Хрыстус Уваскрос! Вялікдзень у мінскай катэдры (+фотарэпартаж рэзурэкцыйнай працэсіі)
- 5 красавіка, 2026
- Фота: Мікіта Яфрэмаў // Catholicminsk.by
5 красавіка, у Велікодную нядзелю, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
Святкаванне «свята святаў» распачалося рэзурэкцыйнай працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамэнтам па вуліцах, прылеглых да катэдры. Пасля працэсіі вернікамі быў адспяваны старажытны ўрачысты гімн «Цябе, Бога, праслаўляем» і адбылося благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Чытанне з Евангелля паводле святога Яна яшчэ раз нагадала аб праўдзівасці і намацальнасці Пасхальнай таямніцы: Хрыстус сапраўды ўваскрос, яго гроб пусты (пар. Ян 20, 1-9), і гэта падмурак веры і надзея кожнага хрысціяніна.

У сваёй велікоднай гаміліі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што Уваскрослы Хрыстус — гэта святло, якое перамагае не толькі смерць, але любую цемру.
«На Вялікдзень, у першы дзень тыдня раніцай, Бог сказаў: “Няхай будзе святло”. Гэтай раніцы папярэднічала ноч на Аліўнай гары, пакуты і смерць Езуса… Жыццё мацнейшае за смерць, дабро мацнейшае за зло, любоў мацнейшая за нянавісць, праўда мацнейшая за хлусню», — прагучала ў прамове.
Арцыпастыр навучаў, што Хрыстус вызваляе нас ад смерці і тым самым вызваляе ад усялякіх чалавечых страхаў з-за хваробы, цярпенняў, несправядлівасці. Акрамя гэтага, Уваскрасенне Хрыста пераадольвае межы ў нашым рэлігійным жыцці, усяляе адвагу ў спалоханыя сэрцы.
— акцэнтаваў прыгажосць блізкіх адносін з Богам арцыбіскуп.

Прамоўца працытаваў словы Папы Льва XIV: «Уваскрасенне — гэта не помста і не адплата ворагам. Гэта цудоўнае сведчанне таго, як любоў можа паўстаць пасля паразы».
— сказаў арцыпастыр і заклікаў жыць і дзяліцца сведчаннем пра Хрыста.
Завяршылася цэлебрацыя ўрачыстым благаслаўленнем, удзеленым Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім супольна з архімандрытам Сяргеем Гаекам, Апостальскім адміністратарам для грэка-католікаў у Беларусі.





































