Skip to main content

«Ідзі і адбудуй дом Мой»: у верасні Будслаў запрашае на Першы Францішканскі Кангрэс

19 верасня
  • 24 жніўня, 2026
  • Тэкст: бр. Павел Кузьміч OFMCap / Выява: huffingtonpost.it // Сatholicminsk.by


19 верасня Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай стане цэнтрам прыцягнення для ўсіх, хто шукае глыбіні веры і братэрскай еднасці. Першы Францішканскі кангрэс, які аб’яднае прадстаўнікоў усіх галін ордэна і свецкіх прыхільнікаў, абяцае стаць не проста мерапрыемствам, а сапраўднай духоўнай падзеяй года пад знакам юбілею святога Францішка з Асізі.

З нагоды Юбілейнага года святога Францішка браты францішкане ўсіх трох галін (OFM, OFMConv, OFMCap), Францішканскі ордэн свецкіх і супольнасць «ФМ Таў» запрашаюць 19 верасня ў Будслаў на свой агульнабеларускі форум — Першы Францішканскі кангрэс. Малітоўны сход пройдзе пад дэвізам «Ідзі і адбудуй дом Мой» (FF 1038) і стане прасторай для супольнага разважання над духоўнай спадчынай Асізскага Бедняка, братэрскай сустрэчы і праслаўлення Бога за дар ягонай харызмы Касцёлу і свету. 

Гэта выдатная магчымасць дакрануцца да невычэрпнай крыніцы францішканскай духоўнасці, пазнаць бліжэй постаць Святога з Асізі, а таксама пазнаёміцца з жыццём і дзейнасцю яго сучасных паслядоўнікаў на беларускай зямлі.

Удзельнікаў чакаюць не толькі новыя веды, але і сапраўдная супольнасць. Арганізатары падрыхтавалі насычаны дзень: ад урачыстай святой Імшы і тэматычных канферэнцый да малітвы адарацыі з разважаннямі і спевамі.

Асаблівую атмасферу ствараць тэатральнае прадстаўленне і канцэрт францішканскай музыкі. Акрамя таго, на тэрыторыі санктуарыя разгорнецца гасцінны намет «У капуцына» і кірмаш. Для найменшых удзельнікаў Caritas падрыхтаваў гульнявую пляцоўку, каб свята было цікавым для сем’яў з дзецьмі.

Цэнтральнай падзеяй кангрэсу стане святая Імша а 12.00, якую ўзначаліць Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Праграма кангрэсу

  • 10.00 — прыезд, рэгістрацыя, знаёмства;
  • 11.00 — канферэнцыя: «Актуальнасць францішканскай харызмы ў сучасным свеце»;
  • 12.00 — урачыстая Эўхарыстыя;
  • 13.00 — абед;
  • 14.00 — канферэнцыя: «Францішкане ў Беларусі: гісторыя і дзейнасць»;
  • 15.00 — адарацыя / забаўляльная праграма для дзяцей;
  • 15.40 —тэатральнае прадстаўленне «Гісторыя пра святога Францішка»;
  • 16.30 — канцэрт францішканскай музыкі;
  • 17.30 —літанія да святога Францішка і благаслаўленне рэліквіямі.

Як трапіць на кангрэс

Для ўдзелу ў мерапрыемстве неабходна да 10 верасня запоўніць анкету рэгістрацыі ў Google-форме па спасылцы або скарыстацца QR-кодам на афіцыйным плакаце ніжэй. Спасылка для рэгістрацыі ТУТ>>>.

Кантактная інфармацыя:

брат Вадзім+375 (29) 948 19 06

брат Павел+393 (52) 416 25 78  (Telegram, WhatsApp)

e-mail: br.vadzim@gmail.compawel07kuzka@gmail.com

За навінамі можна сачыць у Instagram: @budslau_congress_2026

Арганізатары сардэчна запрашаюць да ўдзелу ў кангрэсе.