэрт хору “Голас душы”. Напрыканцы сустрэчы гасцей чакаў смачны пачастунак.